Самыя дарагія людзі

Нядаўна адзначаўся Дзень сям’і. Да гэтай даты вучні гімназіі-інтэрната г. Мядзела пісалі сачыненні. Яны атрымаліся цікавыя і арыгінальныя. Лепшыя работы настаўніца беларускай мовы і літаратуры ўстановы Вікторыя Вячаславаўна Сяклюцкая даслала ў рэдакцыю.

Мая матуля
Мама! Матуля! Ты вартая самых ласкавых і пяшчотных слоў. Я гляджу на цябе і ўспамінаю сваё бесклапотнае дзяцінства. Ты падарыла мне жыццё і прысвяціла мне ўсю сябе. Нізкі паклон табе за гэта.
Для мяне мая мама — самая лепшая і любімая. Шкада, што мы часам не задумваемся, як сваімі ўчынкамі і рэзкімі словамі крыўдзім сваіх матуль.
Мая мама ветлівая, добрая, пяшчотная, ласкавая, жыццярадасная. Яна сярэдняга росту, стройная, як бярозка. Яе  цудоўныя светла-карычневыя валасы адліваюць  залатым калоссем. Вочы — шэрыя з зелянінкай. Яны заўсёды ясныя і добразычлівыя.
Вусны яе ярка-чырвонага колеру, нібы саспелыя вішні. Твар азораны ласкавай усмешкай, якая нязменна падымае настрой. Гаворыць мама спакойна, ласкавым голасам. Слухаць яе і размаўляць з ёй заўсёды цікава і прыемна. Матуля мая вельмі цярплівая. Яе ўсе паважаюць і любяць. 
Я вельмі ганаруся сваёй мамай. Маёй любові да яе няма межаў.
Ангеліна ГРЫНЦЭВІЧ, 7 клас.
Любімая бабуля
Маю бабулю завуць Алена Сцяпанаўна. Яна мама маёй мамы. Бабулі ўжо семдзесят гадоў. У мінулым яна працавала ўрачом. Яе вельмі паважаюць і любяць людзі. Яна часта дапамагае мне.
Бабуля вельмі прыгожая. Сярэдняга росту, хударлявая. Блакітныя вочы, сівыя валасы, прыемная ўсмешка на твары робяць яе вельмі прывабнай. Мяне заўсёды здзіўляе здольнасць бабулі і ў хатнім адзенні выглядаць прыбранай. На галаву яна павязвае хусцінку. Але я ведаю, што пад ёй — прыгожа заплеценая каса.
Бабуля — прыклад для ўсіх нас. Ніколі ў жыцці яна не рабіла нікому нічога дрэннага, толькі дапамагала. Людзі нават дзівяцца з яе дабрыні. Яна ўсіх разумее, а таксама вучыць дабрыні нас, сваіх унукаў. У яе трапяткое і чулае сэрца. Я вельмі люблю сваю бабулю!
Бабуліны рукі добрыя, пяшчотныя і клапатлівыя. Здаецца, яны  ўмеюць рабіць усё. Напрыклад, вязаць вельмі прыгожыя рэчы. А яшчэ яна смачна гатуе. Бабуліны бліны — гэта проста казка! Мы сядзім з ёй за сталом, п’ём чай, і я распавядаю, як вучуся, якія ў мяне планы. Бабуля заўсёды мяне ўважліва слухае. З ёй абмяркоўваем, дзе я што зрабіў не так, а дзе быў малайчынам. Я люблю такія хвіліны ціхага спакою побач з любімай бабуляй. Яна — мой сапраўдны сябар.
Дома ў бабулі шмат кветак. Яна іх старанна даглядае. Яшчэ ў бабулі дома жыве кот Варфаламей. Ён чорны і пухнаты. Ката бабуля выхоўвае і прывучае да добрых “манер”.
На кожны дзень нараджэння мы абавязкова наведваемся да бабулі. Я хачу, каб яна жыла доўга-доўга, не хварэла і радавалася нам, навакольнаму свету. Мы заўсёды ёй кажам: “Дзякуй табе, наша любімая!”
Дзмітрый ЗУБКЕВІЧ, 7 клас.
Ліст бацькам
Дарагія мама і тата! Для мяне няма на свеце нічога больш дарагога і любімага, чым вы, мая сям’я. Вы далі мне жыццё, вучыце мяне дабру, цярплівасці, спагадзе. Дзякуючы вам я штодня пазнаю сусвет.
Я памятаю кожную драбніцу, кожны момант, калі мы былі разам: паездку ў заапарк, у дэльфінарый, звычайныя прагулкі ўздоўж берагоў Нарачы ці ў лесе.
Мама, як я люблю, калі ты расказваеш мне цікавыя гісторыі, прыклады з жыцця! Тата, які я шчаслівы, калі мы разам едзем на веласіпедах альбо ловім рыбу!
Мае дарагія! Я вас вельмі люблю і хачу, каб вы заставаліся такімі, якія ёсць: маладымі, увішнымі, добрымі і вясёлымі. Як я хачу, каб вы ніколі не старэлі!
Аляксандр МІСУНА, 5 клас.
* * *
Дарагія бацькі! Я ўдзячна, што вы далі мне жыццё, што шчыра клапоціцеся пра мяне. Я разумею:  догляд дзяцей — гэта вельмі цяжкая праца. Вы ніколі не кідалі мяне ў бядзе, заўсёды хвалюецеся за мяне. Дзякуй вам за дапамогу. Я вельмі ганаруся вамі і бяру з вас прыклад. Жадаю вам жыць доўга, шчасліва і ніколі не хварэць.
Кацярына САВІЦКАЯ, 5 клас.
 * * *
Татачка! Ці ёсць хто ў свеце дабрэйшы за цябе? Ты не сварышся на мяне, нават калі я не маю рацыі. Твае вясёлыя, жыццярадасныя вочы не хмурнеюць і не становяцца строгімі. Табе шмат гадоў, але ў душы ты яшчэ дзіця. З табой ніколі не бывае сумна: разам мы каталіся на вярблюдах і лавілі чарапах, ладзілі гонкі паміж крабамі і нават напісалі кнігу. Твая любоў не забудзецца ніколі, і я ніколі не пакіну цябе. Калі ты станеш старэнькім, я буду клапаціцца пра цябе і маму. Не магу думаць пра тое, што калісьці цябе не стане. Мне здаецца, у тое імгненне я таксама памру. Я цябе вельмі люблю і жадаю табе здароўя і доўгага жыцця.
Варвара МЕСЯЦ, 5 клас.


06 чэрвеня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

dsc_5774-3 _06-040 возера Глубелька

Пабрацімы Мядзела