Выратавалі камізэлькі

У ГАРАЧАЕ надвор’е так натуральна, што людзі імкнуцца правесці час адпачынку ля вадаёмаў, атрымаць асалоду ад прахалоды вады, уволю паплаваць. Рыбаловы-аматары таксама стараюцца як мага эфектыўней выкарыстаць летнія месяцы для любімага занятку. Але, як паказвае практыка мінулых гадоў і сітуацыя, якая складваецца на вадаёмах сёлета, многія грэбуюць правіламі паводзін на вадзе і не выконваюць элементарныя меры бяспекі. А гэта прыводзіць да трагічных вынікаў.
Напружаным быў для выратавальнікаў Мядзельшчыны мінулы тыдзень. Начальнік выратавальнай станцыі «Мядзел» Дзмітрый Мялешка расказвае:
— 14 чэрвеня ў 8 гадзін 15 мінут на станцыю паступіла паведамленне ад  рыбакоў пра тое, што з возера Мястра даносяцца крыкі аб дапамозе. Выратавальнікі без прамаруджвання адправіліся туды. Праз пяць мінут яны былі ва ўрочышчы «Вароты», гэта паміж вёскай Качаргі і ракой Скема, у двух з паловай кіламетрах ад нашай станцыі. Прыбыўшы на месца здарэння, убачылі двух мужчын. Яны боўталіся ў вадзе і трымаліся за перакуленую лодку. Мы хутка паднялі церпячых бедства на катэр, сабралі іх рыштунак і даставілі на бераг.
Не далі мужчынам патануць выратавальныя камізэлькі, якія былі на іх, а таксама выручыла і тое, што лодка была новая, пластыкавая і не танула. Абодва рыбакі жывуць у Мядзеле. Мужчыны былі абсалютна цвярозыя, але паўнаватыя. Гэта, напэўна, і адыграла сваю ролю. Няўдала павярнуліся ў лодцы, вось яна і перакулілася. Ды яшчэ ўзрост — кожнаму па 62 гады…
На гэты раз усё абышлося. А вось 18 чэрвеня вада не даравала ігнараванне мер бяспекі. Трагедыя разыгралася ў 18 гадзін на возеры Мядзел непадалёку ад турстаянкі «Слукі». Трое мужчын на маторнай лодцы лавілі рыбу. У некаторы момант лодка перакулілася і адразу пайшла на дно. Гора-рыбакі паплылі ў бок бліжэйшага вострава, а гэта метраў 300. Два былі дужэйшымі і лепш умелі плаваць, таму ім удалося дабрацца да сушы. А вось трэці патануў.
Ім аказаўся 34-гадовы жыхар курортнага пасёлка Нарач Аляксандр Фарына, які працаваў на РВУП «Мядзельская ЖКГ». Загінуў малады мужчына, без бацькі засталіся трое малалетніх дзяцей. Прычына трагедыі — цэлы букет парушэнняў: лодка не мела плывучасці, суднавадзіцель і пасажыры былі без выратавальных камізэлек, няправільныя паводзіны людзей у лодцы…
На мінулым тыдні мы выязджалі на Вілейскае вадасховішча на пошук і пад’ём тапельца, якім аказаўся 27-гадовы жыхар Вілейшчыны.
За тыдзень намі выратаваны два чалавекі, шэсць папярэджана, у тым ліку чатыры дзіцяці.
— Што патрэбна рабіць, каб вада не стала бядой? — цікаўлюся.
— Асноўнымі прычынамі трагедый па-ранейшаму застаюцца парушэнне правілаў паводзін і мер бяспекі на вадзе, няўменне плаваць і купанне ў неўстаноўленых месцах і, канечне, ужыванне спіртных напояў.
Варта адзначыць, што з мэтай папярэджання гібелі людзей на вадзе штогод праводзіцца добраўпарадкаванне пляжаў, уборка смецця і ачыстка дна акваторый ад пабочных прадметаў, прымаюцца меры па абсталяванні пляжаў нагляднай агітацыяй з тлумачэннем мер бяспекі і правілаў паводзін.
Каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў на вадзе, трэба памятаць асноўныя правілы і меры бяспекі: купацца варта не раней, чым праз 1,5-2 гадзіны пасля прыёму ежы; небяспечна купацца ў нецвярозым стане, у забароненых і неўстаноўленых месцах; выходзіць у плаванне на няспраўнай ці не абсталяванай выратавальнымі сродкамі лодцы. Не ўмеючы плаваць, нельга карыстацца лодкамі, надзіманымі сродкамі, не абсталяванымі спецыяльнымі прыстасаваннямі для плавання. Патрапіўшы ў моцнае цячэнне, трэба паспрабаваць па ім наблізіцца да берага. Заблытаўшыся ў водарасцях, нельга рабіць рэзкіх рухаў і рыўкоў. Лепш легчы на спіну і паспрабаваць з дапамогай спакойных плаўных рухаў выплыць у той бок, адкуль прыплылі. Нельга купацца ў адзіночку, у цёмны час сутак, пры моцных хвалях, скакаць у ваду ў месцах з невядомай глыбінёй і рэльефам дна, заплываць за буйкі і далёка ад берага. Трэба разлічваць свае сілы. І ні ў якім разе не пакідаць дзяцей ля вадаёмаў без нагляду, — адказаў Дзмітрый Тадэвушавіч.
Застаецца сказаць, што артыкулам 23.63 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжана адказнасць за купанне ў забароненых месцах у выглядзе штрафу ад адной да трох базавых велічынь.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.


23 чэрвеня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_06-040 06-012 Касцёл у Засвіры   Царква ў Крывічах

Пабрацімы Мядзела