Вось яно якое, наша лета!..

Куды адыходзіць дзяцінства, насамрэч сказаць цяжка. А ўжо ў якія гарады — дык і ўвогуле немагчыма. Хаця пачакайце. Здаецца мне, што на тыдні, яно заходзіла ў райцэнтр. Паспявала, патанчыла, падкінула пару-тройку бізнес-ідэй і… знікла ў невядомым накірунку. Зрэшты, чаму ў невядомым? Паехала ў Свір, Будслаў, Крывічы, Слабаду, разышлося па вуліцах горада. Хіба толькі са мной не развіталася? Не — “Бывай!” сказала гадоў з трынаццаць таму. А пазаўчора — усяго толькі наталіла душу…

Першага чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, у Мядзеле быў дадзены старт вялікім летнім канікулам. На дыстанцыю, працягласцю ў тры забаўляльна-купальныя месяцы, выйшлі школьнікі з усяго раёна. Кампанію ім склалі дашкаляты горада. Дарэчы, такое шапялява-юнае шэсце Мядзел, здаецца, бачыў упершыню і быў вельмі ўражаны карцінай. Ды і самі віноўнікі ўрачыстасці з гонарам неслі званне “юны” па цэнтры горада і з задавальненнем фатаграфаваліся на памяць на фоне бязмежнага шчасця (у сэнсе, дзеці — гэта заўсёды шчасце, а іх на плошчы была бязмежная колькасць). 
Настрой мерапрыемству задаў гала-канцэрт удзельнікаў раённага агляду-конкурсу “Сузор’е талентаў”, якім і распачалася праграма дня. На сцэну выйшлі юныя зоркі са Старагабскага, Мядзельскага, Свірскага і Крывіцкага вучэбна-педагагічных комплексаў, Занарацкай, Будслаўскай і Сваткаўскай сярэдніх школ, гімназіі-інтэрната горада Мядзела. А далей — усё было па плану. Дакладней, па маршруце, які павінна была прайсці каманда кожнай установы адукацыі. “Сачкаванне” выключалі загадзя раздадзеныя пуцявыя лісты, на якіх патрабавалася зрабіць адзнаку аб праходжанні таго ці іншага этапа. Хаця, забягаючы наперад, скажу: нават у гарэзлівае лета свавольнічаць дзятва не стала. Паласу забаў і перашкод у большасці сваёй прайшла цалкам і на выдатна.
І ўсё ж, чым запомніўся падрастаючаму пакаленню першы дзень лета? Вядома ж, эмоцыямі і ўседазволенасцю. Ну, калі яшчэ дзятве пашчасціць апрануць касцюм выратавальніка ці пажартаваць з супрацоўнікам ДАІ? Мабыць, у свядомай даросласці: і тое, калі выбар падзе на прафесію мужных. Затое пазаўчора малым і не вельмі было дазволена ўсё: а каб было дадзена болей — дык, мяркую, ад той жа пажарнай машыны наўрад ці б што засталося (такім вялікім быў інтарэс дзятвы да спецыяльнай тэхнікі!). Праўда, і тое, што лета найперш павінна быць бяспечным, непаўналетнія гарэзы ўсведамлялі. Не міналі бокам “агідныя” да рознага кшталту лекаў хлопчыкі і дзяўчынкі і пляцоўку “Будзь здароў!”, на якой гаспадарылі супрацоўнікі “Аптэкарскага саду” і цэнтральнай раённай аптэкі. Таблеткі і пілюлі хапалі наперабой, бо ўсе яны былі — для радасці, здзяйснення мар, цудоўнага настрою. Зрэшты, так і называліся — “Капсулы ўсмешкі”, “Таблеткі мары”, “Пілюлі ведаў”. А як звонка і гучна школьнікі спявалі караоке! І калі хто зварочваў у лес ці па дровы — самы музычны з каманды ў момант накіроўваў усіх на шлях нотнай праўды. Словам, гарачым было не толькі надвор’е, але і атмасфера на свяце. Юныя турысты дэманстравалі “клас” у праходжанні лініі перашкод, аматары-спартсмены — раз’язджалі на роліках і скейтбордах, абаронцы Зямлі — ратавалі планету падчас мерапрыемства ў раённай дзіцячай бібліятэцы. Прадаставілі слова і маленькім мастакам. Дакладней, далі каляровую крэйду і сотню-другую сантыметраў квадратных на мальберце-асфальце. Малюйце! І яны ўзяліся за справу. У момант плошча напоўнілася сонцам, вясёлкай, казачнымі героямі і цудоўным настроем, якія Мядзелу падаравалі Паліна Шаблыка, Анечка Анішкевіч, Максім Блузман… Юныя мастакі так і падпісаліся, магчыма, каб свет запомніў імёны будучых Шагалаў.
У гэты ж дзень былі праведзены акцыі “Збяры Беларусь у сваім сэрцы!” (супрацоўнікі райкама БРСМ прапаноўвалі дзятве сабраць пазлы), “Чытай, лагер!” (дзясяткі ахвяраваных нераўнадушнымі грамадзянамі кніг будуць перададзены ў лагер пры Старлыгскім ВПК д/с-СШ), “Упрыгожым свой горад разам!” (вечарам на брацкай магіле ў райцэнтры былі высаджаны кветкі, вырашчаныя рукамі падрастаючага пакалення).
— Свята атрымалася на славу! — падвяла вынік арганізаванага мерапрыемства начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Ефімава. — Нашы дзеці выступілі ў ролі таленавітых бізнесменаў, здольных арганізатараў, надзейных партнёраў. Яны ў чарговы раз пацвердзілі, што ўмеюць не толькі вучыцца, але і адпачываць!
Дарэчы, калі ўжо хваліцца нашай моладдзю, дык і я ўстаўлю свае пяць… ацэнак: нашы дзеці — камунікабельныя, ініцыятыўныя, энергічныя, таленавітыя, творчыя. Якраз будучыя журналісты. Зрэшты, юнкорам — і слова.
Анастасія КУРНІЦКАЯ, вучаніца 9 класа гімназіі-інтэрната г. Мядзела:
— Кажуць, як дзень сустрэнеш, так яго і правядзеш. Баюся сурочыць лета, але, мяркуючы па яго першым дні, бліжэйшыя тры месяцы пройдуць проста на выдатна! Серада прайшла ў такім драйве, што на горшае і спадзявацца не хочацца.
Асабіста мяне ўразіла бізнес-жылка нашых вучняў і педагогаў. Самыя простыя матэрыялы ажываюць у здольных руках малечы і дарослых і прыносяць не дзіцячы прыбытак. Гэта я пра кірмаш-фестываль школьных бізнес-кампаній “Junior-майстар” і яго ініцыятыўных удзельнікаў. Да ўвагі пераборлівых спажыўцоў былі прадстаўлены вырабы з бісеру, дрэва, тканіны, выпечка, кветкі. Напрыклад, кіраўнік гуртка “Умелыя ручкі” Сваткаўскай СШ Таццяна Клямяціч расказала, што на кірмаш яны прыехалі з працамі Дашы Швайкоўскай і Дашы Соніч. Як паказала практыка, дзяўчынкі не толькі з задавальненнем наведваюць пазакласны занятак, але і прыносяць нядрэнны прыбытак у агульнашкольную казну. Дарэчы, дадзеная пляцоўка прыйшлася па гусце не толькі мне і ахвочым да прыгожага гараджанам, але і вучням Нарацкай СШ №1 Даніілу Ліхачу і Мацвею Бепершчу. Яны прызналіся, што засталіся пад уражаннем ад убачанага і вельмі рады, што сталі ўдзельнікамі такога свята.
Варта адзначыць, што лепшага бізнесмена вызначала не аўдыторыя і кампетэнтнае журы, а агульная сума прыбытку. Такім чынам заробленыя амаль два мільёны вывелі “прадпрыемнікаў” са Свірскай СШ у лідары — каманда з гарадскога пасёлка была прызнана самай багатай… на выдумку і крэатыў.
Што ж, наперадзе лета і безліч свабодных дзён! Чаму б не правесці іх з карысцю? За той жа вышыванкай ці бісерапляценнем?.. Словам, поспеху вам сябры — у добрай справе і адпачынку!
Надзея АЎРЭЙЦАВІЧ і Вікторыя ВАРАНОВІЧ, вучаніцы 9 класа Мядзельскага ВПК яслі-сад-СШ:
— Трымаем курс на спартыўную пляцоўку. Там — яблыку няма дзе зваліцца. Віталь і Мікіта Лубнеўскія з Будслава выпрабоўваюць сябе на трапнасць — гуляюць у дартс. Дзмітрый Сівіцкі і Аляксандр Рамбальскі катаюцца на лыжаролерах. “У шашкі гуляюць многія, а ў шахматы — адзінкі”, — уздыхае Яўсей Хацяновіч, абыграўшы аднаго з нешматлікіх сапернікаў. У каманднай эстафеце, як правіла, перамагае сяброўства, а ў кідках мяча ў спецыяльнае кольца — самы ўмелы…
Таццяна ВАРАБЕЙ, вучаніца 8 класа Мядзельскай сярэдняй школы №1 імя У. Дубоўкі:
— Міжнародны дзень абароны дзяцей я, як і дзясяткі юных мядзяльчан, сустрэла ў цэнтры горада. Прыйшла на забаўляльнае паці, а апынулася ў гушчары незабыўных падзей. Спачатку падзівілася майстэрству юных бізнесменаў, потым схіліла галаву перад не больш дарослымі робатастваральнікамі, пасля — у захапленні прыпынілася на “Планеце творчасці”. З апошняй, зрэшты, і мой міні-рэпартаж.
Дзесяць нуль-нуль. На “Планеце творчасці” пачынае кіпець жыццё. Ладзяцца майстар-класы “Кветкавая фольга”, “Стужкавы дызайн”, “Чароўнае цеста” і “Салодкая кветка”. Жадаючых авалодаць цуда-майстэрствам — не злічыць. Пры гэтым за справу бяруцца і большыя, і малыя. Дзякуючы вопытным настаўнікам, залатымі рукі становяцца ва ўсіх. Прыгажосць кіруе балам і свядомасцю дзятвы! Ура! Свята набірае абароты і згуртоўвае — аднагодкаў!.. Стартуе “Нон-стоп харэаграфія”. Рытм задаюць вучні Нарацкіх сярэдніх школ, Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі, Крывіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу, а таксама наведвальнікі Цэнтра творчасці, турызму дзяцей і моладзі Мядзельскага раёна. Танцуюць усе! А найспрытней — маленькія глядачкі, якім знешне да таго ж дзіцячага садка яшчэ, як кажуць, танцаваць і танцаваць… Палова дванаццатай. Мерапрыемства змяняе інтанацыю: праводзіцца агляд песні і строю “Аты-баты, ішлі салдаты!”. Феерверк эмоцый! Кожны хварэе за сваіх… І так — цэлы дзень: песні, танцы, жарты, спаборніцтвы. Уражанні — незабыўныя. Цудоўны пачатак летніх канікулаў!
Паважаныя чытачы! У вас не закружылася галава ад маштабнасці праведзенага мерапрыемства? Як у мяне, дык галава пайшла кругам. Вельмі ўжо насычаным і ашаламляльным атрымалася свята, хоць і праводзілася ніяк не ў мой гонар… 
Юлія Казлова.
На здымках: моманты свята.
 
Фота Георгія Прысмакова.


02 чэрвеня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

0-170 _06-040 Касцёл у Мядзеле  0-178

Пабрацімы Мядзела