Лепшая з лепшых

ПРАФЕСІЙ у свеце — мноства. Кожная з іх вельмі важная і патрэбная. Але, бадай, асаблівай павагай карыстаюцца медработнікі…
У Іны Шукейла стаж медыцынскай сястры налічвае больш за тры дзясяткі гадоў. На працу ў паліклініку курортнага пасёлка Нарач яна трапіла па размеркаванні пасля заканчэння Мінскага медыцынскага вучылішча №2. Тады і не думала, што менавіта Нарачанскі край стане другой радзімай.
— Разлічвала, маўляў, адпрацую тры гады — і дадому, да бацькоў, у Давыд-Гарадок, што на Брэстчыне, — расказвае Іна Іванаўна. — Але, напэўна, так было наканавана лёсам, што засталася ў цудоўным Нарачанскім краі. Тут пазнаёмілася з хлопцам, які служыў у пажарнай аварыйна-выратавальнай часці. Пакахалі адзін аднаго і ў 1987 годзе згулялі вяселле.
— А як трапілі працаваць у санаторый «Белая Русь»? — цікаўлюся.
— У 1988 годзе адкрывалі здраўніцу. Набіралі кадры. Мне параілі, паспрабуй, магчыма, прымуць на працу. Падала заяву. Выклікалі на размову, пагутарылі і прынялі, — сціпла адказвае Іна.
На самай справе жадаючых было шмат, а на працу бралі лепшых з лепшых. Але ўжо тады Іну ведалі як стараннага, акуратнага, адказнага і працавітага чалавека. Таму яе кандыдатура прайшла без заўваг.
— Спачатку была медсястрой у водалячэбніцы, потым — у кабінеце іголкарэфлексатэрапіі, стаматалагічным, інгаляторыі. Пасля прапанавалі перайсці ў кабінет фізіятэрапіі. Згадзілася. Вось зараз тут, — кажа суразмоўца.
— А якія працэдуры адпускаеце адпачываючым? — пытаюся ў Іны Іванаўны.
— Масажныя кушэткі і крэслы «Nuga Best», працэдуру лакальнай крыатэрапіі — гэта лячэнне холадам. Ёсць СПА-капсула, апарат прэса-тэрапіі, прыбор для святлолячэння «Біяптрон». Ды хіба ўсё пералічыш. За дзень бывае па 40-50 наведвальнікаў, — чую ў адказ.
— А яшчэ Іна Іванаўна адпускае працэдуры ў кабінеце, дзе знаходзіцца салярый, — дадае галоўная медыцынская сястра санаторыя Марыя Шубіна. — Адну і тую працэдуру можна выканаць па-рознаму: абы зрабіць, і  можна ласкава, з пяшчотай, з душой. Пры гэтым не шкадаваць для пацыентаў добрых, цёплых слоў. Іна Іванаўна штодзень аддае пацыентам часцінку свайго сэрца. Таму шчырыя словы падзякі гавораць адпачываючыя ў яе адрас. Адміністрацыя здраўніцы неаднаразова заахвочвала яе за старанне і руплівасць, дысцыплінаванасць і адказнасць.
— Сёлета Іна Іванаўна прызнана лепшым работнікам санаторна-аздараўленчай сферы. Яе фотаздымак змешчаны на раённай Дошцы гонару. Нам вельмі прыемна, што менавіта ў нашым калектыве працуе такі чалавек, — зазначае дырэктар санаторыя Уладзімір Баравы.
— Якія засталіся ўражанні ад удзелу ў рабоце сходу актыву па падвядзенні вынікаў у народнай гаспадарцы раёна за 2015 год? — пытаюся ў Іны Іванаўны.
— Самыя прыемныя. Упершыню ўдзельнічала ў такім форуме. Вельмі хвалявалася. Дырэктар Уладзімір Уладзіміравіч падтрымліваў, маўляў, не перажывай, усё будзе добра. Чую, называюць маё прозвішча. Трэба падымацца на сцэну, а ногі сталі ватнымі. Прыемна, вядома, што маю сціплую працу заўважылі і ацанілі. Вельмі спадабаўся і канцэрт. Дадому вярталася з прыўзнятым настроем, — адказвае яна. — Дома муж павіншаваў, затым патэлефанавала з Мінска дачушка, унучка. А мне ж здаецца, нічым асаблівым  не вызначаюся, працую, як і ўсе іншыя…
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: медсястра санаторыя «Белая Русь» Іна Шукейла.
Фота Георгія Прысмакова.


27 мая 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

wjx6x-f4hhi Касцёл у Шэметава   06-012

Пабрацімы Мядзела