“Быць чалавекам я рад…”

Гэтыя радкі з верша нашага земляка Максіма Танка вельмі адпавядаюць жыццёваму і творчаму шляху нястомнага энтузіяста культуры нашага краю Уладзіміра Казакевіча, якога, на жаль, сёння няма побач з намі. Гэты светлы і добры чалавек пакінуў глыбокі след на культурнай ніве нашай малой радзімы. І сумленная праца яго была высока адзначана на дзяржаўным узроўні. Уладзімір Іосіфавіч — заслужаны работнік культуры БССР (1990 г.), кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга (1976 г.).
Нарадзіўся Уладзімір Казакевіч 8 лютага 1931 года ў в. Чарвячкі Старагабскага сельсавета ў сям’і сялян. У 1935 годзе ён разам з бацькамі пераехаў у в. Вішнева Смаргонскага раёна, дзе перажыў вайну, голад.
У народзе кажуць: “Жыццё пражыць — не поле перайсці”. Колькі розных падзей — радасных і сумных, звычайных і хвалюючых — было ў жыцці Уладзіміра Іосіфавіча. Найперш, цяжкае і не вельмі заможнае, зусім небесклапотнае  дзяцінства, але разам з тым поўнае надзей і маладога запалу юнацтва. Сваю працоўную дзейнасць хлопец пачаў у 1949 годзе ў сельскай гаспадарцы. У 1951 годзе яго прызвалі на службу на Балтыйскі флот. Менавіта там і заўважылі ў юнака прыгожы ад прыроды голас, і неўзабаве ён у складзе ансамбля песні і танца Балтыйскага флоту пабываў з канцэртамі ў многіх гарадах Савецкага Саюза і нават за мяжой — у Францыі і Нарвегіі. Аднак хлопец ніколі не забываў радзіму, ён памятаў, што яго там любяць і чакаюць.
Пасля службы ў марфлоце Уладзімір вярнуўся дадому, і як з гумарам і любоўю казаў у свой час вядомы Іван Маханёк (былы мастак Мядзельскага РДК і самадзейны паэт), “бедны флоцкі рацыён падштурхнуў яго да працы з фінансамі. Пасля дэмбеля — катаржная праца ў ашчаднай касе пасёлка Свір, вынікам якой стала ўмацаванне раённага рубля, стабілізацыя айчыннай валюты і сумная сціпласць сямейнага бюджэту”. Працаваў інспектарам, пасля — загадчыкам ашчадных кас, спачатку ў Свіры, а потым у Мядзеле, куды пераехаў у 1956 годзе разам з маладой жонкай Вандай Іосіфаўнай. Ізноў цытата І. Маханька: “тытанічныя намаганні на фінансавай ніве былі неадкладна адзначаны перамяшчэннем на камсамольска-партыйную працу, якая вельмі хутка кіпучаму маладому Уладзіміру здалася прэснай і сумнай, а ўдасканаленыя яшчэ на флоце бліскучыя вакальныя даныя нястрымна вабілі Казакевіча на сцэну”. Тым больш, што, адпраўляючы Уладзіміра на гэты вельмі адказны ўчастак работы, у райкаме партыі падкрэслілі: “Калі спявае загадчык, то заспявае і ўвесь раён”. І тым самым далі яму своеасаблівы наказ па развіцці мастацкай самадзейнасці на сінявокай Мядзельшчыне. 1957 год і стаў пачаткам працы Уладзіміра на ніве культуры. Затым у 1961 годзе быў кароткі перапынак у рабоце. Затое з 1962 па 1992 год Уладзімір Іосіфавіч нязменна ўзначальваў аддзел культуры. Больш за 30 гадоў яго працы на пасадзе загадчыка названая сфера перажыла шматлікія змяненні: пашырылася сетка ўстаноў культуры, значна папоўніўся новымі кнігамі бібліятэчны фонд, адкрыліся музычныя школы і музей Народнай славы, зарадзілася вядомае і любімае ўсімі свята песні і працы на возеры Нарач, з’явілася першая агітбрыгада “Нарач” — лаўрэат першага Усесаюзнага фестывалю мастацкай творчасці працоўных (1975-1977 гг.), якой доўгія гады не было роўных у рэспубліцы.
Шмат увагі загадчык аддзела ўдзяляў умацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы культасветустаноў, падбору і выхаванню кадраў. Многія культработнікі не толькі нашага раёна, але і іншых рэгіёнаў Беларусі, працоўны шлях якіх пачаўся пад чулым кіраўніцтвам Уладзіміра Іосіфавіча, атрымалі “пуцёўку” ў жыццё тут, на Мядзельшчыне. І гэта сапраўды так, бо для Казакевіча на першым месцы заўсёды былі людзі, іх клопаты, праблемы, перажыванні, настрой.
Уладзімір Іосіфавіч пастаянна выступаў за навізну ў культуры, але ён ніколі не забываў і народную песню, быў яе актыўным прапагандыстам, бо лічыў, што менавіта на народнай творчасці павінна выхоўвацца маладое пакаленне. Ён заўсёды падтрымліваў існуючыя калектывы мастацкай самадзейнасці і выступаў за развіццё новых, самабытных, хварэў за іх усёй душой. Так, у маі 1976 года на базе Брусоўскай васьмігадовай школы з настаўнікаў,  удзельнікаў мастацкай самадзейнасці вёсак Брусы і Вузла, быў створаны фальклорна-этнаграфічны  калектыў “Вузлянка”, заснавальнікам якога стала Алена Сямёнаўна Хіла. Дзякуючы самабытнасці і непаўторнасці выканання 1 чэрвеня 1991 года гэты калектыў атрымаў званне “народнага”, якое з года ў год пацвярджае і дагэтуль. Адна самых вялікіх заслуг “Вузлянкі” — праца па захаванні адроджаных каляндарна-абрадавых, сямейна-бытавых святаў Мядзельшчыны сродкамі тэлевізійных праграм “Сельскі час”, “Спявай душа”, “Гаспадар” тэлеканала “Лад”, БТ. У рэпертуары калектыву — больш за 25 абрадаў і пастановак. У тым ліку: “Каравай”, “Суборная субота”, “Масляк”, “На прызбе” і інш. Кіраўніком калектыву з 2013 года з’яўляецца Алена Мікалаеўна Крукава.
Актыўны, неабыякавы, не ведаючы стомы загадчык аддзела культуры заўсёды падтрымліваў маладых, рупліва ставіўся да народнай творчасці, лічыў, што са сцэны пастаянна павінны гучаць баян або гармонік, якія вельмі любіў. Але 70-я гады мінулага стагоддзя — гэта час росквіту вакальна-інструментальных ансамбляў. Існавалі такія і пры некаторых сельскіх Дамах культуры, а пры раённым Доме культуры — ВІА “Ручаіна”, дыпламант першага Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці ў 1976 годзе.
Аповед пра нашага былога загадчыка не атрымаецца поўным, калі не ўспомніць, як прыгожа спяваў Уладзімір Казакевіч песні, як дастойна трымаўся на сцэне. Як умеў не разгубіцца, калі раптам “выскачыла” з галавы нейкае слова — тут жа на хаду імправізаваць новы радок і праспяваць яго, як ні ў чым не бывала… А яшчэ была ў яго мара: стварыць хор хлопчыкаў. Але яна, на жаль, так і не ажыццявілася.
А дома заўсёды чакала Уладзіміра Іосіфавіча яго верны сябар, памочнік — жонка Ванда Іосіфаўна. Яна была захавальніцай іх сямейнага агменю. Гэтая моцная жанчына заўсёды падтрымлівала мужа, падштурхоўвала яго да вывучэння новага, што магло б спатрэбіцца ў працы. З’яўлялася яна для каханага і дамашнім “доктарам”. Менавіта дзякуючы намаганням жонкі Уладзімір Іосіфавіч пазбавіўся ў маладыя гады ад цяжкай хваробы, якая яго напаткала. Разам выгадавалі траіх дзяцей: Святлану, Уладзіміра і Наталлю. Дачакаліся пяцярых унукаў — унука і чатырох унучак. Але бяда не абмінула іх сям’ю. Заўчасная смерць сына падкасіла бацьку, і 2 лістапада 2008 года яго не стала.
Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Казакевіча пачыналі сваю працоўную дзейнасць многія работнікі культуры Мядзельшчыны. Вось як успамінае пра свайго былога загадчыка аддзела культуры Леакадзія Уладзіміраўна Несцяровіч, якая працавала дырэктарам цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна ў 1978-2012 гады: “З Уладзімірам Іосіфавічам Казакевічам працавала разам звыш двух дзясяткаў гадоў. Гэта быў легендарны загадчык аддзела культуры, якога, скажу без перабольшвання, ведалі далёка за межамі раёна. А зразумела я гэта яшчэ падчас размеркавання выпускнікоў бібліятэчнага факультэта. Калі члены камісіі, зазірнуўшы ў мае паперы, даведаліся, што я з Мядзела, прысуд быў кароткім: адпраўляйцеся ў Мядзел, а там Казакевіч работу дасць. Вось так і вырашыўся мой працоўны лёс. Уладзімір Іосіфавіч успамінаецца, як вельмі адкрыты, кантактны, шчыры, гасцінны чалавек. Таму на яго запрашэнне прыехаць на Мядзельшчыну з задавальненнем згаджаліся многія. Ды і Міністэрства культуры, добра ведаючы Уладзіміра Казакевіча, часта ладзіла на Мядзельскай зямлі тыя ці іншыя форумы. Памятаю, як былі ў нас госці з Масквы, Мурманска, з Плоцкага ваяводства Польшчы, ды ўсіх і не пералічаш. Пад кіраўніцтвам Казакевіча мы стараліся арганізаваць для кожнай групы цікавую праграму, змястоўны адпачынак, ды пакарміць іх юшкай з нарачанскай рыбкай, дранікамі, іншымі прысмакамі. Памятаю, як пасля вырашэння патрэбных пытанняў у розных мінскіх інстанцыях, Уладзімір Іосіфавіч абавязкова запрашаў усіх, з кім вёў размову, прыехаць на Нарач. Я ўдзячна лёсу, што ў значнай ступені менавіта дзякуючы Казакевічу мела магчымасць сустракацца з людзьмі, якія пакінулі і пакідаюць свой адметны след не толькі ў культуры, але і ў гісторыі нашай краіны: Максімам Танкам, Віктарам Роўда, Міхаілам Казінцом, Васілём Шаранговічам, Марыяй Захарэвіч, Віктарам Вуячычам, Ігарам Лучанком, Наталляй Гайдай, Міхаілам Дрынеўскім, Віктарам Скарабагатавым,  Эдуардам Ханком, Нілам Гілевічам, Анатолем Вярцінскім, Максімам Лужаніным, Анатолем Грачанікавым, Нінай Загорскай, Сяргеем Законнікавым і многімі іншымі”.
Даўно заўважана, што чалавек жывы да тых часоў, пакуль жывая памяць пра яго. Уладзіміра Іосіфавіча Казакевіча мы будзем заўсёды ўспамінаць з добрай цеплынёй і светлым сумам. Прыемна, што быў сярод нас такі чалавек, які любіў жыццё ва ўсіх яго праявах, спагадліва ставіўся да людзей, дарыў радасць, любоў і шчыры ўдзел усім, хто сустракаўся на яго шляху, аберагаў сваю сям’ю… і спяваў… І калі вы дзесьці пачуеце добрыя старыя песні, ведайце, што ў іх засталіся часцінкі сэрца і душэўнай цеплыні гэтага выдатнага чалавека.
А. НАРЭЙКА.
Старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры.
На здымку: момант з жыцця былога загадчыка аддзела культуры Уладзіміра Казакевіча.


06 чэрвеня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Культура

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Мястра 06-043 _06-040 0-170

Пабрацімы Мядзела