Дзверы адчыніла гімназія…

ДЗЕНЬ адчыненых дзвярэй для вучняў чацвёртых класаў і іх бацькоў прайшоў у гімназіі-інтэрнаце горада Мядзела. Адбыліся творчая прэзентацыя ўстановы, змястоўная праграма для дзяцей і зацікаўленая размова дырэктара з бацькамі патэнцыяльных абітурыентаў. Хто там прысутнічаў — не прагадаў: інфармацыя была з першых вуснаў. Тым жа, хто не скарыстаўся магчымасцю ўбачыць ўсё на свае вочы і пачуць на свае вушы, — гэты артыкул.
Чытачы раёнкі добра ведаюць пра шматлікія дасягненні мядзельскіх гімназістаў. Пра тое, што ў гэтым навучальным годзе па выніках прадметнай алімпіяды на іх рахунку 41 дыплом раённага ўзроўню і 2 — абласнога. Што трое гімназістаў выступалі за вобласць на заключным этапе алімпіяды. І пра чатыры дыпломы рэспубліканскага ўзроўню, прывезеныя з конкурсаў даследчых работ. І пра тое, што вучань гімназіі стаў лаўрэатам ХХІІІ Усерасійскіх юнацкіх чытанняў імя Вярнадскага, а ў жніўні будзе абараняць сваё даследаванне на міжнародным этапе Воднага форуму ў Стакгольме. Не варта, мабыць, нагадваць і пра каманду “Матрыкс” — прызёра чэмпіянатаў абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў па інтэлектуальных гульнях. Як і пра перамогі гімназістаў у конкурсе робататэхнікі, фотаконкурсах “Млын моды”, “Свет вакол нас”, “Фота Беларусі”. І пра тое, што летась на цэнтралізаваным тэсціраванні тры выпускнікі атрымалі больш як па 90 балаў, а сама гімназія па выніках ЦТ увайшла ў топ-100 лепшых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Беларусі… Так што пра дасягненні гэтым разам расказваць не буду.
…А вось пытанні, якія найбольш цікавілі бацькоў юных абітурыентаў, і адказы на іх (у маім вольным выкладанні) прапаную.
— Якая матэрыяльна-тэхнічная база гімназіі?
— Два камп’ютарныя класы, два лінгафонныя кабінеты для заняткаў замежнай мовай, дзве інтэрактыўныя дошкі, пяць мультымедыйных праектараў. Усе камп’ютары гімназіі (а іх 51) аб’яднаны ў лакальную сетку. Абсталяваны сучасныя кабінеты фізікі, хіміі, біялогіі. Ёсць інтэрнат для вучняў з сельскай мясцовасці. Для заселеных у яго пражыванне і харчаванне  па рашэнні раённага Савета дэпутатаў бясплатныя.
— У гімназіі вучні загружаны больш, чым у звычайнай школе?
— Вядома: на тое ж і гімназія! Тут пяць разоў на тыдзень матэматыка, пяць — замежная мова. Аднак дапушчальная нагрузка на вучня не перавышаецца ні па колькасці вучэбных гадзін, ні па аб’ёме дамашніх заданняў. Ёсць і яшчэ адзін плюс. У гімназіі дзеці маюць прыкладна аднолькавы ўзровень ведаў і здольнасцей, а таму на ўроку паспяваюць зрабіць больш, чым у звычайнай школе (дзе ў адным класе могуць быць і вельмі моцныя, і зусім слабыя вучні — а педагог павінен нікога не пакінуць без увагі).
— Якія ўступныя экзамены трэба здаваць? Калі?
* Руская мова (дыктоўка) — 2-га чэрвеня,
* матэматыка (пісьмова) — 4-га чэрвеня,
* беларуская мова (дыктоўка) — 7-га чэрвеня.
* Рэзервовы дзень — 10-га чэрвеня.
Усе іспыты пачынаюцца ў 11.00, але лепш прыйсці крыху раней.
— Уступныя экзамены ў гімназію больш складаныя, чым выніковыя кантрольныя ў 4-ым класе?
— Не. Тэксты для ўступных экзаменаў бяруцца з тых самых зборнікаў, што і кантрольныя работы ў 4-ым класе.
— Як ажыццяўляецца залічэнне ў гімназію?
— Падлічваецца выніковы бал — гэта сума трох экзаменацыйных адзнак і трох гадавых па тых жа прадметах. Як бачыце, максімум, які можна набраць — 60. Па выніковых балах складаецца рэйтынгавая табліца. Напрыклад: Іван Іваноў — 60 балаў, Пётр Пятроў — 59, Сідар Сідараў — 58… Залічаны будуць першыя 24 чалавекі ў гэтым рэйтынгу. Аднак! Па-за конкурсам пры ўмове атрымання на экзамене адзнак, не ніжэйшых за “6”, у гімназію прымаюцца дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без бацькоўскай апекі, і дзеці са шматдзетных сем’яў.
— Калі трэба падаваць дакументы ў прыёмную камісію? Якія?
— Дакументы прымаюцца з 25-га мая па 1-ае чэрвеня. Гэта: заява; копія пасведчання аб нараджэнні; медыцынская даведка пра стан здароўя; ведамасць гадавых адзнак з класнага журнала за апошні навучальны год з разлічаным сярэднім балам (акругленым да дзясятых) за подпісам дырэктара школы; дакументы, якія пацвярджаюць права на льготы пры паступленні ў гімназію-інтэрнат.
— У гімназію лепш паступаць у пяты клас? Ці можна прыйсці і пасля — у шосты, сёмы?
— Не факт, што потым будзе такая магчымасць. Бо ў іншыя класы набор ажыццяўляецца толькі пры наяўнасці вакантных месцаў. Так, у жніўні гэтага года гімназія будзе “дабіраць” вучняў у восьмы, дзявяты, дзясяты, адзінаццаты класы (дакументы прымаюцца да 10-га жніўня; уступныя экзамены: 17-га жніўня — беларуская мова, 19-га — руская, 22-га — матэматыка; 23 жніўня — рэзервовы дзень). А ў шосты і сёмы класы сёлета набор не ажыццяўляецца: няма вакантных месцаў.
Р. S. Сённяшнім чацвёртакласнікам варта памятаць: у любым выпадку (паступіўшы ў гімназію ці застаўшыся ў сваёй школе) вучыцца давядзецца самім. За вас гэтага не зробяць ні самыя лепшыя настаўнікі, ні суперсучасныя вучэбныя кабінеты.
Наталля ЛІСІЦКАЯ.


26 мая 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

Касцёл у Шэметава   возера Мястра Царква ў Слабадзе img_4257

Пабрацімы Мядзела