ПАДАРОЖЖА ПА ТВОРЧЫМ КРАІ

МЯДЗЕЛЬШЧЫНА сваёй прыгажосцю здаўна натхняла на творчасць многіх мастакоў, паэтаў, кампазітараў. Прапаноўваем вашай увазе невялікае падарожжа па азёрным краі. Чым багаты, якімі дзеячамі культуры ганарацца жыхары населеных пунктаў? Наконт гэтага і пойдзе ніжэй гаворка.
вёска Альшэва:
У былыя часы належала роду Хамінскіх. Сярод яго прадстаўнікоў былі генералы, палкоўнікі, епіскапы, ротмістры, губернатар, пісьменнікі і публіцысты. Сядзіба ў вёсцы сфарміравалася ў 1887-1893 гадах, з’яўляецца помнікам архітэктуры, які спалучае ў сабе абрысы народнага драўлянага дойлідства, стыляў “мадэрн”, класіцызм і неабарока. Уключае сядзібны дом (цяпер паўразбураны) і парк.
аграгарадок Будслаў:
У 1853 годзе ў вёсцы Будслаў нарадзіўся Іаахім Глінскі (1853-1898) — беларускі спявак, арганіст, кампазітар і педагог. Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі ў П. Чайкоўскага. Хор касцёла Святога Яна ў Вільна, якім дырыжыраваў І. Глінскі, лічыўся адным з лепшых у Літве. Дзякуючы яму адрадзіўся стыль а-capella і рымскі харал. Пісаў месы, музыку на словы А. Міцкевіча і У. Сыракомлі, танцы і маршы. Пачаў оперу “Паята” на сюжэт з літаратурна-беларускай гісторыі.
Будслаў — гэта радзіма “літоўскага беларуса” Янука Касцевіча (1857-1926), паэта. Нават пражываючы ў Літве, не забываў свае карані і родную мову, пісаў вершы і паэмы. Сябраваў з паэтам Маёрнісам (сапраўднае Йоніс Мачуліс), гісторыкам Й. Басанівічусам. Тут нарадзіўся Эдуард Адамавіч Будзька (1882-1958) — беларускі паэт, публіцыст, выдавец. Ён арганізаваў у Будславе беларускую гімназію, з’яўляўся ўдзельнікам 1-га Усебеларускага кангрэса (1917) у Мінску. Усім вядома і тамтэйшая ўраджэнка Паўліна Вікенцьеўна Мядзёлка  (1893-1974) — педагог, актрыса, пісьменніца, заслужаны дзеяч культуры БССР. Узнагароджана медалём “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.”. Яна з’яўляецца аўтарам гімна-песні “Пад гоман вясёлы”, паэмы “Сялянская доля”, легенды пра возера Мядзел. Янка Купала прысвяціў ёй, сваёй музе, п’есу “Паўлінка”, у якой Мядзёлка сыграла галоўную ролю. Затым былі ролі Зоські (“Раскіданае гняздо” Янкі Купалы), Франкі (“Хам” Э. Ажэшкі). За сваё жыццё П. Мядзёлка сустракалася з рознымі дзеячамі культуры і мастацтва: Янкам Купалам, М. Багдановічам, З. Бядулем, К. Каганцом, Я. Драздовічам і многімі іншымі. Яе імя носіць Будслаўская сярэдняя школа, адна з вуліц аграгарадка.
Самая вядомая пабудова ў Будславе — касцёл бернардынцаў, помнік архітэктуры позняга барока, узведзены ў другой палове XVIII стагоддзя. Алтар таніраваны чорным колерам, фігуркі святых — у золаце. Тут знаходзіцца і адзін з найбольш шануемых католікамі Беларусі абразоў Божай Маці, ахвяраваны касцёлу ў 1613 годзе.
вёска Зані:
У 1957 годзе тут нарадзіўся Ігар Васільевіч Жук — літаратуразнаўца, доктар філасофскіх навук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Ён з’яўляецца аўтарам больш трох дзясяткаў артыкулаў і рэцэнзій аб розных праблемах беларускай літаратуры.
вёска Засвір:
У канцы 1920 года Казімір Сваяк (сапраўднае Канстанцін Мацвеевіч Стаповіч, 1890-1926) — паэт і святар, атрымаў прызначэнне ў Засвірскі паўразбураны касцёл. Тут раскрылася яго літаратурна-творчая і культурна-асветніцкая дзейнасць. Казімір Сваяк з’яўляецца аўтарам зборніка вершаў, філасофскага дзённіка “Дзея маёй мыслі, сэрца і волі”. Сюды да Казіміра Сваяка прыязджаў мастак, графік, этнограф, пісьменнік, фалькларыст Я. Драздовіч (псеўданім Я. Нарцызаў (1888-1954)), з якім абмяркоўваліся пытанні беларускага мастацтва, літаратуры і гісторыі. Наведваўся сюды да свайго брата Казіміра Сваяка і беларускі грамадска-палітычны і музычны дзеяч, публіцыст, аўтар зборніка песень з нотамі “За Бацькаўшчыну” Альбін Мацвеевіч Стаповіч (1894-1934). У вёсцы, дзесьці ў кіламетры ад возера Свір, знаходзіцца манастыр кармелітаў, пабудаваны ў пачатку XVIII стагоддзя, які ўключае ў сябе касцёл, жылы корпус, званіцу і браму. З’яўляецца помнікам архітэктуры барока.
вёска Калодзіна:
80 год таму тут нарадзіўся Яўген Пятровіч Шабан (1936-1982) — драматург, паэт, акцёр, рэжысёр, стваральнік мноства тэлевізійных інсцэніровак па матывах твораў Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Васіля Быкава, Івана Чыгрынава і іншых. Перавёў на беларускую мову некаторыя творы М. Шолахава, В. Шукшына, з’яўляецца аўтарам зборнікаў вершаў “Нарачанка”, “Чырвоныя сумёты”.
вёска Камарова:
У XX стагоддзі ў вёсцы сфарміраваўся сядзібны комплекс, які ўключаў жылы дом, падсобныя пабудовы, парк, свіран. Сядзіба з’яўляецца помнікам архітэктуры стыля “мадэрн”.
вёска Канстанцінава:
120 год таму тут завяршылі будаўніцтва касцёла Узнясення Дзевы Марыі — помнік архітэктуры позняга класіцызму.
вёска Качаны: 
Гісторыя вёскі цесна звязана з сям’ёй Шаранговічаў. Менавіта тут нарадзіўся ў 1939 годзе Васіль Пятровіч Шаранговіч — беларускі графік, вядомы педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі і культуры Польшчы, народны мастак Беларусі, прафесар. За свой творчы шлях ён праілюстраваў больш за 60 выданняў такіх аўтараў, як Янка Купала, Якуб Колас,
М. Багдановіч, Л. Талстой, У. Маякоўскі, Д. Рыд… Сярод работ Васіля Пятровіча серыя “Край Нарачанскі”, трыпціх “Дзе крыўда адвечная спела”. Графік заахвочаны шматлікімі дыпломамі ўсесаюзных і рэспубліканскіх конкурсаў, медалём Францыска Скарыны. У 1986 годзе за серыю гравюр “Памяці вогненных вёсак” прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі.
Тут жа, праз 17 год, нарадзіўся вядомы беларускі мастак, ілюстратар, педагог Канстанцін Пятровіч Шаранговіч, брат Васіля Пятровіча. Ён працуе ў тэхніцы кніжнай і станковай графікі і жывапісу. Супрацоўнічаў з выдавецтвамі “Юнацтва”, “Мастацкая літаратура”, “Навука і тэхніка”, “Народная асвета”, “Беларусь”. Праілюстраваў больш за 40 выданняў, аформіў “Казкі беларускіх пісьменнікаў”, кнігі
В. Віткі, І. Шамякіна. Стварыў графічныя серыі па рамане І. Мележа “Подых навальніцы”, “Падарожжа па Нёману”, жывапісных кампазіцый “Рыжы сабака”, “Старая яблыня”. Працаваў ілюстратарам у часопісах “Бярозка”, “Маладосць”, “Нёман”.
вёска Каракулічы:
Паэт, член Саюза пісьменнікаў БССР Мар’ян Мікалаевіч Дукса нарадзіўся на хутары каля вёскі Каракулічы Мядзельскага раёна ў 1943 годзе. Свой творчы шлях пачаў у раённай газеце “Нарачанская зара” ў 1960 годзе. Зараз М. Дукса — вядомы аўтар зборнікаў вершаў для дарослых і дзяцей, лаўрэат літаратурнай прэміі імя
А. Куляшова за кнігу “Заснежаныя ягады”.
аграгарадок Княгінін:
Тут знаходзіцца пабудаваная ў XIX стагоддзі Троіцкая царква — помнік народнага драўлянага дойлідства.
вёска Круці:
Вядомы ўраджэнец вёскі Міхаіл Міхайлавіч Чарняўскі — беларускі археолаг, мастацтвазнаўца і пісьменнік — нарадзіўся ў 1938 годзе. Пры раскопках у вёсцы Лоск Валожынскага раёна адкрыў горад XII-XIV стагоддзяў — летапісны Лошаск. З’яўляецца аўтарам кніг “Неаліт беларускага Панямоння”, “Вогнепаклоннікі”, шматлікіх энцыклапедычных артыкулаў па гісторыі і археалогіі, складальнікам (дарэчы, упершыню на Беларусі) выдання “Ілюстраваная гісторыя старажытнай Беларусі”. За шматгадовую творчую працу калегі выбралі яго ў 1990 годзе загадчыкам археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. Пайшоў з жыцця Міхаіл Міхайлавіч у 2013 годзе.
гарадскі пасёлак Крывічы:
Ён можа ганарыцца выхадцамі з сям’і Ходзькаў. Ян Ходзька (Барэйка, Ян са Свіслачы) (1777-1851) — пісьменнік, драматург, грамадскі дзеяч, прыхільнік таварыства шубраўцаў, адзін з арганізатараў масонскіх лож у Мінску і Вільна,
удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў, пасля якога быў выславы на Урал. З’яўляецца аўтарам камедыі “Вызваленая Літва, або пераход Нёмана”, трагедыі “Кракус”, артыкулаў па гісторыі Міншчыны. Адзін з сыноў Яна — Юзаф Ходзька (1800-1881) стаў генерал-лейтэнантам рускай арміі, ваенным тапографам, геадэзістам і альпіністам. Вядомы тым, што ўзняўся на Вялікі Арарат — больш за 5 тысяч метраў над узроўнем мора, выканаў там тапаграфічныя работы. За даследаванне Каўказа атрымаў ад рускага геаграфічнага таварыства Вялікі Канстанцінаўскі медаль. З’яўляўся членам Парыжскага геаграфічнага таварыства, зрабіў поўнае апісанне ўсёй групы Мінеральных вод непадалёку ад Пяцігорска. Разам з прафесарам В. Струве прымаў удзел у тапаграфічных вымярэннях Беларусі.
Другі з сыноў Яна — Аляксандр (1804-1891) — паэт, фалькларыст, славіст, усходазнаўца, прафесар славянскіх культур універсітэта ў Францыі. За “персідскую граматыку” атрымаў ад Напалеона III крыж ганаровай лігі. Падрыхтаваў размоўнік на турэцкай мове, першым з еўрапейцаў апісаў і прааналізаваў фальклор туркмен, эпас Кёр-Аглы, вершы туркменскіх паэтаў. Яшчэ адзін сын Яна Ходзькі — Міхаіл (1808-1879) — паэт, перакладчык з англійскай і нямецкай моў, аўтар паэм, успамінаў “Экспедыцыя ў Польшчу ў 1833 г. аднаго з амісараў” і “Міцкевіч і польскі легіён у Італіі”.
На цэнтральнай вуліцы гарадскога пасёлка размешчана Троіцкая царква, пабудаваная ў другой палове XIX стагоддзя — помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Там жа знаходзіцца і манастыр
трынітарыяў, узведзены ў другой палове XVIII стагоддзя — помнік архітэктуры барока. Уключае касцёл Святога Апостала Андрэя і жылую пабудову.
вёска Кузьмічы:
Тут у 1937 годзе нарадзіўся Расціслаў Марцінавіч Гірвель — іканапісец, член Саюза мастакоў Расіі. Працуе ў Пецярбургскім НДІ праваслаўнай іканалогіі. Абразы яго пісьма ўпрыгожваюць храмы Пецярбурга, гарадоў Расіі, Беларусі, Італіі, Германіі. Яго працы ёсць у Іерусаліме, а таксама ў прыватных калекцыях. Расціслаў Марцінавіч распрацаваў уласную методыку навучання іканапісу падлеткаў, чым і займаецца ў Дзіцячай праваслаўнай школе іканапісу.
вёска Мікольцы:
Гэта радзіма Адольфа Усцінавіча Варановіча (1940-2001) — члена Саюза пісьменнікаў СССР, сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі Дзяржаўнага камітэта БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні. Адольф Усцінавіч працаваў у рэдакцыі часопіса “Полымя”, першыя апавяданні надрукаваў у 1970 годзе ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”. У яго літаратурнай скарбонцы кнігі “Высокі падмурак”, “Агні хат”, “Жывыя душы”.
горад Мядзел: 
Гісторыя Мядзела звязана з імем Уладзіміра Мікалаевіча Дубоўкі (1900-1976) — беларускага савецкага паэта, празаіка, мовазнаўцы, перакладчыка, літаратурнага крытыка, лаўрэата літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы. Ён — член Саюза пісьменнікаў СССР, аўтар зборнікаў вершаў і паэм, казак, пераводаў на беларускую мову санетаў У. Шэкспіра, твораў Дж. Байрана,
І. Гётэ, А. Пушкіна, С. Ясеніна і іншых. У 1912-1914 гадах Уладзімір Мікалаевіч вучыўся ў школе ў мястэчку Мядзел. У памяць пра Уладзіміра Дубоўку сярэдняя школа №1 горада з верасня 1990 года носіць яго імя. Там адкрыта літаратурна-мемарыяльная зала-музей, прысвечаная Уладзіміру Мікалаевічу, і ўпершыню прагучала цудам уцалелая ў складаныя 1930-1950 гады “арыя Браніславы” з незавершанай оперы Мікалая Равенскага “Браніслава” на лібрэта У. М. Дубоўкі па яго аднайменнай паэме (апера пісалася дзесьці ў 1929-1930 гадах у Маскве, работа спынілася ў сувязі з арыштам У. Дубоўкі).
вёска Навасёлкі (зараз уваходзіць у склад Мядзела):
У 1934 годзе тут нарадзілася Лія Мацвееўна Салавей (у дзявоцтве Скурко, сваячніца Максіма Танка) — беларускі фалькларыст, кандыдат філалагічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі ў 1986 годзе. Адна з першых вывучыла жанр народнай балады ў беларускім фальклоры. З’яўляецца аўтарам дзясяткаў артыкулаў, манаграфій “Беларуская народная балада”, “Валачобныя песні”.
Сапраўдны гонар Мядзельшчыны і Марыя Георгіеўна Захарэвіч — актрыса тэатра, радыё, кіно, тэатральны рэжысёр. Землякі яе ведаюць як народную артыстку Беларускай ССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Марыя Георгіеўна ўзнагароджана ордэнам Дружбы народаў, медалямі Францыска Скарыны, “Ветэран працы”, Святога Раўнаапостальнага Кірылы Тураўскага, Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Яна ўладальніца вышэйшай узнагароды Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі — прэміі “Крыштальная Паўлінка-2004”, прыза Беларускага Саюза кінаматаграфістаў “За адданасць кінамастацтву” XIII Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад-2006”, Ганаровы грамадзянін Мядзельскага раёна і Мінскай вобласці. Амаль 50 год Марыя Захарэвіч аддала тэатру імя Янкі Купалы. Апошні час займаецца рэжысурай: аўтар тэатральных пастановак “Апошняя ахвяра” па А. Астроўскаму, “Характары” па В. Шукшыну, эксперыментальнага спектакля “Я не пакіну цябе”.
аграгарадок Нарач:
У тагачасным Кабыльніку нарадзіўся Часлаў Францавіч Кудаба (сапраўднае Худаба) (1932-1993) — географ, публіцыст, літоўскі і беларускі грамадскі дзеяч, прафесар, старшыня Фонду культуры Літвы, двойчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Літвы. Пад кіраўніцтвам Часлава Францавіча створаны геаграфічны атлас Літвы, ён з’яўляецца аўтарам больш за 1000 артыкулаў па пытаннях культуры, прыроды, экалогіі. У цэнтры вёскі ў XVIII-XX стагоддзях былі ўзведзены чатыры помнікі архітэктуры, 115 год таму — касцёл Святога Апостала Андрэя ў стылі неаготыка. Побач з ім знаходзіцца званіца. Квадратная трох’ярусная пабудова XVIII-XIX стагоддзя — помнік драўлянага дойлідства. Насупраць касцёла размешчана плебанія, узведзеная ў пачатку ХХ стагоддзя з цэглы — помнік грамадзянскага дойлідства. Тут жа знаходзіцца царква Святога Ільі — помнік архітэктуры псеўдарускага стылю, пабудаваная з выкарыстаннем бутавага каменю.
вёска Нарэйшы:
Тут (па іншых крыніцах — у Мінску) у 1927 годзе нарадзілася Галіна Феліксаўна Сідзельнікава — дыктар беларускага радыё, заслужаная артыстка Беларусі. На працягу 35 год творча працавала на беларускім радыё. Работа Галіны Феліксаўны адзначана рознымі ганаровымі дыпломамі, граматамі Дзяржтэлерадыё СССР і БССР.
вёска Наўры:
Ураджэнцам яе быў Барыс Сцяпанавіч Пястун (1926-1999) — педагог, мастак-пейзажыст, які працаваў у Сваткаўскай сярэдняй школе. Каля паўтысячы палотнаў прысвяціў прыгажосці роднага краю і Беларусі. Назвы карцін кажуць самі пра сябе: “Нарачанка”, “Спакойна дрэмле Нарач”, серыі “Коласаўскія мясціны”, “Нёман”… Шэраг палотнаў адлюстроўвае мясціны, звязаныя з жыццём Максіма Танка.
вёска Носавічы:
Тут у 1950-1955 гадах у пачатковай школе працаваў Аркадзь Дзмітрыевіч Чарнышэвіч (1912-1967) — пісьменнік, аўтар зборнікаў апавяданняў для дзяцей і дарослых, гісторыка-рэвалюцыйнага рамана-хронікі “Засценак Малінаўка”. Ён збіраў у азёрным краі матэрыял для напісання твораў, у гэты час выйшлі ў свет яго аповесць “У адной сям’і”, зборнік апавяданняў “Зосін лужок”.
вёска Пількаўшчына:
Яна вядома на ўвесь белы свет тым, што тут нарадзіўся народны паэт Беларусі, дзяржаўны дзеяч, Герой Сацыялістычнай Працы Максім Танк (сапраўднае Яўген Іванавіч Скурко (1912-1995)). А яшчэ Максім Танк — лаўрэат Ленінскай і Сталінскай прэмій, Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР імя Янкі Купалы, акадэмік Акадэміі навук БССР, Старшыня Вярхоўнага Савета Беларускай ССР (1965-1971). Яго творы пераведзены на многія мовы народаў свету, на вершы паэта складзена музыка.
На слыху ў Беларусі яшчэ адзін ураджэнец гэтай вёскі Іосіф Уладзіміравіч Скурко (1938-1989) — сваяк Максіма Танка, паэт, філолаг, кінадраматург, член Саюза пісьменнікаў БССР, аўтар зборніка лірыкі, сцэнарыя дакументальнага фільма, перакладчык на беларускую мову твораў вядомых аўтараў. У 1972 годзе песня на вершы І. Скурко “Верасы” была прызнана лепшай песняй года.
гарадскі пасёлак Свір:
На Мядзельшчыне некаторы час хаваўся ад улад В. Дунін-Марцінкевіч за прыналежнасць да нацыянальна-вызваленчага руху, падтрымку ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў. Ды не зусім удала, бо ў 1864 годзе Навума Прыгаворку (пад такім псеўданімам друкаваўся В. Дунін-Марцінкевіч) арыштавалі ў мястэчку Свір. У цэнтры пасёлка размешчаны Мікалаеўскі касцёл-помнік эклектычнай архітэктуры з рысамі неабарока. Узведзены з цэглы ў 1908 годзе. А на ўскраіне ў пачатку XX стагоддзя пабудавана стараверская царква Прачыстай Багародзіцы — помнік народнага дойлідства. Непадалёку ад пасёлка таксама ў ХХ стагоддзі сфарміравалася сядзіба — помнік архітэктуры стылю “мадэрн”. Захаваліся жылы дом і парк. Цяпер там псіханеўралагічны дом-інтэрнат.
вёска Скары:
Вядомы ўраджэнец гэтай вёскі Міхаіл Вікенцьевіч Мялешка (1892-1941) — беларускі гісторык, этнограф, публіцыст, адзін з арганізатараў архіўнай справы на Беларусі. Даследаваў праблемы прыгонніцкага права, сялянскіх выступленняў супраць самадзяржаўя ў 1863 годзе і ў рэвалюцыю 1905-1907 гадоў. У 1930 годзе яго арыштавалі і саслалі на пяць год у Самару. Рэабілітаваны ў 1957 і 1962 гадах.
вёска Старынкі:
Тут у 1949 годзе нарадзіўся Уладзімір Іванавіч Каўрус — саліст (тэнар) Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. За яго плячыма вучоба ў Маладзечанскім музычным вучылішчы, Беларуская дзяржаўная і Кіеўская кансерваторыі, стажыроўка ў Чэхаславакіі. У рэпертуары Уладзіміра Іванавіча творы розных вакальных жанраў. Цікавы факт, што яго маці Надзея Сямёнаўна, сваячніца вядомага беларускага хормайстра Віктара Роўды, мела прыгожы голас, а бабуля, Крысціна Роўда, славілася ва ўсім наваколлі цудоўнай спявачкай.
вёска Холма:
Гэта радзіма Яўгена Нікіфаравіча Рапановіча (1929-1987) — педагога, загадчыка рэдакцыі ў выдавецтве “Беларусь”. Пазней Яўген Нікіфаравіч працаваў у рэдакцыях Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, Дзяржкамвыдата БССР, “Народная асвета”, “Навука і тэхніка”. У 1962-1963 гадах выкладаў рускую мову ў Гаванскім інстытуце (Куба), з’яўляўся аўтарам слоўнікаў назваў населеных пунктаў Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай абласцей у 6 тамах (1977-1986).
Безумоўна, прадстаўлены вашай увазе матэрыял — гэта толькі невялікая частка культурнага пласта Мядзельшчыны. Аднак і яго дастаткова, каб зразумець: жыхарам азёрнага краю ёсць пра каго ўспамінаць…
Ю. АЎЧЫННІКАВА.
Архівіст занальнага дзяржаўнага архіва ў г. Маладзечна.


19 траўня 2016.   Каментарыі: Адзін камэнтар.    Размешчана ў Гісторыя, Культура

Да запісу Адзін камэнтар

вельмі! вельмі цікава і вельмі патрэбна! вялікі дзякуй!

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

img_4257 223_ Касцёл у Мядзеле

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси