“Яны жывуць побач з намі”

Пад такой назвай, незадоўга да Дня Перамогі, у нашым Нарацкім сельскім Доме культуры адбыўся вечар-сустрэча з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. Запрасілі на спатканне з жыхарамі аграгарадка ветэранаў Міхаіла Чарняўскага і Яўгена Чарнуху. На жаль, Яўген Мітрафанавіч па стану здароўя не змог прыйсці ва ўстанову культуры. Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Гады бяруць сваё. Усё менш і менш побач з намі застаецца герояў мінулай вайны. На стане здароўя адбіваюцца перажытыя выпрабаванні, атрыманыя раненні, цяжкая праца па адраджэнні разбуранай ворагамі гаспадаркі.
“Дрэвы забылі пра буры і страты,
Раны свае загаіла зямля.
Толькі нічога забыць не змагла ты,
Памяць мая”, — гавораць вядучыя Аляксандра Лапата і Ганна Дзержавец.
З іх дапамогай прысутныя акунаюцца ў страшнае і гераічнае мінулае нашай Айчыны. Зноў і зноў узгадваюцца падзеі той даўнасці, якія вярэдзяць душу і сэрцы. Успамінаецца пачатак вайны і акупацыя Мядзельшчыны ворагамі, новы парадак, які наводзілі фашысты. Як моладзь вывозілася на катаржныя работы ў Германію, пра жудасны лёс яўрэйскага насельніцтва. Толькі ў Кабыльніку (цяпер аг. Нарач) за гады вайны загінулі 344 яўрэі. Фашысты здзекаваліся нават з бацюшкі, які памёр у гестапа ў Вілейцы, але не выдаў тых, каму дапамагаў. У выратаванні яўрэйскіх сем’яў прымалі ўдзел таксама Адольф Жалубоўскі, Ганна Лях, Іван Валай. Дарэчы, Івану Валаю было пазней прысвоена Ганаровае званне “Праведнік міру”. У шэрагу вёсак гітлераўцы падверглі мірных жыхароў жудасным здзекам. Трагедыю Хатыні паўтарылі Брусы, дзе згарэў у агні 41 чалавек. Такі ж страшны лёс напаткаў і некаторыя іншыя вёскі Мядзельшчыны. Нарачанскі край стаў партызанскім. Тут з захопнікамі змагаліся людзі розных нацыянальнасцей. Партызаны разам з часцямі дзеючай Чырвонай Арміі вызвалілі нашу мясцовасць ад ворагаў, прынеслі мір і свабоду роднай зямлі. Мужнасць герояў не забываецца. Іх імёнамі названы вуліцы і скверы, памяць пра іх жыве ў сэрцах
удзячных нашчадкаў.
У ходзе мерапрыемства прыводзіліся ўспаміны некаторых відавочцаў тых падзей, якія пранікнёна прачытала Дзіяна Лівандоўская. У тым ліку Фадзея Васільевіча Каралёнка, ураджэнца вёскі Зялёнкі Нарацкага сельсавета. Вытрымкі з іх, мяркую, заслугоўваюць увагі чытачоў раённага перыядычнага выдання, а таму прывяду іх: “Даведаўшыся, што ў вёсцы ёсць партызаны, немцы раніцай наляцелі на Зялёнкі. Нічога не кажучы, пачалі выганяць людзей з хат у цэнтр вёскі. У дамах перавярнулі ўсё, шукалі партызанаў, але не знайшлі. Затым людзей пагналі ў поле за вёску. Наўкола паставілі канвой, нельга было адысціся нават па сваёй патрэбе. Людзі бачылі, як немцы ад хаты да хаты бегалі з факеламі, як пачыналі гарэць хлявы і гумны. На двары была восень, і ўсё дабро з палёў было сабрана пад стрэхі. Праца людская, цэлай вёскі, увесь хатні скарб, які збіраўся гадамі, гарэў на вачах у гаспадароў, а яны ў нямой роспачы глядзелі на гэта і ціхенька маліліся аб тым, каб толькі іх не расстралялі. Цэлы дзень нас пратрымалі на полі. Затым прыехаў нямецкі начальнік і сказаў: “Бандыты злоўлены і пакараны, людзей распусціць…” І мы пайшлі на свае папялішчы. Рукі не было за што зачапіць. Некаторыя пайшлі жыць да сваякоў у іншыя вёскі, нехта адразу на сваім разбураным падворку пачаў капаць зямлянку. Цяжка жылося. Што-кольвеч з адзежы аддалі знаёмыя і радня, так і жылі. Есці не было чаго. Збіралі асаку на балоце, малолі. Да яе дабаўлялі крухмал з мерзлай бульбы, якую збіралі на полі, пяклі бліны. Смак тых бліноў, каб і хацеў забыцца, дык не выходзіць. Так і перазімавалі. А некаторыя вяскоўцы хадзілі па людзях жабраваць. Пасля вайны вёска адбудавалася, жыццё працягвалася”.
Зачытваліся на вечары-сустрэчы і ўспаміны Надзеі Антонаўны Місуна, ураджэнкі вёскі Місуны. Яны пра жыццё ў акупацыі і пра Вялікую Перамогу, якой з нецярпеннем чакалі, пра якую так марылі: “Калі пачалася вайна, мне ішоў 8-ы год. Самыя жахлівыя падзеі назаўсёды засталіся з намі. Так было і ў той марозны зімовы дзень. Убегла бабуля ў хату і пачала лямантаваць: “Дзеткі, немцы вёску паляць, бяжыце да бабы Даркі, а я што-небудзь вынесу з хаты”. Баба Дарка жыла на другім канцы вёскі. Праз акно мы ўбачылі, як загарэліся хаты. Я ўкруціла двухгадовага брата ў посцілку, чатырохгадовую сястру схапіла за руку, і мы выбеглі з хаты… Уздоўж вуліцы стракатаў кулямёт, які немцы ўстанавілі ў пачатку вёскі. Мы зарываліся ў гурбы снегу, а побач з намі з шыпеннем лажыліся кулі. І нішто так ярка не запомнілася, як той белы снег і чорныя на ім кулі… Зноў падымаліся і беглі, а кулямёт усё стракатаў. Нам пашанцавала. Мы жывыя дабеглі да бабы Даркі. Там ужо нікога не было, акрамя нямоглай старой, якая махала рукамі, каб хаваліся ў лесе. Мы пабеглі да другой нашай цёткі. Калі зайшлі ў хату, атрупянелі: яна ляжала на падлозе ў лужы крыві і моцна крычала. Калі пачалася страляніна, яна выглянула ў акно — і куля трапіла ёй ў галаву. У жаху мы пабеглі ў напрамку лесу. Там нас знайшлі партызаны і завезлі да мамы, якая была ў іх атрадзе сувязной. Пасля гэтага доўга хварэлі, але засталіся жыць… Блакада. Гэта слова мне вядома не па кніжках. Блакада — гэта калі ўсюды вогнішчы і папялішчы, страляніна, брэшуць нямецкія аўчаркі, а мы з дарослымі хаваемся: то ў лесе, то ў балоце. Аднойчы з мамай пайшлі да знаёмых на хутар, каб абсушыцца. Там была жанчына з нашай вёскі з чатырма дзецьмі. Сядзелі ціхенька, мама варыла зацірку, бабуля стаяла на покуце і малілася. І тут убачылі, як да хаты пад’ехалі на матацыкле немцы ў чорнай вопратцы. Усе ведалі, што гэта карнікі, якія паляць вёскі разам з людзьмі. Мы выйшлі з хаты, немцы паказалі дуламі аўтаматаў, каб сталі пад страху дома. Мы сталі. Яны аб нечым пагаварылі паміж сабой, селі на матацыкл і паехалі. Мы ж стаялі, як знямелыя, гледзячы ім у след. Хутка ўбачылі, як загарэўся другі хутар. Так зноў мы засталіся жыць… Яшчэ адзін дзень вайны запомніўся на ўсё жыццё. Усе дарослыя тады знаходзіліся ў полі, а мы, дзеці, гулялі на двары. Раптам убачылі, як па вуліцы, затым па полі праскакаў вайсковец на кані. Ён моцна крычаў: “Перамога! Перамога!”. Што тут рабілася! Хто спяваў прыпеўкі, хто танцаваў. А жанчыны, у якіх былі пахавальныя, моцна галасілі. Усе падхапілі вайскоўца, падкідвалі яго ў гару, цалавалі. Людзі плакалі і смяяліся. Мы таксама крычалі: “Перамога! Перамога!”.
Так, у кожнага ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны свае дарогі, і няма сярод іх аднолькавых, як няма аднолькавага лёсу. Сваімі ўспамінамі падзяліўся на вечарыне і Міхаіл Трафімавіч Чарняўскі. Яму, партызану, франтавіку, які вярнуўся з вайны інвалідам, апантанаму краязнаўцу, які шмат год запар узначальваў раённы савет ветэранаў, было пра што расказаць прысутным. Прычым не столькі пра сябе, як пра ўраджэнцаў Мядзельшчыны, якія набліжалі Вялікую Перамогу, пра лёс якіх назбіраў шмат звестак. Не злічыць, колькі газетных публікацый прысвяціў журналіст-ветэран сваім землякам — партызанам, франтавікам, салдацкім удовам. Дарэчы, і не толькі пісаў, расказваў па радыё падчас сваёй працы пра гераічнае мінулае сваіх землякоў, роднай Мядзельшчыны, але і многія падзеі занатаваў у фотаздымках і нават у кінастужках, слайдах, якія дэманстраваў пастаянна школьнікам з усіх куточкаў Нарачанскага краю. Каб ведалі, якой цаной дасталася Перамога, шанавалі мір на зямлі. Ён жа адказаў і на пытанні, зададзеныя яму вядучымі.
Хоць і не змог прыйсці на мерапрыемства ў Дом культуры Яўген Чарнуха, але пра яго таксама не забыліся. Яўген Мітрафанавіч родам з вёскі Барані Барысаўскага  раёна. Там прайшлі яго дзяцінства, юнацтва. Адтуль пасля вызвалення  роднай мясцовасці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў яго прызвалі ў дзеючую армію. Служыў адразу ў запасным палку, дзе вялася падрыхтоўка байцоў да ваенных дзеянняў. А пасля яго разам з іншымі ваеннаабавязанымі перакінулі на вайну з мілітарысцкай Японіяй. Вызваляў салдат Манголію, Манчжурыю… Дайшоў да берагоў Ціхага акіяна…
Аповеды вядучых, успаміны відавочцаў тых падзей дапоўнілі выступленні самадзейных артыстаў. Верш на ваенную тэматыку хораша прачытала Вольга Яцына. Прагучалі падчас канцэрта песні ў выкананні Анастасіі Малашонак, Сняжаны Гіль, Паліны Гайдукевіч. Віртуозную ігру паказалі на сцэне дуэты цымбалістак у складзе Марыі Волк і Віялеты Філімоненкі, Ксеніі Наруць і Валерыі Грудзінскай, а таксама акардэаніст Арцём Пісарчык. Цёпла прымала публіка і ўдзельнікаў ансамбля народных інструментаў. Калі па шчырасці, то ўсе юныя музыканты з Нарацкай дзіцячай музычнай школы мастацтваў былі на вышыні. Канцэртныя нумары сталі цудоўным дапаўненнем да пачутага. Міхаіл Трафімавіч на ўспамін аб сустрэчы атрымаў букет кветак і музычны падарунак. Прагучалі для яго віншаванні са святам і пажаданні — здароўя, доўгіх год жыцця і мірнага неба над галавой.
Сапраўды, лепш нікому з нас не зведаць ніколі тыя цяжкасці і выпрабаванні, якія прынесла людзям старэйшага пакалення вайна. А таму так важна захаваць мір і спакой на роднай зямлі, не дапусціць кровапраліццяў.
Н. ВАРАБЕЙ.
Мастацкі кіраўнік Нарацкага СДК.


26 мая 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Мядзеле  _06-040 Царква ў Крывічах 1-12

Пабрацімы Мядзела