Адна на дваіх паласа перашкод

ЯК працуе міліцыянер-кінолаг, даводзілася бачыць хіба што па тэлевізары. Разумныя і надрэсіраваныя сабакі ў кадрах кінастужак заўсёды аказваюцца ў патрэбным месцы ў патрэбны час, дэманструючы, часам, неверагодныя здольнасці і ўменні. Не дрэнна, думаю, выглядаў бы на экране і аўчар Абель (націск на першы склад), які пражывае ў вальеры на тэрыторыі нашага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь. Ён падчас паказальных выступленняў паслухмяна і дакладна выконвае самыя розныя каманды свайго гаспадара — міліцыянера-кінолага групы затрымання ўзвода міліцыі Сяргея Баўтрамовіча, выклікаючы ў гледачоў самыя лепшыя эмоцыі. Можна толькі здагадвацца, якая праца стаіць за гэтым дзясяткам хвілін выступлення. Дакладна тое, што, каб працаваць з такім гадаванцам, трэба мець асаблівы склад характару. Сяргей Сцяпанавіч пагаджаецца з маімі разважаннямі і расказвае, як сталася ў жыцці, што ён — прадстаўнік такой цікавай і рэдкай прафесіі міліцыянера-кінолага.
— Быць міліцыянерам — мая дзіцячая мара, — расказвае ён. — Тады ўсе хлопчыкі майго ўзросту хацелі стаць ці касманаўтамі, ці міліцыянерамі, ці футбалістамі. Але вучыцца пайшоў у Вілейскае ПТВ і стаў слесарам-зборшчыкам-мантажнікам радыёэлектроннай апаратуры. Пасля тэрміновай службы ва Узброеных Сілах работы па спецыяльнасці не было, таму вырашыў ажыццявіць сваю мару. Было гэта дваццаць гадоў таму, і памятаю, што давялося прайсці дастаткова складаны адбор. Жадаючых хапала. Напачатку год служыў міліцыянерам узвода міліцыі аб’яднання “Ахова”. Потым мяне накіравалі ў вучэбны цэнтр пад Мінскам, а там знаходзіцца гадавальнік службовай сабакагадоўлі. Міжволі назіраў за тым, як займаюцца з чатырохногімі будучымі памочнікамі супрацоўнікаў міліцыі. А паколькі ў нас на той момант была вакансія міліцыянера-кінолага, то і вырашыў згадзіцца на яе. Гэта быў верасень 1997 года. Сабак з гадавальнікаў у нас не было, ды і вальераў для іх утрымання на тэрыторыі таксама не мелі, таму трымалі службовых гадаванцаў кожны ў сябе дома. Толькі ў 2009 годзе гэтаму пытанню надалі большую ўвагу: нас, кінолагаў, пачалі збіраць на абласныя зборы, сабак пачалі выбракоўваць і выдаваць пародзістых з гадавальнікаў. Цяперашняга свайго сабаку Абеля атрымаў трохмесячным шчанюком у маі 2009 года. Ужо з іменем і, канечне, з дакументамі. Першым часам трымаў яго ў сябе ў кватэры, а потым ён пасяліўся ў адным з пабудаваных на тэрыторыі аддзялення вальераў. Дрэсіраваў яго сам з маленства, таму і вынік, лічу, атрымаўся нядрэнны.
Як шчанюк падрос, Сяргей Сцяпанавіч паехаў з ім у Барысаўскі вучэбны цэнтр. Але гаспадар смяецца, што будучы ахоўнік там больш спаў, чым трэніраваўся. У 2011 годзе міліцыянер-кінолаг са сваім гадаванцам на два месяцы трапілі ў вучэбны цэнтр падрыхтоўкі кінолагаў. Там атрымалі грунтоўную падрыхтоўку і на выдатна здалі экзамены, прычым такі вынік мелі толькі тры міліцыянеры з сабакамі з дваццаці трох. Выдатную падрыхтоўку дэманстраваў гадаванец Сяргея Сцяпанавіча і ў наступныя гады падчас удзелу ў абласных конкурсах прафесійнага майстэрства, калі займалі і чацвёртыя, і трэція месцы.
Гаспадар Абеля кажа, што моцна складаных і небяспечных спраў на рахунку сабакі няма. Яно і нядрэнна, што ў нас адносна спакойна. Але часам бывае дастаткова адной толькі прысутнасці службовай аўчаркі, каб “прыструніць” злачынцу, каб ён стаў больш згаворлівы і паслухмяны. Зручна з дапамогай сабакі шукаць накірунак, у якім уцякаў злачынца, таму чатырохногага дапамагатага бяруць на разбоі і рабаванні.
— За гэтыя гады ў нас утварылася вельмі цесная сувязь з сабакам, — працягвае свой расказ Сяргей Баўтрамовіч. — Прыходжу карміць яго, толькі адчыняю дзверы (вальеры далей знаходзяцца), а ён ужо адгукаецца, голас падае. Кармлю Абеля выключна я, ежу рыхтую дома. На гэта спецыяльна выдзяляюцца сродкі, трэба прытрымлівацца і пэўных норм харчавання. Напрыклад, летам гадаванца трэба карміць два разы на дзень, а зімой, з надыходам халадоў — тры. Адказнасць за яго — цалкам на мне. У тым ліку і абавязковыя штодзённыя прагулкі. Гуляем па месцы, купацца ваджу, а восенню — і за грыбамі бяру. Каманды выконвае ўсе, якія трэба. А цяжэй за ўсё чамусьці далася каманда “голас!”. Так доўга біўся над гэтым. Бывае, лянуецца перапаўзаць як трэба. Затое цудоўна атрымліваецца праходзіць паласу перашкод. На апошніх абласных спаборніцтвах мы паказалі першы вынік. А элементы паласы досыць складаныя: пераадолець сценкі маленькую і двухметровую, высокую лесвіцу з перагонам, перапаўзці пасткі, ямы і іншыя. Я адчуваю яго, а ён — мяне. Падчас трэніровак, калі чуе слабінку з майго боку (не дастаткова строгая інтанацыя), можа наогул адвярнуць галаву. Затое Абеля не трэба шукаць, хвалявацца, што ўцячэ, як некалі першых сабак. Ён прызнае мяне за гаспадара і сам, калі што, шукае.
Сяргей Сцяпанавіч раіць маладым хлопцам, якія мараць пра міліцыю, звярнуць увагу і на магчымасць быць міліцыянерам-кінолагам, асабліва, калі ёсць любоў да жывёл. Гэта цікавая праца, а яшчэ магчымасць займець надзейнага сябра. Хоць і чатырохногага.
Іна ЯРЧАК.
На здымку: міліцыянер-кінолаг групы затрымання ўзвода міліцыі аддзялення Дэпартамента аховы Сяргей Баўтрамовіч са сваім гадаванцам Абелем.
Фота Георгія Прысмакова.


19 мая 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Лебедзі на Нарачы  возера Мястра  возера Глубелька _06-040

Пабрацімы Мядзела