Далей, хутчэй, мацней!

На Мядзельшчыне прыступілі да здачы нарматываў дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу

НА спартыўнай базе Мядзельскага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра ў мінулую суботу адбылося адметнае мерапрыемства: работнікі ўстаноў, арганізацый раёна, навучэнцы гімназіі, школ Мядзельшчыны, проста жадаючыя правяралі свой узровень фізічнай падрыхтоўкі шляхам здачы нарматываў дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Усё новае — добра забытае старое. Раней, да 1991 года, такія нарматывы называліся ГТО (Готов к труду и обороне!), яны былі вельмі папулярнымі сярод грамадзян. Сучасныя нарматывы рэгламентуюцца адпаведным Палажэннем, якое зацверджана Міністэрствам спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, і крыху адрозніваюцца. Прынамсі, здаць іх — зусім няпростая справа, што і паказала мерапрыемства.
Намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева, адкрываючы свята, падкрэсліла, што заняткі фізкультурай у любым узросце служаць умацаванню здароўя чалавека. Таму дзяржаўная палітыка ў вобласці фізічнай культуры накіравана на ўмацаванне здароўя нашых грамадзян, павышэнне фізічнага і творчага даўгалецця. Укараненне комплексу нарматываў прыцягне ўвагу людзей да больш актыўных заняткаў фізкультурай і спортам.
Скокі ўдаўжыню з месца, нахілы ўперад, падыманне тулава з ляжачага становішча на спіне на час, падцягванне на перакладзіне, чаўночны бег, бег на 30, 1500 і 3000 метраў — гэта няпоўны пералік нарматываў, якія трэба здаваць усім беларусам у рамках Дзяржаўнага комплексу. А каб атрымаць запаветны значок і пасведчанне, усе нарматывы, якія адпавядаюць узросту і полу кандыдата, трэба здаць не ніжэй за дзевяць балаў.
Як расказаў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Леанід Шыдлоўскі, праграма комплексу складаецца з шасці ступеней, якія падзелены на ўзроставыя групы ад 6-ці да 59-ці гадоў і вышэй. Першая ступень — “Алімпійскія надзеі” — ахоплівае дзяцей узростам ад 6-ці і да 10-ці гадоў, другая — “Фізічная дасканаласць” — дзяўчат і юнакоў 17-18 гадоў, пятая — “Здароўе і прыгажосць” — аб’ядноўвае мужчын і жанчын 23-29, 30-39 і 40-49 гадоў. Грамадзяне 50-59 гадоў і старэйшыя трапляюць пад патрабаванні нарматываў групы “Рух, здароўе і даўгалецце”. У кожнай групе свае нормы здачы. Напрыклад, 40-гадоваму мужчыну на 9 балаў неабходна скокнуць з месца на 227 сантыметраў, падцягнуцца 12 разоў, за 6 хвілін прабегчы 1600 метраў і г. д. Жанчыне для атрымання значка ў такім жа ўзросце неабходна скокнуць у даўжыню на 163 сантыметры, падняць тулава са становішча, лежачы на спіне, 35 разоў за хвіліну, за 6 хвілін прабегчы 1010 метраў, а за 6,4 секунды — 30 метраў і іншае. З нарматывамі можна пазнаёміцца на сайце райвыканкама.
Што тычыцца суботняга мерапрыемства, то нарматывы на значок здаў адзіны чалавек. Гэта — дзесяцігадовы вучань Сырмежскага ВПК д/с-СШ Дзмітрый Бакула. Уразіў фізічнай падрыхтоўкай і вучань чацвёртага класа Старагабскага ВПК д/с-СШ Максім Пятровіч, які на перакладзіне падцягнуўся сямнаццать разоў. Праўда, іншыя нарматывы даліся яму цяжэй. Сярод дарослых бліжэй за ўсіх наблізіліся да мары Вадзім Ясюкевіч з санаторыя “Нарач”, Ігар Анкудовіч з Мядзельскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм і індывідуальны прадпрымальнік Віктар Гіль. Іх балы былі вышэй за сярэднія, і не дацягнулі яны зусім мала. Магчыма, гэта стане добрым стымулам для трэніровак, каб на наступны раз вынік быў упэўненым і прыгожым.
Мэта атрымаць значок дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу можа стаць стымулам для заняткаў фізкультурай і спортам і для іншых жыхароў Мядзельшчыны. Па ўсім бачна, здаць нарматывы будзе складана. Але каштоўнасць узнагароды ад гэтага толькі ўзрастае.
Іна ЯРЧАК.
На здымках: моманты спартыўнага мерапрыемства.
 
Фота Георгія Прымакова.


26 мая 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Спорт

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай Лебедзі на Нарачы 0-170 від на Мядзел

Пабрацімы Мядзела