“Проста працую…”

НЯДАЎНА стала вядома, што Старагабскі фельчарска-акушэрскі пункт па выніках мінулага года стаў лаўрэатам абласнога агляду якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. Не абы-якая нагода, каб напісаць пра загадчыцу, праўда? “Я ж не дзеля ўзнагарод працую, — супраціўляецца Наталля Будзько. — І не для таго, каб у газету трапіць. Напішыце лепш пра каго іншага”. (Сціпласць уласціва многім сапраўдным прафесіяналам і проста добрым людзям — не заўважалі?)  Я ж цвёрда стаю на сваім, прашу, пераконваю — і Наталля Барысаўна неахвотна саступае…
— Колькі чалавек працуе на ФАПе?
— Два. Акрамя мяне, ёсць санітарка на палову стаўкі — Алеся Грузд. Добрая жанчына, працавітая. І памяшканне ў нас вялікае, і двор. Клумбы дагледзець трэба, траву падкасіць — спраў ёй хапае. Працуем у сяброўскай абстаноўцы.
— І вынік вашай працы заўважаны на абласным узроўні…
— Такі вынік — не толькі наша заслуга. Вельмі дапамагаюць раённыя спецыялісты. Заўсёды магу звярнуцца да намесніка галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва Святланы Міхайлаўны Бароўкі, загадчыцы акушэрскага аддзялення Наталлі Аляксандраўны Сцепаненкі, раённага педыятра Святланы Леанідаўны Надтачэевай… Да галоўнай медсястры Алены Віктараўны Куцкевіч. У кансультацыі ніхто не адмовіў. Хацелася б усім ім падзякаваць. Асноўнае ж лячэнне ажыццяўляецца ў цэнтральнай раённай бальніцы. Наша задача — выявіць хваробу, аказаць першую даўрачэбную дапамогу. Я прадстаўнік першаснага звяна, проста працую.
— Раскажыце, калі ласка, пра ўчастак, які абслугоўваецца фельчарска-акушэрскім пунктам.
— Цяпер на ўчастку жывуць 394 чалавекі. З кожным годам усё менш: насельніцтва мігрыруе ў гарады. Маладых сем’яў няшмат. Адно дзіця да года. Адна цяжарная… Школа тут добрая, калектыў выдатны — а вучняў мала зусім. У дзіцячым садку ўсе ўмовы створаны, абсталяванне ёсць, тэрыторыя прыгожая — а ў ім чатырнаццаць малых…
— У загадчыцы ФАПа, мабыць, служба дні і ночы?.. Зноў жа, да многіх вёсак далёка…
— Не так усё страшна. Гэта калі толькі пачынала працаваць — тэлефонаў не было, хворых на конях прывозілі.
А цяпер амаль кожная сям’я мае аўтамабіль. Так што асаблівых праблем няма. Па Старых Габах на выклікі хаджу пешшу. Трэба ў іншыя вёскі — звычайна па мяне прыязджаюць на машыне. Калі такой магчымасці няма — звяртаюся да мужа, ён падвозіць на сваім транспарце.
— Наталля Барысаўна, а чаму сталі медыкам?
— Мне было гадоў пяць ці шэсць, калі татава сястра падаравала дзіцячы  “Набор Айбаліта”. У сябровак наборы таксама былі, але просценькія, з кардону… А такі шыкоўны — толькі ў мяне! Пачала лячыць лялек. А калі была школьніцай, бацькі сябравалі з сям’ёй урачоў — і мне захацелася лячыць людзей. З адзнакай закончыла Полацкае медвучылішча, размеркавалася на ФАП у Докшыцкі раён. Тады пешшу далёка хадзіць даводзілася, на хутары. Цяжкавата для гараджанкі…
— Не было жадання пашукаць хай не менш адказнай (такой у медыкаў, напэўна, і няма), а хаця б спакайнейшай працы?
— Не. Хаця і магчымасці такой не мела: мы ж заўсёды ў вёсцы жылі. А справа падабаецца. Дваццаць пяць гадоў на тым ФАПе адпрацавала. Шэсць гадоў таму пераехалі, уладкавалася сюды. Тут усе ўмовы: добрае абсталяванне, новая мэбля… Кабінет стаматолага. Цэнтральнае ацяпленне. Толькі працуй!
Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота Ігната Лубнеўскага.


17 чэрвеня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Медыцына

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

возера Мястра  возера Мястра  dsc_5774-3 Касцёл у Шэметава

Пабрацімы Мядзела