Адпачынак — на карысць

НА Мядзельшчыне стартавала летняя аздараўленчая кампанія, якая працягнецца да 20 жніўня. Праходзіць яна ў рамках рэспубліканскай акцыі “Лета на карысць”.
Як расказала вядучы спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ніна Самко, падчас кампаніі ў раёне плануецца аздаравіць 693 навучэнцаў. У першую чаргу гэта магчымасць прадстаўляецца дзецям-сіротам, якіх 25 у спісе жадаючых, дзецям-інвалідам (аздараўленне пройдуць 10 чалавек), а таксама дзецям з малазабяспечаных, шматдзетных сем’яў і іншым. Запланавана работа 16 лагераў з дзённым прабываннем (з іх 5 — працы і адпачынку). Некаторыя з іх вырашана было аптымізаваць, таму дзеці са Старагабскага ВПК д/с-СШ адпачываюць на базе Слабодскай СШ імя А. Гурыновіча, з Нарацкай СШ №1 — на базе школы курортнага пасёлка, княгінінскія вучні — у Крывічах, а старлыгскія — у Сырмежы.
На базе Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі раёна створаны профільны 9-дзённы лагер для дзяцей-інвалідаў, на базе гімназіі-інтэрната — кругласутачны працы і адпачынку для дзяцей з 14-ці гадоў. Два 18-дзённыя лагеры з кругласутачным прабываннем працуюць у Старлыгах для дзяцей з прыёмных і шматдзетных сем’яў і на базе гімназіі-інтэрната. А на турбазе “Лотва” арганізуецца работа 4-х перасоўных палатачных лагераў.
Традыцыйна на Мядзельшчыне арганізоўваецца работа профільных лагераў, дзе абраны лінгвістычны, экалагічны, турыстычны накірункі. Што тычыцца лагераў працы і адпачынку, то частка дзяцей будзе занята на праполцы лекавых раслін у аптэкарскім садзе, падлеткаў з Крывічоў чакае фермерская гаспадарка “Антэй-сад”, дзе спеюць клубніцы, а Будслаўскія школьнікі прымуць пасільны ўдзел у падрыхтоўцы аграгарадка да ліпеньскага рэлігійнага фэсту.
Дзяржавай гарантавана фінансаванне аздараўлення дзяцей, і гэта адлюстроўваецца на даступнасці кошту пуцёвак. Напрыклад, бацькам дзіцяці 6-10 гадоў за пуцёўку ў лагер з дзённым прабываннем (18 дзён) трэба заплаціць 276 тыс. 700 рублёў (дзяржаўная датацыя складае 660 тыс. рублёў), а адпачынак у кругласутачным 18-дзённымлагеры бацькам дзіцяці 11-13 гадоў абыдзецца ў 574 тыс. 500 рублёў (дзяржаўная датацыя — 1 млн 600 тыс. рублёў). На набыццё пуцёвак для дзяцей-інвалідаў, дзяцей-сірот, з апякунскіх, шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў з мясцовага бюджэту выдзелена 67 млн 330 тыс. рублёў.
Для кожнага лагера распрацаваны праекты змен і дадаткова ўключаны мерапрыемствы, прысвечаныя Году культуры, 71-й гадавіне Перамогі, супрацьпажарнай бяспецы, па замацаванні правілаў дарожнага руху, прафілактыцы шкодных залежнасцей. Умовы, створаныя для летняй аздараўленчай кампаніі, даюць падставу меркаваць, што адпачынак будзе яркім, насычаным, карысным і цікавым.
…Шмат спраў у выхаванцаў аздараўленчага лагера “Сонейка”, які разгарнуў дзейнасць у Крывіцкім ВПК д/с-СШ. У “Парку адпачынку” (так называецца праект змены) няма калі сумаваць, бо, згодна з легендай, якую прыдумалі аўтары ідэі, занядбанае месца трэба ажывіць, надаць яму прывабны выгляд. Вось і стараюцца хлопчыкі і дзяўчынкі: актыўным удзелам у разнастайных мерапрыемствах спрыяюць аднаўленню “парка”. Дырэктар лагера Інэса Лётка паведаміла, што яшчэ адметнасцю сёлетняга адпачынку дзяцей стала своеасаблівае навучанне фінансавай граматнасці выхаванцаў. Кожны дзень дзеці за актыўнасць, добрыя паводзіны, выдатны апетыт, сон, акуратнасць зарабляюць бонусы ў выглядзе манетак. А ў суботу арганізоўваецца “Вясёлы кірмаш”, дзе за заробленыя “грошы” можна купіць тавары — закладкі, ручкі, алоўкі, блакноты, размалёўкі і г. д. Дробязь, але 6-10-гадовым пакупнікам вельмі падабаецца быць самастойнымі ў такой адказнай справе як трата “грошай”. На думку Інэсы Уладзіміраўны, гэта добры вопыт для дзяцей —  самім зарабіць і патраціць, хоць і ў форме гульні. Адзначыла дырэктар лагера і згуртаваную, адказную работу настаўнікаў як мясцовых, так і з Княгінінскай СШ, бо сёлета яны працуюць разам. Гэта Людміла Лётка, Алена Калясень, Таццяна Клімовіч і іншыя. Менавіта дзякуючы іх старанням дзеці з задавальненнем наведваюць “Парк адпачынку”, каб набрацца сіл, цікава і з карысцю правесці час.
Іна ЯРЧАК.
Фота аўтара.


17 чэрвеня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

0-170 Касцёл у Засвіры   Касцёл у Шэметава   возера Мястра

Пабрацімы Мядзела