Мой край Нарачанскі…

У КОЖНАГА свая дарога. Іншы раз яна не супадае з жаданнем самога чалавека. Ніколі не думала і не гадала Ніна Белісава, што жыццёвая сцяжынка прывядзе яе на Мядзельшчыну, што Нарачанская зямля стане роднай. Але так склаліся абставіны, што Ніна Аляксандраўна і яе муж Мікалай Андрыянавіч вымушаны былі пакінуць Чэрыкаў і шукаць новае месца жыхарства. Галоўная прычына таму — аварыя на Чарнобыльскай АЭС.
Жыццёвая дарога Ніны Аляксандраўны пачалася ў вёсцы Баравая ў Чэрыкаўскім раёне. Там прайшлі яе дзяцінства, юнацтва, адбылася сустрэча з каханнем. Разам з Мікалаем пераехалі жыць у вёску з прыгожай назвай Малінаўка. Там рабілі першыя крокі і двое іх дзяцей. Але ў вёсцы не было дзіцячага садка, таму маладая сям’я вырашыла пераехаць у Чэрыкаў, дзе пабудавалі вялікі ўласны дом. Мікалай узначаліў Чэрыкаўскую ЖКГ, а Ніна працавала ў аддзеле кадраў.
Дарэчы, за плячыма Ніна Аляксандраўна мела Клімавіцкі саўгас-тэхнікум, дзе набыла прафесію заатэхніка. А Мікалай Андрыянавіч закончыў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, тагачасны факультэт гідрамеліярацыі. І адукацыя, і някепская работа, і сям’я, і жыллё — здаецца, усё ёсць. Жыві і радуйся. Толькі вось гэты звычайны ход жыцця быў перарваны ў 1986 годзе, калі чорным каменем на зямлю сышла зорка Чарнобыля. Людзі вымушаны былі пакідаць сваю радзіму, якая ў адзін момант з роднай маці ператварылася ў мачаху. I ў першую чаргу для маладога пакалення. Сям’я Белісавых пакінула роднае гняздо, дыхтоўны дом, работу і пераехала ў Нарачанскі край.
— Чаму менавіта ў Мядзельскі раён? — пытаюся ў суразмоўцы.
— Брат Мікалая працаваў вадзіцелем у Мядзельскай санстанцыі. Ён і паклікаў да сябе. Спачатку нам прапанавалі Лотву. Але там была праблема з жыллём. Патэлефанавалі тагачаснаму старшыні калгаса «Шлях да камунізма» Антону Аляксеевічу Стому. Ён уважліва выслухаў, пацікавіўся нашымі прафесіямі і папрасіў прыехаць, каб на месцы вырашыць пытанні, — расказвае Ніна Аляксандраўна. — Мне прапанавалі пасаду памочніка загадчыцы фермы «Мокрыца», калектыў якой узначальвала Ганна Іванаўна Кухаронак. Мікалай заняў пасаду прараба. Нам выдзелілі добры новы дом. Было гэта ў 1989 годзе.
Ніна, якая вырасла ў вясковай сям’і, з малых гадоў прывыкла да працы. Гэтаму вучылі бацькі, хацелі, каб дзеці ўмелі і любілі працаваць, былі акуратнымі, каб за іх не было сорамна перад людзьмі. У кожнага з чатырох дзяцей былі свае абавязкі. Калі дома не было бацькоў, дзеці ўмелі спраўляцца па гаспадарцы. І тут у Занарачы Белісавы трымалі ладную гаспадарку: кароў, свіней, іншую жыўнасць.
— Як вам Нарачанскі край?
— Гэта зямля, яе людзі, прынялі нас вельмі гасцінна, — адказвае Ніна Аляксандраўна. — За многія гады Занарач стала для нас другой радзімай. А вось сваю родную вёску не наведваю, яе няма. Замест населенага пункта зараз расце лес. Калі прыгадваю мясціны дзяцінства, то заўсёды адчуваю хваляванне, душу сціскае боль, — уздыхае жанчына. — Тут мы, як кажуць, наезджыя. Але ніхто нас гэтым не папракнуў, наадварот, многія гатовы падставіць сваё плячо. Так Бог даў, што ў нас цудоўныя суседзі. Увогуле, у Занарачы жывуць шчырыя, добразычлівыя людзі.
З далейшай размовы даведаўся, што 15 год шчыравала Ніна Аляксандраўна на калгасным збожжаскладзе, а потым заступіла на пасаду памочніка загадчыцы фермы «Занарач». Так сталася, што на ферме не было каму даглядаць цялятак. Вось тады кіраўнік гаспадаркі Пётр Уладзіміравіч Каўрус і папрасіў Белісаву часова папрацаваць цялятніцай.
— Трэба дык трэба, — адказала яна.
Так і працуе на гэтай пасадзе больш за пяць гадоў.
— Дастойны чалавек і адказны работнік! — такую лаканічную характарыстыку дала жанчыне загадчыца фермы «Занарач» Раіса Кацкель. — Яе не трэба кантраляваць, ёй не трэба загадваць выканаць тую альбо іншую работу. Ведаю Ніну шмат гадоў. З упэўненасцю скажу, што яна ніколі не падвядзе. З года ў год дабіваецца высокіх вытворчых паказчыкаў. Цяляты ў яе растуць спраўна.
За старанне і руплівасць Ніну Аляксандраўну неаднаразова заахвочвала кіраўніцтва таварыства маральна і матэрыяльна. Па выніках работы за 2012 год ёй было ўручана пасведчанне «Лепшы па прафесіі» з занясеннем на раённую Дошку гонару. Не толькі добрых прываг цялят дабіваецца дбайны жывёлавод, але і стопрацэнтнай захаванасці маладняку! Гэта таксама сведчыць
пра яе руплівасць, адказнасць  і стараннасць.
 — Прывагі, сапраўды, добрыя, — пагаджаецца перадавая цялятніца. — Але ж і папрацаваць трэба нямала! Цяляткі ў мяне знаходзяцца ад нараджэння да 6 месяцаў. А гэта самы адказны перыяд. Ім патрэбен штодзённы клопат: каб былі накормлены і напоены, каб не хварэлі. Стварэнне добрых умоў для жывёлы, як вядома, спрыяе павышэнню паказчыкаў. Зімой, зразумела, найбольш складана, асабліва ў мароз, з кармамі ўпраўляцца, чысціць памяшканне. А яшчэ трэба клапаціцца, каб была пастаянна цёплая вада. Кармоў у гаспадарцы заўсёды назапашваюць удосталь, так што тут праблемы няма. Астатняе залежыць толькі ад чалавека. Цялятка ж само не скажа, калі што не так. Яму, як і дзіцятку, патрэбна ўвага. Вось тут і дапамагае шматгадовы вопыт работы ў жывёлагадоўлі. Я і ўявіць не магу, што мае гадаванцы застануцца на нейкі момант без догляду, без дапамогі!
Ніна Аляксандраўна не першы год знаходзіцца на пенсіі, але не можа развітацца з любімай справай, з родным калектывам.
— Як доўга думаеце папрацаваць? — пытаюся ў жанчыны.
— Як здароўе дазволіць, — адказвае. — Прыемна ўсведамляць, што мая праца яшчэ патрэбная.
— Мы яе нікуды не адпусцім, пакуль не падрыхтуе сабе дастойную замену, — усміхаючыся, дадае загадчыца фермы Раіса Кацкель. — Сумленна і адказна ставіцца да работы. Яна, як кажуць, чалавек «старой» гвардыі. Вельмі хочацца, каб Ніна працавала яшчэ шмат гадоў. Яна не толькі выдатны работнік, але клапатлівая матуля і бабуля.
Разам з мужам Мікалаем Андрыянавічам, якога, на жаль, ужо няма ў жывых, Ніна Аляксандраўна выгадавала дачушку Аліну і сына Аляксандра. Дачушка працуе ў санаторыі «Белая Русь».
— Вельмі добры ў мяне зяць Аляксандр. Дапамагае ва ўсім. Дзякуй яму, — зазначае Ніна.
А вось пра ўнукаў Ігара і Мікіту яна гатова расказваць гадзінамі.
— Ігарок — студэнт другога курса ўніверсітэта, а Мікітка ходзіць у пяты клас. Ён захапляецца футболам. А як хораша іграе на баяне, — кажа яна. — А вось што датычыць сына, то ён закончыў Полацкі лясны тэхнікум, жыў у Мінску, ажаніўся. Нарадзіўся першынец Марк. Потым яны сям’ёй пераехалі ў Амерыку. Спачатку жылі ў штаце Мінісота, затым пераехалі ў Каліфорнію. Там у іх нарадзіліся тры дачушкі Дзіяна (ёй 8 гадоў), Эмілія (7 гадоў) і самая маленькая Вікторыя, якой пайшоў другі годзік. Жывуць някепска. Сын займаецца пчалярствам, нявестка Галіна завіхаецца па хатняй гаспадарцы, выхоўвае дзяцей. Яны запрашаюць прыехаць у госці. Вось пакіну працаваць, абавязкова з’езджу, а дакладней злётаю.
З дзецьмі і ўнукамі звязаны цяперашнія мары Ніны Аляксандраўны: каб яны былі здаровымі, каб усё ў іх было добра. Застаецца дадаць, што менавіта яна будзе прадстаўляць Мядзельшчыну на V Усебеларускім народным сходзе.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: перадавы жывёлавод ААТ «Занарацкі» Ніна Белісава.
Фота Георгія Прысмакова.


27 мая 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Кадры, Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры   1-12 223_ возера Мястра

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси