Дзяўчынка малюе вясёлку

На нашай вуліцы Міру ў Камарове пражывае шмат сем’яў, пра якія можна гаварыць толькі добрае. Да такіх адносяцца таксама Стральцовы, Навуменкі, Анішчанкі. Аб’ядноўвае іх не толькі суседства, але агульны балючы ўспамін — Чарнобыль, паколькі ўсе яны перасяленцы з забруджанай радыенуклідамі зоны.
Любоў Афанасьеўна Стральцова ў красавіку адзначыла свой шасцідзесяцігадовы юбілей. Хаця на выгляд ёй столькі не дасі: маладжавая, рухавая, актыўная. Разам з мужам, Паўлам Цімафеевічам, выгадавалі траіх дзяцей — сыноў Мікалая і Паўла, дачку Алену. Ва ўсіх іх ужо свае сем’і. У бабулі з дзядулем ёсць чацвёра ўнукаў. Дачка Лена абсталявалася ў аграгарадку Нарач. У яе з мужам Сяргеем дзве дачушкі — Паліна і Ангеліна. У сям’і Паўла, малодшага сына, які жыве ў к. п. Нарач, жонка Ірына і сын Алёша. А старэйшы Коля разам са сваёй сям’ёй — жонкай Аксанай і сынам Сашам — апынуўся ў Гомелі. Дзеці хінуцца да бацькоў, ахвотна прывозяць да іх унукаў. Так што сумаваць не даводзіцца. 
Любоў Афанасьеўна, хоць ужо і даўнавата жыве на Мядзельшчыне, не забывае пра сваю далёкую радзіму. А была гэта вёска Карма-Пайкі Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці. На той час у іх сям’і падрастала двое дзетак і чакалі нараджэння трэцяга, які таксама з’явіўся на свет на Магілёўшчыне, толькі пасля аварыі на ЧАЭС. Балела душа маці за лёс дзяцей — іх здароўе, будучыню. Вось і вырашылі пераехаць у Камарова. Тым больш, што ў гэтым населеным пункце жыў брат Уладзімір Афанасьевіч Бондараў, які працаваў у мясцовым прафтэхвучылішчы выкладчыкам. Мясціны тут ціхія, прыгожыя, прыглянуліся яны перасяленцам адразу. У роднай вёсцы Любоў Афанасьеўна працавала загадчыцай паштовага аддзялення, а ў Камарове перакваліфікавалася на загадчыцу фермы. Ад калгаса атрымалі дом, дзе жывуць і сёння. А на радзіму ездзяць у асноўным на Радаўніцу, каб наведаць магілы бацькоў, іншых сваякоў…
Тамара Іосіфаўна Навуменка мясцовая, нарадзілася і вырасла ў Камарове. З будучым мужам пазнаёмілася падчас вучобы ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Пасля жанчына атрымала яшчэ адну вышэйшую адукацыю — педагагічную і стала працаваць настаўніцай хіміі і біялогіі на радзіме Аляксея Анатольевіча ў вёсцы Залатаміно Кармянскага раёна Гомельскай вобласці. Мужа ж прызначылі старшынёй прафкама калгаса “Руднянскі”. Яны цешыліся, што патрапілі ў добрае месца, дзе ёсць двухпавярховыя школа, дзіцячы садок. Але, на жаль, усё нечакана перавярнулася ў лёсе. Мяжою шчасця і бяды стала Чарнобыльская трагедыя. У іх сям’і было двое дзетак — двайняты Лёня і Вераніка, якія нарадзіліся ў 1981 годзе. Вельмі перажывала за іх Тамара Іосіфаўна, а таму і вырашылі перамяніць месца жыхарства. Так яны апынуліся ў Камарове. Адразу жылі ў бацькоў, пасля атрымалі ад калгаса “Канстанцінава” дом. Дарэчы, у гэтай гаспадарцы Аляксей Анатольевіч стаў працаваць галоўным заатэхнікам. А Тамара Іосіфаўна ўладкавалася на работу ў школу. Выраслі дзеці, атрымалі адпаведную адукацыю. Вераніка стала гісторыкам, Лёня закончыў Полацкі лясны тэхнікум. У абоіх свае сем’і, а ў бацькоў — пяцёра ўнучак. Інтэлігентна пражыта значная частка жыцця, а чарнобыльская рана баліць і сёння…
Анішчанкі перабраліся ў Камарова з вёскі Шэрацін Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. Такі выбар дапамог зрабіць стрыечны брат мужа Павел, які на той час жыў у Шыкавічах. Ён з любоўю апісваў ім цудоўны Нарачанскі край, чысты ад радыяцыі. Вось і сабраліся Анішчанкі ў далёкую дарогу. Праўда, да гэтага працяглы перыяд жылі яшчэ на радзіме. Узгадваецца жанчыне, якая вялікая ўвага ўсім надавалася тады з боку дзяржавы. Рэгулярна праводзіліся медыцынскія даследаванні, выдзяляліся неабходныя лекі, дзяцей накіроўвалі ў чыстыя раёны на аздараўленне. Забаранялася збіраць ягады, грыбы, весці асабістую падсобную гаспадарку. У вёску часта прыязджалі вайскоўцы, якія рабілі замеры радыяцыі. Хваляваліся бацькі за здароўе адзінага сына Паўла, а таму і рушылі на Мядзельшчыну. Ветліва сустрэў Анішчанкаў Нарачанскі край. Жылі напачатку ў Камарове ў звычайным вясковым доме, а пасля атрымалі катэдж. Васілію Дзмітрыевічу прапанавалі пасаду галоўнага агранома калгаса “Канстанцінава”, а Марыя Іванаўна праз нейкі час уладкавалася ў мясцовую бібліятэку, дзе працуе і зараз. Жанчына душу ўкладвае ў справу, якой займаецца. Вырас Павел, вывучыўся на настаўніка фізічнай культуры, як і дзядзя, брат Марыі Іванаўны. У яго свая сям’я. З нявесткай Інай, настаўніцай гісторыі, сын працуе ў школе ў Гомелі. Выхоўваюць дачушку Дзіяну, якая кожнае лета гасціць у бабулі з дзядулем. Калі падчас канікулаў наведваюся ў бібліятэку, часта бачу побач з бабуляй дзяўчынку. Яна з цікавасцю разглядвае дзіцячыя кнігі, часопісы, а яшчэ вельмі любіць маляваць. На аркушы паперы Дзіянка старанна выводзіць алоўкам кветкі, матылькоў, фарбуе рознакаляровую вясёлку. Змрочных малюнкаў у яе няма, бо дзяцінства дзяўчынкі бясхмарнае, светлае.
Дзіяна МАСЦЯНІЦА.
Вучаніца 11 класа Свірскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа.


26 мая 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        від на Мядзел возера Мястра     Паруснікі

Пабрацімы Мядзела