“Дружная сям’я”

У РАЁННЫМ конкурсе мнагадзетных сем’яў, які адбыўся ў Мядзельскім гарадскім Доме культуры, прынялі ўдзел сем дружных і вясёлых каманд. Яны выйшлі на сцэну, каб расказаць пра свае сямейныя традыцыі, захапленні, здольнасці і ўменні, прадэманстраваць таленты, кемлівасць і згуртаванасць.
Удзельнікі спаборнічалі ў чатырох конкурсах: “Знаёмства”, у якім паказвалі свае прэзентацыі, “Бацькоўскае шчасце”, дзе таты і матулі пахваліліся поспехамі ў выхаванні дзяцей, “Здароўе мнагадзетнай сям’і”, які ўяўляў сабой сацыяльны праект па фарміраванні здаровага ладу жыцця ў мнагадзетнай сям’і, і “Сакрэты поспеху”, падчас якога можна было ацаніць выставачныя куточкі работ з дзіцячымі малюнкамі, аплікацыямі, кулінарнымі вырабамі, сурвэткамі, вырабамі з дрэва, бісеру, нітак і так далей.
У раёне назіраецца стабільнае павелічэнне колькасці сем’яў, дзе выхоўваюцца трое і больш дзяцей. На пачатак гэтага года мнагадзетнымі лічылі сябе 252 сям’і, у той час як год таму такіх на Мядзельшчыне было 229. Станоўчая дынаміка захоўваецца і зараз: за чатыры месяцы бягучага года такіх сем’яў стала на 14 больш. Стэрэатып, што ў сям’і павінна быць двое дзяцей, паступова разбураецца. І сем’і-канкурсанты адмыслова гэта пацвердзілі. Знаёмцеся, паважаныя чытачы:
Сям’я Зянько (Княгінінскі сельсавет). У сям’і, якая жыве ў Палавіках, выхоўваецца чацвёра дзетак: Юлія, Яўген, Ангеліна і Лізавета. Бацька Іван Віктаравіч працуе ў таварыстве “Пруднікі-Агра”. У яго руках ладзіцца любая работа. Сам абуладкаваў дом, пасадзіў сад, мае трактар, на якім апрацоўвае зямельны ўчастак, з задавальненнем займаецца пчалярствам і заўсёды рады пачаставаць мёдам сяброў і суседзяў. Маці Аксана Анатольеўна таксама працуе ў названай сельгасарганізацыі, а ў вольны час любіць  парадаваць сям’ю прысмакамі свайго прыгатавання. Любіць кветкі і з веданнем справы вырошчвае іх. Старэйшая Юля ў гэтым годзе заняла 2-е месца на раённай алімпіядзе і атрымала дыплом за ўдзел у абласной па фінансавай граматнасці. Жэня гуляе ў тэніс, выдатна рэжа па дрэве. А малодшанькія двайняткі — нібы маленькія сонейкі, таму заўсёды атулены любоўю і клопатам.
Сям’я Маслоўскіх (Мядзельскі сельсавет). Тата Уладзімір Мікалаевіч знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем, а маці Анастасія Уладзіміраўна — паштальён у аграгарадку Нарач. У сям’і выхоўваецца пяцёра дзяцей — дочкі Алена, Ангеліна, Ганна, Аляксандра і сын Ігар. Бацькі выхоўваюць у дзяцей здаровыя звычкі і любоў да працы: сын і дачушкі не баяцца работы ні ў хаце, ні ў двары. Старэйшая Алена ва ўсім дапамагае матулі і з задавальненнем займаецца ў танцавальным гуртку. А Ігар вельмі любіць маляваць, чытаць і гуляць з малодшымі сястрычкамі.
Сям’я Пузыровых (горад Мядзел). Тата Руслан Канстанцінавіч працуе ў ТАА “Пілвудбуд”,  вольнай часінай стварае карціны з дрэва. Маці Алена Іванаўна знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. Яна любіць вышываць, вязаць, шыць, займаецца бісерапляценнем. Дзяцей у сям’і — трое: Эвеліна, якая ходзіць у школу, Яраслаў, які наведвае дзіцячы садок, і зусім маленькая Дарына. Сакрэт гэтай маладой і жыццярадаснай сям’і — актыўная жыццёвая пазіцыя. Танцы — любімае захапленне ўсіх членаў сям’і Пузыровых. У студэнцкія гады Руслан Канстанцінавіч займаўся брэйк-дансам, яго жонка таксама танцавала. Таму не дзіўна, што і дзеці наведваюць танцавальныя гурткі. Прычым, маленькая Дарына, пачуўшы музыку, таксама прытанцоўвае.
Сям’я Ліхач (Нарацкі сельсавет). Мікалай Іванавіч, галава сям’і, працуе вадзіцелем у Нарацкім філіяле Маладзечанскага малочнага камбіната, выдатна ладзіць з людзьмі, уважлівы да ўсіх. Маці Вольга Леанардаўна — індывідуальны прадпрымальнік па рамонце адзення і швейных вырабаў. У яе майстэрні заўсёды шмат кліентаў, бо жанчына ўсе заказы выконвае хутка і якасна. У сям’і чацвёра дзяцей: два сыночкі Данііл і Леанід і дзве дачушкі Аліна і Алеся. Старэйшыя сур’ёзна займаюцца музыкай і з задавальненнем наведваюць школу мастацтваў, яны — удзельнікі ансамбля “Нарачанскі бамонд”. Акрамя гэтага, сябруюць са спортам і з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі ваенна-патрыятычных клубаў “Арляня” і “Зарніца”.
Сям’я Маціных (Сваткаўскі сельсавет). Аляксей Генадзьевіч і Вераніка Чаславаўна з сынам Ільёй і дочкамі Палінай і Янай жывуць у Брусах. Галава сям’і — супрацоўнік раённага аддзела ўнутраных спраў, а таксама добры гаспадар і выдатны бацька. Да пары яму і жонка — захапляецца кулінарыяй, любіць чытаць, збіраць грыбы, ягады, вядзе хатнюю гаспадарку. Сыну падабаецца матэматыка, а яшчэ ён удзельнік мастацкай самадзейнасці, любіць прыроду і даглядаць за жывёламі. Паліна — актыўная ўдзельніца школьных канцэртаў, любіць спяваць і танцаваць. Старэйшыя дзеці заўсёды дапамагаюць маці па дому і прыглядваюць за маленькай Янай. Сям’я Маціных не толькі творчая, але і працавітая, дружная, добразычлівая. Яны вядуць здаровы лад жыцця, маюць добрыя адносіны з суседзямі і аднавяскоўцамі.
Сям’я Масцяніца (Свірскі сельсавет). Увесь вольны час Франц Феліксавіч і Вольга Іосіфаўна аддаюць сваім дзецям — Дзіяне, Дзянісу і Даніілу. Усе разам займаюцца гаспадарчымі справамі, а таксама спортам, удзельнічаюць у мастацкай самадзейнасці, цікавяцца грамадскім жыццём. Франц Феліксавіч працуе слесарам на будаўніцтве атамнай электрастанцыі, а Вольга Іосіфаўна — на базе адпачынку “Лясная паляна”. Члены сям’і неаднаразова прымалі актыўны ўдзел у зімовым спартыўным свяце “Свірская лыжня”. Трэба адзначыць, што ў 2014 годзе Масцяніцы сталі пераможцамі раённага конкурсу мнагадзетных сем’яў і годна прадстаўлялі Мядзельшчыну на абласным узроўні.
Сям’я Паўлючонак (Слабодскі сельсавет). У вёсцы Сцюдзяніца ў прасторным доме жыве дружная сям’я Паўлючонкаў. Алеся Валер’еўна клапоціцца пра ўтульнасць, падтрымлівае навокал чысціню і парадак, а Іван Уладзіслававіч займаецца тэхнікай, таксама і цвік заб’е, і граду ўскапае. У сям’і выхоўваецца трое дзяцей — сыны Саша і Ваня, дачушка Віялета. Хлопчыкі вучацца ў школе і клапоцяцца пра малодшую сястрычку. Яна ж у вольны ад малявання, лепкі і выстрыгання час, прычоскі ім зробіць, пагуляе з імі. Усе святы ў сям’і праводзяць разам. Разам катаюцца на веласіпедах, выязджаюць летам на возера, ходзяць у лес. Калі і ўзнікаюць нейкія цяжкасці (куды ж без іх?), таксама імкнуцца вырашаць іх разам.
Перад журы стаяла няпростая задача вызначыць пераможцаў. Як сказала старшыня журы, намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева, рабіць гэта заўсёды складана, бо ў конкурсе ўдзельнічаюць моцныя і прыгожыя сем’і. Вельмі цяжка вызначыць, хто з іх другі, трэці і так далей. Таму ў гэтым годзе вырашана прысудзіць толькі адно першае месца, і яно дасталося сям’і Маціных, якія прадстаўлялі Сваткаўскі сельсавет. Шчаслівая сям’я атрымала дыплом пераможцы конкурсу і грашовае ўзнагароджанне.
Але арганізатары мерапрыемства не пакінулі без падарункаў ніводную сям’ю. Іх уручалі намеснік дырэктара Мядзельскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталля Шаранговіч, старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Сёмка, якая, дарэчы, адзначыла таксама асобным падарункам самую мнагадзетную сям’ю Маслоўскіх. Старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Святлана Маслоўская сувенір уручыла самай музычнай сям’і конкурсу — сям’і Ліхач, астатнія атрымалі на памяць парасоны з лагатыпам рэспубліканскага грамадскага аб’яднання. А прадстаўнік раённага аддзялення Беларускага фонду міру Алена Давыдок за нацыянальны каларыт і схільнасць да беларускасці падарункам адзначыла сям’ю Масцяніца.
Свята закончылася. Радасныя і крыху стомленыя юныя артысты, якія сваёй непасрэднасцю выклікалі замілаваныя ўсмешкі на тварах гледачоў, разам з бацькамі раз’язджаліся па дамах. Гэта быў іх дзень, дзень прызнання і трыумфу менавіта мнагадзетнай сям’і, які надоўга застанецца ў іх памяці. Шкада толькі, што па сямейных абставінах на конкурс не змагла прыехаць сям’я Куковічаў з Будслаўскага сельсавета. Засмуціла і тое, што не былі прадстаўлены на свяце Крывіцкі і Занарацкі сельсаветы. Застаецца спадзявацца, што на наступны год “Дружная сямейка” аб’яднае сваёй ідэяй яшчэ больш удзельнікаў.
Іна ЯРЧАК.
Фота Георгія Прысмакова.


27 траўня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Студзень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сне    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Фотападарожжа

возера Глубелька Касцёл у Засвіры   1-12 223_

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси