Папярэдзіць! Абараніць! Прышчапіць!

НА гэтым тыдні ў краінах Еўрапейскага рэгіёну праходзіць тыдзень імунізацыі. Яго мэта — павышэнне ўзроўню ахопу вакцынацыяй насельніцтва шляхам паляпшэння інфармаванасці ўсіх слаёў грамадства, у тым ліку медыцынскіх работнікаў і адміністрацый тэрыторый. На базе паліклінічнага аддзялення нашай цэнтральнай раённай бальніцы гэтымі днямі праводзяцца кансультацыі педыятраў, неўролага, тэрапеўтаў, гінеколагаў, эндакрынолага па пытаннях імунапрафілактыкі. Працуе “гарачая тэлефонная лінія” па нумарах 59-3-15 і 59-3-77.
Сёння ўжо даказана, што самым эфектыўным інструментам прафілактыкі інфекцый і найбольш важным дасягненнем медыцыны з’яўляецца імунізацыя. Прымяненне вакцын дазволіла знізіць, а ў некаторых выпадках цалкам ліквідаваць шэраг захворванняў, ад якіх раней пакутавалі і паміралі дзясяткі тысяч дзяцей і дарослых. Планавая імунізацыя супраць такіх захворванняў як коклюш, поліяміэліт, слупняк, дыфтэрыя, адзёр і эпідэмічны паратыт штогод выратоўвае жыццё і здароўе прыкладна 3 млн чалавек ва ўсім свеце. Яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя адзёр кожны год забіраў жыцці амаль мільёна дзяцей ва ўзросце да пяці гадоў, больш за 21 тысячу немаўлят і каля 30 тысяч жанчын гінулі ад слупняку, які і зараз сустракаецца ў бедных рэгіёнах, калі роды адбываюцца ў антысанітарных умовах, а матулі не былі прышчэплены супраць яго.
У той час, як больш бедныя краіны змагаюцца за тое, каб атрымаць вакцыны для дзяцей супраць поліяміэліту, у развітых краінах узнікаюць іншыя праблемы: насельніцтва супакоілася ў сувязі з нізкім узроўнем захворвання, і бацькі беспадстаўна адмаўляюцца ад прышчэпак дзецям. Прапаганда супраць імунізацыі ў Англіі стала прычынай развіцця эпідэміі коклюшу з-за адмовы ад прафілактычных прышчэпак 50% бацькоў, у выніку многія непрышчэпленыя дзеці, якіх можна было выратаваць, памерлі. Ва Украіне ў сувязі з павелічэннем колькасці адмоў ад прышчэпак супраць краснухі адзначаецца рост гэтага захворвання. Дагэтуль існуе пагроза заносу поліяміэліту ў краіну, бо гэта інфекцыя яшчэ не ліквідавана ў сусветным маштабе. Прышчэпку супраць яе можа і павінна атрымаць кожнае дзіця. Вылечыць поліяміэліт нельга, але яго можна папярэдзіць.
За апошнія гады дзякуючы імунапрафілактыцы паменшылася колькасць ачагоў адзёравай інфекцыі з другаснымі выпадкамі захворванняў у школах, сярэдніх і вышэйшых навучальных установах. Не рэгіструюцца захворванні ў яслях і малодшых групах дзіцячых дашкольных устаноў, а адзёр можа прывесці да пнеўманіі, сутаргі, затрымцы разумовага развіцця, страты слыху і нават смерці.
Да цяперашняга моманту працягваецца рэгістрацыя захворванняў на эпідэмічны паратыт (народная назва — “свінка”), які лічыцца дзіцячай інфекцыяй. Часам захворванне праходзіць вельмі цяжка, прыводзіць да пажыццёвых ускладненняў: страты слыху, парушэння рэпрадуктыўнай функцыі ў хлопчыкаў. Але ў апошнія гады дзякуючы ўкараненню ў практыку сістэмы аховы здароўя паратытна-адзёравай вакцыны значна палепшыліся паказчыкі ахопу вакцынацыяй супраць паратыту дзяцей у дэкрэтаваныя тэрміны.
У 400 разоў знізілася колькасць хворых на краснуху, якая нясе вялікую небяспеку для цяжарных: можа ўзнікнуць выкідыш ці нарадзіцца дзіця з вельмі цяжкімі дэфектамі развіцця, такімі як парок сэрца, слепата, глухата і разумовая адсталасць. Таму настойліва раім бацькам прышчапляць дзяцей ад краснухі, асабліва дзяўчынак як будучых матуль.
Небяспека гепатытаў В і С заключаецца ў значнай частаце пераходу вострай формы ў хранічную з далейшым развіццём цырозу печані і першаснага раку гэтага органа. Выкарыстанне вакцыны супраць гепатыту В забяспечвае высокі ўзровень абароны ад гэтай інфекцыі і небяспечных зыходаў.
Застаецца напружанай, нягледзячы на зніжэнне, эпідсітуацыя з коклюшам. Імунізацыя з’яўляецца адным з найбольш бяспечных сучасных медыцынскіх умяшанняў, якое здольна засцерагчы малых дзяцей ад такой цяжкай інфекцыі. А вось выпадкі дыфтэрыі на тэрыторыі вобласці ў апошнія два гады наогул не рэгіструюцца.
Дзякуючы імунапрафілактыцы на Мядзельшчыне на працягу апошніх 19 гадоў не рэгіструецца дыфтэрыя, адзёр і коклюш. З 2007 года няма ніводнага выпадку краснухі, з 2004 — эпідпаратыту. Імунізацыя з’яўляецца даступнай і бясплатнай для ўсіх слаёў грамадства. Для яе правядзення выкарыстоўваюцца толькі зарэгістраваныя ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь медыцынскія імунабіялагічныя прэпараты, якія належаць абавязковай сертыфікацыі.
Вакцынуючы дзіця зараз, вы папярэджваеце не толькі развіццё захворвання, але, што значна важней, развіццё цяжкіх ускладненняў. Зрабіце будучае дзіцяці больш небяспечным, падаруйце сабе радасць мець здаровых унукаў!
С. НАДТАЧЭЕВА.
Урач-педыятр установы аховы здароўя “Мядзельская ЦРБ”.


29 красавiка 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Медыцына

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

img_4257 Рэчка Нарачанка        84 Сядзіба Максіма Танка

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси