«Неспадзяванка» з трапiчных краiн

МАЛЯРЫЯ застаецца адным з самых распаўсюджаных захворванняў у свеце. Штогод у краінах Афрыкі, Азіі, Лацінскай Амерыкі і нават некаторых дзяржавах Еўропы на малярыю хварэюць звыш 500 мільёнаў чалавек і каля мільёна з іх ад гэтага паміраюць. 25 красавіка адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з малярыяй.
Малярыя — небяспечнае для жыцця чалавека захворванне, якое выклікаюць паразіты і якое перадаецца людзям праз укусы інфіцыраваных самак камароў. Асабліва рызыкуюць падхапіць інфекцыю тыя, хто едзе ў краіны, дзе гэта хвароба шырока распаўсюджана. Можна захварэць ужо на другім тыдні па прыездзе, а можна і праз 1,5 года пасля вяртання.
У чалавека, які не мае імунітэту, сімптомы з’яўляюцца праз 7 ці больш дзён (звычайна праз 10-15) пасля ўкусу інфіцыраванага камара. Хвароба праяўляецца ліхаманкай, галаўным болем, дрыжыкамі і ванітамі. Сімптомы могуць быць слабавыражанымі, што ўскладняе дыягностыку. Калі не пачаць лячэнне на працягу першых 24 гадзін, то малярыя можа перацячы ў цяжкую хваробу, якая закончыцца смяротна. Своечасовае (на працягу 24 гадзін з моманту з’яўлення сімптомаў) лячэнне дазваляе скараціць працягласць тэрапіі, а таксама папярэдзіць развіццё ўскладненняў і большасць выпадкаў смерці.
Тым, хто накіроўваецца ў службовыя камандзіроўкі і турыстычныя паездкі неабходна прыняць усе меры па прафілактыцы захворвання.
Прафілактыка малярыі складаецца з двух накірункаў: папярэджанне заражэння і захворвання.
У першым выпадку — гэта абарона памяшкання ад пранікнення пераносчыкаў (сеткі на вокнах) і абарона ад іх укусаў (усталяванне каля ложкаў марлевага полагу, знішчэнне заляцеўшых камароў інсектыцыднымі сродкамі з дапамогай электравыпаральнікаў-фумігатараў; па-за памяшканнем — апрацоўка адкрытых участкаў цела адпалохваючымі прэпаратамі-рэпелентамі). Асноўнай мерай  у папярэджанні прышчэпкавай малярыі з’яўляецца выкарыстанне для ін’екцый толькі аднаразовых шпрыцоў.
Прафілактыка захворвання — гэта прыём па прызначэнні ўрача лекавых супрацьмалярыйных прэпаратаў за тыдзень перад выездам у неблаганадзейны па трапічнай малярыі рэгіён, увесь тэрмін знаходжання там і яшчэ 4-6 тыдняў пасля вяртання дадому.
На працягу 3 гадоў пасля вяртання з небяспечнага на малярыю рэгіёну падчас кожнага звароту ў амбулаторна-паліклінічныя арганізацыі наконт любога захворвання, якое пацягнула за сабой павышэнне тэмпературы, варта інфармаваць урача пра былую паездку.
Беларусь па кліматагеаграфічных характарыстыках адносіцца да зоны нізкай рызыкі перадачы малярыі, што не выключае магчымасць фарміравання сваіх устойлівых ачагоў, як гэта назіралася напрыканцы 40-х гадоў мінулага стагоддзя, калі штогод колькасць хворых дасягала адзнакі ў 100-180 тысяч.
Завезенае захворванне на малярыю штогод рэгіструецца ў грамадзян Рэспублікі Беларусь пасля вяртання з турыстычных ці дзелавых паездак. У перыяд з 2002 па 2011 гады ў рэспубліцы фіксавалася ад 5 да 15 завезеных выпадкаў на год. У 2014 годзе такіх выпадкаў было 3, а ў 2015 — 9, прычым адзін з іх (чалавек прыбыў з Конга) закончыўся смяротна. Усяго за дзесяцігоддзе на малярыю перахварэла звыш 90 чалавек.
Э. ЗАНКАВІЧ.
Урач-інфекцыяніст установы аховы здароўя “Мядзельская ЦРБ”.


21 красавiка 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Медыцына

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

_dsc1133-3 06-012 223_ Царква ў Крывічах

Пабрацімы Мядзела