Калекцыя Святланы Паршуты | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Калекцыя Святланы Паршуты

ПА прыкладных падліках, шарыкавых ручак у мядзяльчанкі Святланы Паршуты пад дзевяцьсот (на здымку дзесьці трэцяя частка калекцыі).
— У дзяцінстве і юнацтве збірала расчоскі, ручкі, кашалькі, фотаздымкі артыстаў, — расказвае жанчына. — Потым выйшла замуж, сыны нарадзіліся — захапленне адышло на задні план. А як дзеці павырасталі, зноў вярнулася да калекцыяніравання. Кашалькі цяпер не вельмі пазбіраеш: дорага. Так што спынілася на ручках і кубках.
— Як збіралася ваша калекцыя?
— Бачу ручку, якой у мяне яшчэ няма — і хачу яе набыць: ці купіць, ці выменяць. Часта людзі, якія дазнаюцца, што ў мяне такое хобі, дораць. Або мяняемся. Або аддаюць ручку без стрыжня. Стрыжань куплю, устаўлю — і папоўнілася калекцыя. Ну і, вядома, знаёмыя і сваякі дораць. Сама болей — мужава стрыечная сястра Алёна: заўсёды з адпачынку прывозіць мне кубак і ручку. З Балгарыі, Грэцыі, Турцыі…
— Ці дарагое Ваша хобі?
— Цяпер, можа, і дарагаватае. Раней ручкі менш каштавалі. Памятаю, ездзіла ў Вільнюс — усялякія набывала: і на тры, і на чатыры стрыжні. А цяпер надта няма дзе і купляць: у Мядзеле выбар невялікі, а па іншых гарадах не езджу. Хаця, калі прыходжу ў магазін, нічога іншага як не бачу: толькі ручкі і кубкі. “Няўжо табе грошай не шкада?” — бывае, пытаюцца. Не шкада! Я лепш чаго іншага не куплю.
— А кубкаў колькі маеце?
— Нават сказаць цяжка. Іх ужо і захоўваць няма дзе: канапа застаўлена, секцыя — у некалькі ярусаў. Люблю ледзь не кожны дзень піць з іншага кубка.
— Ці перанялі сыны Ваша захапленне? І як да яго ставяцца калегі?
— Малодшы сын Дзмітрый калекцыяніруе ручкі і запальнічкі. Старэйшы Віктар захапляецца рыбалкай і да “збіральніцтва” абыякавы. Любяць паглядзець калекцыю ўнукі. Але майго захаплення не перанялі — Ганна займаецца танцамі, а Багдан яшчэ не вызначыўся з хобі (хаця цацкі з кіндэр-сюрпрызаў збірае). У яслях-садзе №3, дзе працую памочнікам выхавальніка, прафкам нядаўна праводзіў конкурс “Свет нашых захапленняў”. Першае месца журы прысудзіла мне. Віншавалі, узнагародзілі граматай і грашовай прэміяй. Было прыемна.
— Парайце, якую ручку лепш купляць? Які стрыжань?
— Ручку лепш выбіраць поўнасцю пластмасавую ці металічную, без гумовых дэталей: яны ад доўгага захоўвання склейваюцца. Зручнейшы стрыжань (асабліва, калі трэба дробненька напісаць лічбы) — гелевы. Што да звычайных — аддаю перавагу тым, што пакідаюць тоўстую лінію (але гэта ўжо як каму падабаецца). У запас стрыжні лепш не купляць: ад доўгага захоўвання яны цякуць.
Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота Іны Ярчак.


17 чэрвеня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Лебедзі на Нарачы Царква ў Крывічах wjx6x-f4hhi

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси