Стаўка на сянаж

ГАЛОЎНАГА агранома АСП «Вузлянка» Аляксандра Корзюка сустрэлі на сенажаці непадалёку ад вёскі Капусцічы. Тут працавала шмат тэхнікі. Аўтамабілі «МАЗ» з кузавамі, напоўненымі сянажнай масай, адзін за адным пакідалі палетак і бралі накірунак у бок вёскі Пузыры.
— Аляксандр Вайцехавіч, раскажыце пра ход корманарыхтоўкі? — прашу агранома.
Ён крыху падумаў і распавёў:
— Стараюцца хлопцы працаваць з максімальнай аддачай. Кожны разумее, калі будуць кармы, можна разлічваць на важкія вынікі работы жывёлаводаў. А задача перад механізатарамі пастаўлена даволі напружаная. Сёлета запланавана нарыхтаваць для грамадскага статка 740 тон сена, 4364 — сенажу, у тым ліку 1400 тон у полімернай упакоўцы і 4500 тон сіласу. Травы першага ўкосу займаюць плошчу ў 800 гектараў. На касьбе стараннем і руплівасцю вызначаецца вопытны механізатар Валерый Масевіч, за якім замацаваны агрэгат «КГ-6» («Палессе»). Ён скасіў травы на плошчы прыкладна 500 гектараў. Заўваг па рабоце гэтага дбайнага хлебароба няма. Яшчэ на касьбе траў задзейнічаны Яўген Садоўскі, які кіруе трактарам у агрэгаце з дыскавай касілкай «КДН-210». А вось на падборцы правяленых валкоў эфектыўна эксплуатуе кормаўборачны комплекс механізатар Андрэй Грышкевіч. У выніку ў сярэднім за дзень закладваем 250-300 тон сянажнай масы.
Каб атрымаўся якасны корм, сянажную масу неабходна добра ўтрамбаваць.
Аляксандр Вайцехавіч зазначыў, што гэту важную справу даручылі таксама адказным механізатарам.
— Днём на трамбоўцы працуюць Юрый Гурло і Аляксандр Кавалёнак, за якімі замацаваны «Амкадор» і «МТЗ-3022». А ў начны час іх змяняе Максім Бохан, які таксама кіруе трактарам «МТЗ-3022», — кажа аграном.
— Ці назапашваеце сена? — пытаюся.
— З сенам пакуль працуем слаба. Асноўныя сілы накіравалі на папаўненне запасаў сенажу. На адвозцы сянажнай масы задзейнічана шэсць транспартных адзінак. Найбольшым стараннем і руплівасцю вызначаюцца вадзіцелі аўтамабіляў «МАЗ» Вікенцій Ермаковіч, Вячаслаў Клямяціч, Леанід Роўда, а таксама механізатар Леанід Грышкевіч, які кіруе трактарам «МТЗ-1532» у агрэгаце з прычэпам «ПІМ-40». Ёсць у нас два памочнікі і з ПМС. Ім таксама дзякуй за старанне, — чую ў адказ.
На другім ускрайку палетка заўважыў рулоны сенажу, запакаваныя ў поліэтыленавую плёнку. Не мог не запытацца, хто з механізатараў заняты гэтай справай.
— Зграбаюць траву ў валкі механізатары Мар’ян Садоўскі і Сяргей Апанасевіч. Затым уключае ў работу свой «МТЗ-82» у агрэгаце з прэс-падборшчыкам «Ферабокс» Віктар Грышкевіч. А вось заключны этап гэтай важнай справы даручаны дбайнаму механізатару Анатолію Захарэвічу, у якога трактар «МТЗ-952» з абмотчыкам рулонаў, — тлумачыць Аляксандр Вайцехавіч.
З далейшай размовы даведаўся, што сянаж закладваюць ля фермы «Пузыры». У першы дзень заклалі амаль 200 тон масы. А ўсяго ёмістасць гэтай траншэі каля дзвюх тысяч тон.
— Рабочы дзень у нас пачынаецца ў сем раніцы і заканчваецца ў 22 гадзіны. Усе члены корманарыхтоўчага атрада забяспечаны харчаваннем. Смачныя абеды гатуюць старшы повар Тамара Вярцінская і яе памочніца Наталля Нямковіч. Дарэчы, Наталля разам з вадзіцелем Уладзімірам Грышкевічам дастаўляе ежу на сенажаць, дзе працуюць людзі, — кажа на развітанне аграном. — Нараканняў з боку хлебаробаў не паступала.
Дзякуючы дружнай і зладжанай рабоце механізатары ўжо нарыхтавалі 68 тон сена і 2932 тоны сенажу, у тым ліку ў полімернай упакоўцы 503 тоны.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымках: 1. Вадзіцель аўтамабіля «МАЗ» Вікенцій Ермаковіч; 2. Механізатары Анатолій Захарэвіч і Віктар Грышкевіч на сенажаці ля вёскі Капусцічы.
Фота аўтара.


17 чэрвеня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_06-040 на Блакітных азёрах        wjx6x-f4hhi 0-178

Пабрацімы Мядзела