Шчасце з блакітнымі вачамі

Міжнародны дзень абароны дзяцей адзначаецца штогод больш чым у 30 краінах свету і з’яўляецца адным са “старэйшых” міжнародных святаў…
А пачалося ўсё ў далёкім 1924-ым з правядзення першай у свеце канферэнцыі, прысвечанай пытанням здароўя і дабрабыту дзяцей. У той жа год была прынята першая рэдакцыя Жэнеўскай дэкларацыі правоў дзіцяці, упершыню непаўналетнія грамадзяне былі надзелены правамі. Усяго дэкларацыя налічвала пяць асноватворных прынцыпаў, аднак увасобіць у жыццё рашэнні міжнароднай канферэнцыі перашкодзіла Другая сусветная вайна. 16 лістапада 1945 года ў Парыжы была створана міжнародная арганізацыя ЮНЕСКА. Яе мэтай стала садзейнічанне ўмацаванню міру і бяспекі ва ўсім свеце, выкананне правоў любога чалавека незалежна ад расавай прыналежнасці, узросту і полу. Зноў было ўзнята пытанне аб увасабленні ў жыццё Жэнеўскай дэкларацыі. У 1949 годзе на базе ЮНЕСКА ў Парыжы быў праведзены міжнародны жаночы кангрэс. А на ім — агучана клятва аб няспыннай барацьбе за мір дзеля шчаслівага дзяцінства. З таго дня абарона непаўналетніх стала не проста адной са шматлікіх функцый ЮНЕСКА, але і важнейшай задачай. А ў 1950 годзе, менавіта 1 чэрвеня, упершыню ў свеце пад эгідай Міжнароднага дня абароны дзяцей была праведзена серыя дабрачынных кірмашоў, прысвечаная падрастаючаму пакаленню. У 1954-ым свята было афіцыйна прызнана Генеральнай Асамблеяй ААН як міжнароднае.
У Рэспубліцы Беларусь ахова дзяцінства з’яўляецца адным з прыярытэтных накірункаў дзейнасці дзяржавы. Правы і законныя інтарэсы маленькіх грамадзян нашай краіны замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, Законе Рэспублікі Беларусь “Аб правах дзіцяці” і іншых дакументах. Меры па паляпшэнні стану дзяцей рэалізуюцца ў рамках разнастайных дзяржаўных праграм.  Першаснае права кожнага дзіцяці — мець сям’ю і дастойны ўзровень жыцця ў ёй. Таму ў Беларусі прыняты шэраг мер, накіраваных на падтрымку сям’і: дзейнічае сістэма сацыяльных дапамог, гарантый і льгот.
Безумоўна, нараджэнне дзіцяці — гэта шчасце. Для матуль і татаў, дзядуляў і бабуль, дзядзяў і цёцяў… Ды і для нас, супрацоўнікаў аддзела загс, гэта заўсёды падзея. І пра найбольш адметныя з іх хацелася б расказаць напярэдадні свята.
Так, летась першым дзіцем новага года стала Наталія Качарго. Яна нарадзілася 1 студзеня 2015 года і стала першынцам для Аляксандра і Дзіяны Качарго з вёскі Качаргі. Сёлета ў “лідары” выйшлі адразу два малышы. Трэцяга студзеня ў сям’і Аляксея і Ганны Кірык з Княгініна нарадзілася дачушка Анастасія, а ў мядзяльчан Андрэя і Юліі Лагутка — сынок Дзяніс.
А вось для Дзмітрыя і Аксаны з вёскі Вытраскі мінулы год стаў па-сапраўднаму “ўраджайным”. Дванаццатага лістапада ў іх нарадзіліся дзве дзяўчынкі, Маргарыта і Марыя, і такім чынам у сям’і Івановых стала шасцёра дзяцей. І варта сказаць, гэта была не адзіная двойня ў 2015-ым годзе. Сям’ю Міхаіла і Вікторыі Вайсковіч з курортнага пасёлка Нарач папоўнілі дачушкі Ульяна і Аліна. Шчасце ў двайным памеры прынёс у сям’ю Дзмітрыя і Святланы Ганчар з Мядзела год сёлетні: 1 сакавіка ў іх нарадзіліся цудоўныя дзяўчынкі — Лізавета і Вераніка.
У намінацыі “Дзюймовачка” летась перамагла Кіра Школка са Свіры — нованароджаная “вызначылася” самымі мініяцюрнымі параметрамі. А вось сапраўдным багатыром на свет з’явілася Дар’я Трубач — дзяўчынка нарадзілася вагой больш за 5 кілаграмаў.
Мяркую, на ўсё жыццё запомняць дзень рэгістрацыі нараджэння сына Алена і Павел Ніцынскія з райцэнтра. Раман з’явіўся на свет 23 верасня 2015 года і стаў сотым дзіцем, якое нарадзілася летась на тэрыторыі Мядзела і Мядзельскага сельсавета.
Што ж, са святам сябры, вялікія і маленькія! Малышам — здароўя і радасці! Дарослым — дакладнага ўсведамлення таго, што найвялікшае шчасце ўжо ў нашых руках — і гэта нашы дзеці: маленькія і не вельмі, спакойныя і не зусім, чарнявыя і з блакітнымі вачамі…
Г. КАЛМУК.
Начальнік аддзела загс райвыканкама.


27 траўня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Студзень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сне    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Фотападарожжа

84 возера Мястра 0-178 06-012

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси