На варце здароўя

НАПЯРЭДАДНІ прафесійнага свята мы наведаліся на Рэспубліканскае санаторна-курортнае ўнітарнае прадпрыемства «Санаторый «Белая Русь» Дэпартамента фінансаў і тылу Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь» і пагутарылі з намеснікам дырэктара здраўніцы па медыцынскай частцы Інэсай РУСАК і галоўнай медыцынскай сястрой Марыяй ШУБІНАЙ:
— Размову хачу пачаць з таго, што першых наведвальнікаў наш санаторый прыняў у маі 1988 года. З таго часу кожны год тут адпачываюць і ўмацоўваюць здароўе 7,5-8 тысяч чалавек. За мінулы год, напрыклад, 30 працэнтаў ад агульнай колькасці наведвальнікаў склалі супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў краіны. Важна адзначыць, што адпачываюць не толькі жыхары Рэспублікі Беларусь, але з Расіі, Літвы. Прыязджаюць да нас з ЗША, Канады, Польшчы. Прычым некаторыя па 5-7 разоў, — расказвае Інэса Яўгенаўна.
— Які медыцынскі профіль вашай здраўніцы? — пытаюся ў суразмоўцы.
— Хваробы сістэмы кровазвароту, органаў стрававання, касцёва-мышачнай сістэмы і злучальнай тканкі. Па выніках атэстацыі 2011 года здраўніца ацэнена як санаторна-курортная ўстанова для дарослых першай катэгорыі, — чую ў адказ.
— Ці вялікі калектыў медработнікаў працуе ў санаторыі?
— Восем урачоў, 40 медсясцёр і 38 чалавек малодшага медыцынскага персаналу. Урачы — гэта тэрапеўты, функцыянальнай дыягностыкі, ультрагукавой дыягностыкі, рэфлексатэрапеўт і стаматолаг-тэрапеўт. Калектыў дружны, зладжаны, вопытны, высокакваліфікаваны. Усе сапраўдныя прафесіяналы. Цяжка выдзеліць каго-небудзь асобна, — працягвае размову Інэса Яўгенаўна.
І тым не менш, яна назвала галоўную медсястру Марыю Шубіну. З дня адкрыцця санаторыя яна тут працуе. 17 гадоў займала пасаду паставой, а апошнія 11 гадоў завіхаецца галоўнай медсястрой. Медсёстры найбольш кантактуюць з пацыентамі. Урач прызначыў лячэнне, а працэдуры штодзённа адпускаюць менавіта яны.
— Каго з падначаленых вы хочаце адзначыць? — пытаюся ў Марыі Іванаўны.
— Ды ўсіх. Кожны заслугоўвае пахвалы за старанне і руплівасць. Па выніках работы за мінулы год, напрыклад, фотаздымак медсястры Іны Шукейла, якая ў здраўніцы з дня адкрыцця, занесены на раённую Дошку гонару. Папаўняецца калектыў і маладымі работнікамі. Напрыклад, масажыст Максім Брыль вельмі добры, адказны чалавек, сумленна выконвае службовыя абавязкі, прафесіянальна адносіцца да даручанай справы. Ён прайшоў перападрыхтоўку і здаў экзамены на другую кваліфікацыйную катэгорыю, — чую ў адказ. —  Яшчэ другую катэгорыю нядаўна атрымала медсястра фізіятэрапіі Вольга Ермаковіч. Дзве медсястры Алена Церахава і Марына Кадушкевіч атрымалі першую кваліфікацыйную катэгорыю. А вось медсёстры Ганна Давідовіч і Дар’я Янцавіч зараз праходзяць перападрыхтоўку ў Мінску. Яны таксама павысяць свае кваліфікацыйныя катэгорыі.
З далейшая размовы даведаўся, што ў санаторыі 6 чалавек сярэдняга медыцынскага персаналу маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю (на чале з галоўнай медсястрой), 18 — першую, 5 — другую. Тут пастаянна праводзіцца вучоба кадраў. Кіраўніцтва здраўніцы шмат увагі надае пытанням умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы. 25 мая закончаны рамонт водагразелячэбніцы. Тут устаноўлены новыя сучасныя ванны з гідрафарсункамі. З густам аздобленыя керамічнай пліткай сцены садзейнічаюць расслабленню і рэлаксацыі. Гасцінна расчыніў дзверы кабінет  спеліатэрапіі, якая карыстаецца попытам. Увогуле, пра навінкі здраўніцы можна расказваць шмат і даволі доўга.
Па хадайніцтву адміністрацыі з нагоды Дня медыцынскага работніка ўшанаваны ўпраўленнем унутраных спраў Мінгарвыканкама ўрач-тэрапеўт Галіна Бініцэвіч, медсястра-дыетолаг Міраслава Палубядка, масажыст Максім Брыль, палатная санітарка Вольга Шукейла. Правамі намесніка міністра начальніка Дэпартамента фінансаў і тылу МУС Рэспублікі Беларусь ушанаваны ўрач стаматолаг-тэрапеўт Таццяна Рудзянкова, медсястра фізіятэрапеўтычнага аддзялення Алена Церахава, медсястра другой катэгорыі па масажы Таццяна Паляніна. Шэраг медработнікаў заахвочаны дырэкцыяй здраўніцы.
— Што вы хочаце пажадаць падначаленым, калегам з іншых здраўніц курорта і ўсім медработнікам раёна з нагоды прафесійнага свята? — пытаюся ў Інэсы Русак і Марыі Шубінай.
— Жадаю не толькі добрага здароўя, але і душэўнага спакою, міру і дабрабыту, ладу ў сем’ях. Каб было не толькі свята для прафесіі, а кожны адчуваў сябе шчаслівым у сваёй прафесіі, — адказала Інэса Яўгенаўна.
— Згодна з такімі пажаданнямі. А яшчэ — каб усе былі шчаслівыя і радасныя, каб ва ўсіх быў добры настрой. Хачу пажадаць поспехаў у працы, ад якой залежыць самае дарагое, што ёсць у чалавека — здароўе, — дадала Марыя Іванаўна.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
 
Фота аўтара.


17 чэрвеня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Медыцына

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

0-170 Касцёл у Шэметава   Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай Царква ў Крывічах

Пабрацімы Мядзела