Сабака бывае куслівым…

Любоў да сабак асабіста ў мяне бязмежная. А мара пра даўгашэрсную коллі мацнее з кожным днём. Пры гэтым надзея на яе ажыццяўленне ўваскрашаецца штогод напярэдадні дня нараджэння і гэтак жа рэгулярна гасне па яго завяршэнні. Такім чынам, сітуацыя з сабакам у нашай сям’і накшталт той, што і ў знакамітай стакгольмскай. Я, з наіўнасцю Малыша, шчыра веру ў сумленне родных і пасля раскрытых каробак-канвертаў з найчысцейшай крыўдай перапытваю: “А сабакі не будзе?..” Блізкія ж знясілена рэагуюць: “О, Божа!..” Словам, усё як у мультфільме.
Зрэшты, сям’я ў чымсьці мае рацыю. Адна справа — дагадзіць роднаму чалавеку, зусім іншая — узяць на сябе адказнасць за жыццё чатырохлапай істоты. Ды і з вышыні пражытых гадоў тыя ж бацькі добра ведаюць, што сабака для дзіцяці, хоць і трыццацігадовага, — цацка на адзін дзень (у лепшым выпадку, месяц), а потым для жывёліны жыццёва неабходнымі стануць вёска і свежае паветра. І гэта ўжо не па мультфільму, а як яно бывае па жыцці.
Праўда, чаго дзівіцца: стакгольмская казка і звыклыя нам будні разыходзяцца не проста так. У той жа Швецыі сабака — не толькі член сям’і, але і грамадства. Валодае статусам не ніжэй за гаспадарскі і абыходзіцца сям’і ў кругленькую суму, таму кідацца ёй як рэччу шведам нават у галаву не прыходзіць. Не менш “цэніцца” чатырохлапае сяброўства і ў Аўстрыі. Праўда, у адказ на фінансавую шчодрасць уладальнікаў — для іх гадаванцаў у краіне адчынены спецыяльныя дзіцячыя сады, кіназалы, рэстараны, а ўздоўж вуліц стаяць ёмістасці з вадой (каб тыя не памерлі ад смагі). У Германіі ўвогуле сабакі ратуюць свет: у сэнсе, выцягваюць з пустэчы асоб без вызначанага месца жыхарства. Маламаёмасным асобам, якія маюць жывёліну, выдаюць на яе ўтрыманне па 5 еўра штодзень. Хапае на дваіх… Так ладзяцца справы ў цывілізаванай Еўропе. А што ў нас?
Дзмітрый, жыхар к. п. Нарач:
— У мяне — спаніэль. Сабака не вялікі, але патрабуе свабоды і прастору. Пашанцавала, што побач са шматпавярхоўкай, у якой жыву, знаходзіцца лес. Там, зрэшты, і гуляем з Джэйкам. А калі б дом стаяў сярод “бетону”, то наўрад ці б “паквапіўся” на дзіцячыя пляцоўкі і газоны.  Хутчэй за ўсё маёй мары не суджана было б ажыццявіцца…
Таццяна, жыхарка г. Мядзела:
— Сваю Малышку (думаю, не варта расказваць пра памеры жывёліны) і ў прамым, і пераносным сэнсе нашу на руках. І вельмі рада была б пабавіць з ёй вольны час у якім рэстаране: сабе заказала б марожанае, хатняй любіміцы — чыпсы са смакам ялавічыны. Але разумею, што сёння з “цывілізаваных” прыстасаванняў маю толькі спецыяльны савок для ўборкі жывёльных экскрэментаў і сумленне, якое прымушае гэтай рэччу карыстацца… У той жа час разумею, што за выгоды трэба плаціць. І калі ўявіць штогадовы еўрапейскі падатак у 100 еўра, то прыходжу ў свядомасць: папесціць сябе і Малышку прысмакамі можна на цудоўнай мядзельскай набярэжнай.
Ірына, жыхарка райцэнтра:
— Асабіста я — за еўрапейскую дэмакратыю. І нават тыя ж грашовыя спагнанні ўспрымаю як выхаваўчую меру. У сэнсе, калі чалавек заплаціў за сабаку і яго ўтрыманне кругленькую суму — то не выкіне праз тыдзень на вуліцу. А тое, што на Захадзе мае месца сацыяльная сфера для жывёлы, то гэта толькі згуртоўвае народ. Людзі ладзяць клубы па інтарэсах, сустракаюцца ў кафэ, кінатэатрах… Мяркую, каб і ў Мядзеле было штосьці падобнае, гэта пайшло б толькі на карысць: і знясіленым кватэрным жыццём сабакам, і не больш спешчаным свежым паветрам гаспадарам.
Жанна Апановіч, начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама:
— Рашэннем раённага выканаўчага камітэта вызначаны месцы ў райцэнтры, дзе дазваляецца выгульваць сабак. Гэта тэрыторыі ад вытворчага ўчастка камунгаса да вуліцы Нарачанская, а таксама тарфянога масіву насупраць універсама “Юбілейны” і дома № 19 па вуліцы 17 верасня. Такім чынам, клопат пра жывёлу і яе гаспадароў у нас таксама вядзецца.
…Што ж, пытанне з набыццём сабакі ў нашай сям’і па-ранейшаму застаецца адкрытым. І здаецца мне, да яго закрыцця яшчэ пройдзе не адзін год. А мабыць, і з дзясятак, пакуль ля нашай шматпавярхоўкі, а не “за тридевять земель”, з’явіцца спецыяльная пляцоўка для выгулу сабак (гэта як мінімум), ці я авалодаю жаданнем прыбіраць за доўгачаканым любімцам “адыходы яго жыццядзейнасці”… На вёску да дзядулі маю мару яўна не прымуць.
Юлія КАЗЛОВА.


29 красавiка 2016.   Каментарыі: Адзін камэнтар.    Размешчана ў Грамадства

Да запісу Адзін камэнтар

Собака Друг человека! А вот Аист – Символ Беларуси!!! – стал врагом Мядельских РЭС, причем на территории охраняемого Государством национального парка “Нарочанский”!!! Запрсто сворачивают гнёзда, мотивируя тем, что якобы Аисты уничтожают изоляцию кабеля. Ну так хотя бы согласовали уничтожение аистиных жилищ с руководством экологических и пр. официальных служб (которые между прочим получают за свою деятельность деньги). Вот пример: 22 апреля 2016 года – электрики свернули гнездо уже вернувшихся Аистов в дер. Хоневичи – входящую в этот самый нац. парк “Нарочанский”. …1 мая благородные птицы, словно обезумевшие ещё кружились над местом где был ихний дом. PS. Ну как тут не позавидовать жителям Полесья, где сами Энергетики заботятся о Буслах! Почитайте: http://media-polesye.by/news/busly-vyartayucca-na-palesse-19096 Я думаю все согласятся с словами Президента: “Полешуки – это белорусы со Знаком Качества!” Жаль что мядельским электрикам впору ставить совсем другой знак…

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

0-178 img_4257 Лебедзі на Нарачы возера Глубелька

Пабрацімы Мядзела