На Мядзельшчыне будаваў масты Янка Купала!

У Мядзельскім музеі Народнай славы праходзіць выставачны праект, прадстаўлены з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Ён называецца: “Я — шлях, якому век няма спакою”. Праект прысвечаны жыццю і творчасці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, паэта-прарока беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку XX стагоддзя ў гады Першай сусветнай вайны (1914-1918 гады). На выставе дэманструюцца стэнды, якія ўтрымліваюць фотаздымкі, біяграфічныя звесткі, вершы  Янкі Купалы.  Будзе працаваць выстава да канца красавіка. Усіх, каму неабыякава творчасць вядомай у свеце зоркі беларускай літаратуры, запрашаем наведаць наш музей.
Т. ПІСАРЧЫК.
Навуковы супрацоўнік Мядзельскага музея Народнай славы.
 МІНАЕ стагоддзе з часоў Першай сусветнай вайны, франты якой прайшлі праз землі Беларусі, што былі часткай Расійскай імперыі. У тыя поўныя трагізму гады закладваўся падмурак беларускай дзяржаўнасці, яе ідэя выспявала ў творах паэтаў і празаікаў, на долю якіх выпала стаць сведкамі бедстваў вайны і непасрэднымі ўдзельнікамі баявых дзеянняў.
Напярэдадні Першай сусветнай вайны Янка Купала — паэт-прарок нацыянальнага адраджэння, рэдактар газеты “Наша Ніва”. У 1914 годзе з яе старонак беларусы даведаліся пра трывожныя касмічныя з’явы — камету Дэлавана і зацменне Сонца. А потым — трагічная вестка пра пачатак вайны і хроніка ваенных дзеянняў, якія набліжаліся да нашай зямлі. Белыя плямы з’явіліся на старонках “Нашай Нівы” як праява дзейнасці ваеннай цэнзуры і сведчанне пра грамадзянскую пазіцыю аўтараў ненадрукаваных артыкулаў і рэдактара — Янкі Купалы.
 З набліжэннем фронту да Вільні ў жніўні 1915-га рэдактар “Нашай Нівы” Янка Купала прымае цяжкае рашэнне — закрывае газету і выязджае ў эвакуацыю. Светлай падзеяй асабістага жыцця паэта стала яго вянчанне 23 студзеня 1916 года ў касцёле святых Пятра і Паўла ў Маскве з Уладзіславай Станкевіч, даўняй знаёмай, якой у ваенны 1915 год Янка Купала прысвяціў нізку вершаў. Яго шваграм стаў даўні сябар Вінцэнт Станкевіч.
У фондах Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы захоўваюцца ўспаміны і альбом фотаздымкаў Вінцэнта Станкевіча (1886-1980), якія раскрываюць малавядомую старонку ў біяграфіі паэта.
 Знаёмства Вінцэнта Станкевіча з Янкам Купалам адбылося ў 1905 годзе ў маёнтку Яхімоўшчына і перарасло ў трывалае сяброўства ў фальварку Акопы, дзе малады інжынер, спецыяліст па сілікатнай прамысловасці, сустрэў ужо знакамітага паэта, рэдактара “Нашай Нівы”. У гэтай чароўнай мясціне, званай “беларускай Швейцарыяй”, Вінцэнт Станкевіч стаў сведкам росквіту купалавага таленту і, магчыма, адным з першых чытачоў створаных тут рамантычных паэм “Бандароўна”, “Яна і я”, “Магіла льва” і камедыі “Паўлінка”.
У 1916 годзе Янка Купала быў прызваны ў войска. Цудоўна ўсведамляючы значэнне паэта для Беларусі, Вінцэнт Станкевіч, які служыў афіцэрам у 16-ым ваенна-дарожным атрадзе ІІ арміі Паўночна-Заходняга фронту, паспрыяў накіраванню туды свайго сябра і сваяка. Тут ёсць і загадка: ці не сваяцтва з генералам Антонам Станкевічам, ураджэнцам маёнтка Губіна ля Пастаў, забяспечыла поспех гэтаму хадайніцтву?
 Вінцэнт Станкевіч і Янка Купала служылі разам. Дзейнасць 16-га ваенна-дарожнага атрада адлюстроўваюць старонкі ўнікальнага альбома-памяткі Першай сусветнай вайны. Там змешчана пяцьдзясят сем чорна-белых здымкаў, зробленых Вінцэнтам Станкевічам у прыфрантавой паласе, дзе аднаўляліся альбо пракладваліся новыя камунікацыі для патрэб фронту. Да здымкаў маюцца подпісы на польскай і рускай мовах.
 На адной са старонак чытаем па-польску: “Мост і шлюзы на рацэ Віліі, пабудаваны другім падатрадам 16-га атрада”. Здымак і подпіс на рускай мове адсутнічаюць, а чарнілам рукой Вінцэнта Станкевіча напісана ў дзевяць радкоў: “В годах I Мировой войны / в военно-дорожном отряде/Янка Купала принимал/участие в постройке/мостов на реках Белоруссии/в 1916-1918 годах/снимки делал начальник/16 отряда инженер/ В. Ф. Станкевич”.
Фармат газетнага артыкула не дазваляе, ды, напэўна, і няма патрэбы пералічваць усе фотаздымкі і подпісы да іх. Прывяду, на мой погляд, найбольш цікавыя жыхарам Мядзельшчыны:
* Выемка на дарозе “возера Нарач — Брусы”. Работа чацвёртага падатрада 16 атрада,
* Від чыгункі на ўчастку “Марціянава — Рэпішча”,
* Выемка на дарозе “Крывічы — Брусы”. Работа першага падатрада 16-га атрада,
* Укладка стрэлкі на ўчастку “Брусы — Рэпішча”. Першы падатрад 16-га атрада,
* Будова чыгункі на ўчастку “Крывічы — Брусы — Сяславіна праз Глыбокае” на Віленшчыне. Выемка на ўчастку “Рэпішча — Брусы”. Работы праводзілі 1, 2 і 3 падатрады 16-ага атрада. (Гэты подпіс адносіцца да чатырох фотаздымкаў — Аўт.),
* Мост і водазабеспячэнне на ўчастку Брусы,
* Мост і дамба на дарозе ля вёскі Старынкі.
Часткова алічбаваныя фотаздымкі з альбома Вінцэнта Станкевіча прадстаўлены ўвазе наведвальнікаў стацыянарнай экспазіцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў прысвечаным жыццю і творчасці паэта ў час Першай сусветнай вайны мультымедыйным раздзеле.
Адзінаццаць алічбаваных здымкаў з альбома ўвайшлі ў створаную ў 2013 годзе перасоўную выставу “Я — шлях, якому век няма спакою (Жыццё і творчасць Янкі Купалы ў гады Першай сусветнай вайны)”, якая экспанавалася на пляцоўках Беларусі, Літвы, Расіі. Паўсюдна альбом Вінцэнта Станкевіча выклікае вялікую цікавасць навукоўцаў, краязнаўцаў, а найбольш — жыхароў адлюстраваных на здымках мясцін. Таму факсімільнае выданне альбома Вінцэнта Станкевіча як каштоўнага сведчання рэчаіснасці на Беларусі ў гады Першай сусветнай вайны ёсць у планах музея, як і спадзяванне, што гэта ініцыятыва будзе падтрымана.
М. Барткова.
Загадчыца аддзела навукова-экспазіцыйнай і выставачнай работы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.
На здымках: 1. Вінцэнт Станкевіч (сябар і швагер Янкі Купалы) у 1915 годзе; 2. “Від выемкі паміж Крывічамі і Брусамі” — фотаздымак з альбома.


29 красавiка 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гісторыя

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

Царква ў Слабадзе 0-178 Касцёл у Шэметава   на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси