Я на сонейку ляжу

Вось і лета прыйшло! Урэшце можна адправіцца на курорт: і самому адпачыць, і дзіця парадаваць. Толькі памятайце, што малы ў паездцы — гэта не толькі пацеха, але і велізарная адказнасць. Бо невядома, як дзіця перанясе дарогу і змену клімату, ці прызвычаіцца да тамтэйшага меню.
Калі вашаму малышу яшчэ не споўнілася трох гадоў — аддайце перавагу мясцоваму санаторыю і Дому адпачынку. На поўдзень кіруйцеся ў больш дарослым узросце і памятайце, што адпачынак “на чужой тэрыторыі” павінен працягвацца не менш за 3-4 тыдні.
Што ўзяць у дарогу? Аднаразовы посуд, спецыяльныя сурвэткі, прапітаныя антысептыкам. Для гадавалага дзіцяці — ежу ў слоічках. Пры гэтым ужываць яе трэба адразу пасля ўскрыцця, а сокі — выпіваць на працягу гадзіны.
Вялікая праблема ў дарозе — укачванне. Высветліце яго прычыну яшчэ да паездкі. Гэта могуць быць глісты, парушэнні ў рабоце страўніка, вегетасасудзістая дыстанія.
У самалёце пры ўзлёце і пасадцы рэкамендуецца паіць малога вадой (глытальныя рухі нейтралізуюць адчуванне заложанасці ў вушах). Што датычыцца прышчэпак — іх абавязкова трэба рабіць пры наведванні краін Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.
Што пакласці ў дарожную аптэчку? “Тавегил” ці “Кларитин” (дапамогуць пры алергіі), “Фарингосепт” (пры лячэнні горла і носа), “Смекта” і актываваны вугаль (знішчаюць інтаксікацыю пры атручванні), “Пантенол” (на выпадак сонечных апёкаў), жарапаніжаючыя сродкі, ёд, зялёнку, бактэрыцыдны пластыр, бінт.
І вось вы на моры. Дзіця рвецца да вады, з галавой кідаецца ў новае жыццё — а вы “цісніце на тормаз”. У першыя дні агарадзіце малога ад натоўпу людзей і безлічы забаў, арганізуйце яму добры сон і паўнавартаснае харчаванне. Можна прапіць вітаміны.
Галоўная праблема адпачынку на пляжы — сонечныя апёкі. Калі малы абгарэў — апрацуйце пашкоджаны ўчастак “Пантенолом”,  і праз адзін-два дні юны падарожнік будзе як новенькі. І ўсё ж самых маленькіх адпачываючых варта трымаць пад тэнтам, старэйшым лепш быць у пастаянным руху. І не забывайце пра крэмы: чым меншае дзіця — тым вышэйшым павінен быць фактар абароны.
Паважаныя мамы і таты! Набываючы пуцёўку на траіх (чацвярых, пяцярых…), вы дакладна павінны разумець, што адпачыць хутчэй за ўсё вам давядзецца ўжо дома. Затое кампанія ў вас будзе самая лепшая!
Т. АЎСЯНІК.
Інструктар-валеолаг Мядзельскай ЦРБ.


13 чэрвеня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Медыцына

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

возера Глубелька 223_ 1-12 _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела