Нашы настаўнікі і дарадцы

Бібліятэка спалучае ў сабе культурны, асветніцкі, інфармацыйны і адукацыйны цэнтры, гэта храм ведаў, захавальніца духоўных і нацыянальных каштоўнасцей народа. Праца бібліятэкара, на першы погляд, можа здацца нескладанай, але на самай справе гэта не так: прафесія патрабуе быць адданай ёй, любіць кнігу, самаразвівацца, сачыць за падзеямі, якія адбываюцца не толькі ў краіне, але і за яе межамі. Асобныя наведваюць установу, каб не толькі ўзяць кнігу або часопіс, але і каб пагутарыць, абмеркаваць набалеўшыя пытанні. А таму работнік бібліятэкі павінен быць адукаваным, душэўным і неабыякавым чалавекам. Менавіта аб такіх людзях, ветэранах бібліятэчнай справы, якія працавалі ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Танка, хочацца сёння ўспомніць.

У аддзеле абслугоўвання чытачоў з 1967 года працавала Ірэна Іосіфаўна Рымашэўская. Яна пераехала са сваёй сям’ёй у Мядзел следам за мужам, якога перавялі сюды на работу ў рэдакцыю раённай газеты. Шмат намаганняў прыклала жанчына, каб бібліятэка стала сапраўдным ачагом культуры, каб у ёй было ўтульна і прыгожа. Фларыстыка, макрамэ, кветкаводства — гэта толькі невялікая частка таго, чым яна цікавілася ў сваім жыцці. Адной з першых разам з супрацоўнікам раённага перыядычнага выдання Міхаілам Трафімавічам Чарняўскім займалася зборам матэрыялаў пра гісторыю Нарачанскага краю і яго працавітых людзей. У рабоце была настаўнікам моладзі, сябрам для чытачоў. Старанная, няўрымслівая Ірэна Іосіфаўна заслужыла павагу і ўдзячнасць калег па працы. Па сутнасці ўсё жыццё жанчыны звязана з бібліятэчнай справай. Нават пасля выхаду на пенсію яна доўгі час шчыравала ва ўстанове, толькі ўжо прыбіральшчыцай. Падтрымлівала чысціню і парадак у памяшканнях, была мудрым дарадцам для больш маладых супрацоўнікаў.
Добрым спецыялістам і душэўным чалавекам з’яўляецца Зінаіда Макараўна Асаевіч. Сваю працоўную дзейнасць у раённай бібліятэцы пачала ў 1983 годзе ў аддзеле камплектавання і апрацоўкі літаратуры, а праз некалькі месяцаў была пераведзена ў аддзел абслугоўвання чытачоў, дзе працавала да красавіка 2013 года. Зінаіда Макараўна сама вельмі любіла чытаць, добра ведала фонд, які складаў каля пяцідзесяці тысяч адзінак. Да кожнага наведвальніка ўстановы мела свой падыход, магла параіць патрэбную кнігу, зацікавіць новымі выданнямі. Вельмі шчырая, добразычлівая, працавітая, дысцыплінаваная — такой мы ведаем Зінаіду Макараўну.
Амаль 30 год працоўнай дзейнасці Іны Уладзіміраўны Бабкевіч звязана са сферай культуры. Доўгі час была інспектарам аддзела, а ў 2007 годзе перайшла на работу ў раённую бібліятэку. Іна Уладзіміраўна наладзіла дзейнасць нестацыянарных форм абслугоўвання чытачоў у горадзе і ў раёне, добрасумленна і старанна выконвала ўскладзеныя абавязкі. Гэта вельмі шчырая, уважлівая да людзей, добрая і спагадлівая ў адносінах да калег, начытаная і проста прыгожая жанчына. Пасля таго, як пайшла на заслужаны адпачынак, наведваецца ў бібліятэку ў якасці чытача.
Кожны ведае, што работа з дзецьмі — вельмі адказная справа: менавіта ў юным узросце закладваюцца асновы самастойнага, дарослага жыцця. Галоўная задача бібліятэкара — прывіць хлопчыкам і дзяўчынкам любоў да кніг, жаданне праз іх пазнаваць сусвет. Такімі сакрэтамі выдатна валодала Клара Сцяпанаўна Фірага, якая працавала ў дзіцячай бібліятэцы з 1971 па 2008 гады. Шмат увагі бібліятэкар удзяляла правядзенню мерапрыемстваў, якія пастаянна вызначаліся цікавай тэматыкай і высокай прафесіянальнай
падрыхтоўкай. У сваёй рабоце цесна супрацоўнічала з педагогамі і бацькамі. На працягу многіх год яна кіравала лялечным тэатрам “У Лукоморья”, які быў створаны па ініцыятыве загадчыка аддзела культуры Уладзіміра Іосіфавіча Казакевіча, а таксама тэатрам экалагічнай кнігі “Экоша”.
Работа бібліятэкі не абмяжоўваецца толькі абслугоўваннем наведвальнікаў установы. Каб кніга дайшла да чытача, яе трэба заказаць, апрацаваць і толькі пасля гэтага выдаць на рукі. Такой адказнай справай займаецца аддзел камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі адзінага бібліятэчнага фонду. Яго першым загадчыкам (з 1979 па 1997 год) была Надзея Піліпаўна Таразевіч. Сваю працоўную дзейнасць у сферы культуры пачала ў 1958 годзе на пасадзе загадчыцы Слабодскай сельскай бібліятэкі. З 1962 года працавала інспектарам раённага аддзела культуры, а ў 1974-ым перайшла на работу ў раённую бібліятэку. Паспяхова і з вялікай адказнасцю адносілася да сваіх абавязкаў, праяўляла творчую ініцыятыву, удасканальвала формы бібліяграфічнага абслугоўвання наведвальнікаў установы. Надзея Піліпаўна вылучалася дысцыплінаванасцю, прынцыповасцю, высокім прафесіяналізмам. Такой яна і засталася ў памяці многіх з нас.
Галіна Адамаўна Звяруга нарадзілася і жыла ў Мінску, але па волі лёсу пераехала ў Мядзел, уладкавалася на працу ў раённую бібліятэку. Пасля цэнтралізацыі стала вядучым спецыялістам аддзела камплектавання. Галіна Адамаўна вяла адзін з самых складаных участкаў — была сістэматызатарам. У яе абавязкі ўваходзіла класіфікацыя кніг, вядзенне бібліятэчных каталогаў і картатэк. Каб выконваць гэту работу належным чынам, неабходна было ведаць усе новаўвядзенні, выдатна арыентавацца ў зменах бібліятэчнай класіфікацыі. З гэтай задачай Галіна Адамаўна спраўлялася выдатна, бо любіла справу, якой займалася, укладвала ў яе душу.
Шмат цёплых слоў заслугоўвае Валянціна Віктараўна Кандрашкіна, бібліятэкар аддзела, шчырая і добрая жанчына. Нарадзілася ў Расіі, ва Ульянаўскай вобласці, там атрымала бібліятэчную адукацыю. У 1984 годзе разам з мужам-ваенным пераехала ў Мядзел. З гэтага часу і пачаўся працоўны шлях Валянціны Віктараўны ў аддзеле камплектавання раённай бібліятэкі. Яна займалася бібліяграфічным апісаннем дакументаў, вядзеннем сумарных кніг уліку бібліятэчнага фонду. Дзякуючы сваім асабістым якасцям спрыяла стварэнню атмасферы добразычлівасці і эмацыянальнага камфорту на працы, заўжды прыходзіла калегам на дапамогу. Валянціна Віктараўна шмат чытала і чытае цяпер, займаецца самаадукацыяй, цікавіцца з’явамі прыроды, жыве ў гармоніі з сабой і з навакольным светам.
З 1967 па 2005 год у цэнтральнай раённай бібліятэцы працавала Галіна Альбертаўна Сухарукая — надзвычай цікавы, з тонкім пачуццём гумару чалавек. З 1980 па 1997 год узначальвала аддзел арганізацыі, выкарыстання бібліятэчнага фонду і міжбібліятэчнага абанемента, а з лютага 1997-га з’яўлялася галоўным бібліятэкарам аддзела камплектавання. Захаванасць бібліятэчных фондаў, арганізацыя планавых праверак, праверак-перадач бібліятэчных фондаў, арганізацыя ўнутрысістэмнага абмену — гэта пералік службовых абавязкаў Галіны Сухарукай, якія яна выконвала з адказнасцю і прафесіяналізмам. У калектыве карысталася аўтарытэтам: да яе меркаванняў, заўваг заўсёды прыслухоўваліся. Яна магла адстаяць сваю пазіцыю, заступіцца пры неабходнасці за калегу. За гэтыя чалавечыя і душэўныя якасці Галіну Альбертаўну ўсе паважаюць і цяпер.
Не толькі граматным спецыялістам, але чулым, добразычлівым чалавекам запомнілася супрацоўнікам цэнтральнай раённай бібліятэкі Зінаіда Паўлаўна Нарэйка. Сваю працоўную дзейнасць ва ўстанове пачала ў 1981 годзе. Разам з Галінай Альбертаўнай Сухарукай адказвала за захаванасць фондаў. Правядзенне праверак, складанне актаў на спісанне літаратуры, вядзенне каталогаў-індыкатараў, а потым і арганізацыя камерцыйнага фонду — кароткі пералік абавязкаў спецыяліста. Працавітасць, спагадлівасць, гатоўнасць ісці на кампраміс — галоўныя рысы гэтага шчырага чалавека. І на заслужаным адпачынку яна працягвае працаваць, толькі ў іншай сферы.
Усё сваё жыццё прысвяціла бібліятэчнай справе Ганна Пятроўна Захарэвіч — сціплы, працавіты, шырокай душы чалавек. З 1972 года працавала ў бібліятэках раёна, а з моманту цэнтралізацыі — у раённай бібліятэцы. Больш за 20-ць год была бібліятэкарам, затым — загадчыкам аддзела маркетынгу, а з 2004 працуе ў аддзеле камплектавання. За час работы Ганна Пятроўна асвоіла ўсе бібліятэчныя працэсы і ўчасткі: апрацоўка, камплектаванне, каталагізацыя, абслугоўванне чытачоў, метадычнае кіраванне. Вельмі ўважліва адносіцца да сваіх калег, гатова падтрымаць кожнага ў цяжкую хвіліну добрым словам і сваімі пацешкамі-прымаўкамі. Ганна Пятроўна — вялікая гумарыстка і вельмі пазітыўны чалавек.
Мэтанакіраваная, руплівая, патрабавальная. Гэтыя словы пра Людмілу Сяргееўну Мацко, якая больш за 40 год свайго жыцця шчыруе на ніве культуры азёрнага краю. Прыемна, што спецыяліст запатрабаваны і сёння. Актыўна вывучае бібліятэчны вопыт іншых бібліятэк як нашай краіны, так і замежжа, укараняе яго ў практыку работы цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Людміла Сяргееўна — аўтар і складальнік шэрагу метадычных матэрыялаў, распрацоўшчык мэтавых комплексных праграм і тэматычных нарад. За шматгадовую працу, высокі прафесіяналізм неаднаразова адзначалася падзякамі і Ганаровымі граматамі.
Шаноўныя калегі! Мы, сённяшнія работнікі бібліятэкі, ганарымся тым, што з’яўляемся вашымі пераемнікамі. Вы заўсёды будзеце для нас прыкладам вернасці і адданасці абранай прафесіі, узорам добрасумленнасці, адказнасці і высокага прафесіяналізму. Здароўя вам, шаноўныя ветэраны, міру, дабра, душэўнай цеплыні!

А. НАРЭЙКА.
Старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры.



23 чэрвеня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Культура

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

84 Касцёл у Засвіры   Царква ў Крывічах wjx6x-f4hhi

Пабрацімы Мядзела