Без прадузятасці і прыдзірак

“Граматная, да справы ставіцца сур’ёзна, у ёй заўсёды можна быць упэўненым, — кажа пра памочніка ўрача-гігіеніста Людмілу Тараскевіч галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Мікалай Паршута. — Знаходзіць недахопы, якія, можа, не кожны і заўважыць. Аднак за такія  парушэнні тым, у каго яны выяўлены, бывае сорамна. І ніхто не скажа, што Людміла Іванаўна ставіцца прадузята ці прыдзіраецца”.
 Родам Людміла Тараскевіч з Пастаўшчыны. У Мядзельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі прыйшла ў 2000-ым годзе па размеркаванні пасля Віцебскага медвучылішча. Увесь час працуе ў аддзеле гігіены харчавання. Мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Па выніках 2015-га года стала лепшай па прафесіі сярод работнікаў аховы здароўя раёна.
— Ці памятаеце першыя дні ў Мядзеле? — пытаюся ў Людмілы Іванаўны.
— Так. На працу мяне прымаў Віктар Пятровіч Брагінец. Сустрэлі добра, дапамаглі знайсці кватэру (спачатку жыла на здымнай, потым — у інтэрнаце, і вось ужо чатыры гады, як пабудавала ўласную). Увогуле тут добразычлівыя ўзаемаадносіны, дапамагаем адзін аднаму. І заўсёды адчуваем падтрымку кіраўніка — Мікалая Уладзіміравіча Паршуты.
— Раскажыце пра сваю працу.
— У аддзеле нас трое: урач-гігіеніст Ілья Васільевіч Лабачоў (ён жа загадчык аддзела), мая калега Марыя Міхайлаўна Хвалько (з ёй працую з першага дня) і я. Ажыццяўляем кантроль за санітарным станам аб’ектаў, якія маюць дачыненне да харчавання. Гэта гандаль, грамадскае харчаванне, прадпрыемствы харчовай прамысловасці, малочнатаварныя фермы. На наглядзе ў нас больш за сто аб’ектаў. За год іх трэба праверыць усе ў адпаведнасці з каардынацыйным планам. Ёсць яшчэ пазапланавыя праверкі па распараджэнні галоўнага дзяржсанурача Беларусі.
— І шмат выяўляеце парушэнняў?
— Парушэнні ёсць. Недзе — бягучыя, такія, што выпраўляюцца падчас праверкі. Недзе — такія, што патрабуюць вялікіх матэрыяльных выдаткаў. Хаця за пятнаццаць гадоў, што працую тут, магу адзначыць, што сітуацыя змяняецца да лепшага. Удасканальваецца матэрыяльна-тэхнічная база аб’ектаў: робяцца рамонты, набываецца сучаснае халадзільнае абсталяванне, гандлёвыя прылаўкі. Павышаецца якасць прадукцыі. Адкрываюцца новыя гандлёвыя пункты. Так што паляпшэнне ёсць, гэта натуральна. Нічога ж на месцы не стаіць. Напрыклад, у параўнанне з мінулым годам скарацілася колькасць выяўленых выпадкаў рэалізацыі пратэрмінаваных тавараў. На расфасаванай прадукцыі з’явіліся маркіровачныя ярлыкі з інфармацыяй для спажыўца.
— Людміла Іванаўна, Вы ўжо набылі немалы вопыт. Працаваць з кожным годам усё лягчэй?
— Не. Бо аб’ём працы пастаянна павялічваецца. Патрабаванні робяцца ўсё больш жорсткімі, і іх трэба выконваць. Ажыццяўляем кантроль: часткова ў сваёй лабараторыі, часткова возім у абласны і рэспубліканскі цэнтры. Гэта неабходна, бо растуць патрабаванні да вытворчасці прадукцыі.
— Наглядавая дзейнасць — гэта і ўзаемадзеянне з людзьмі. Здагадваюся, што стасункі не заўсёды прыемныя?
— Сітуацыі розныя бываюць, бо і людзі ж розныя. Многія добра ўсведамляюць: за парушэнне санітарнага заканадаўства трэба несці адказнасць, і згодны з гэтым. Іншыя, бывае, і скандаляць. Тут важна разумець: усе патрабаванні законныя, і іх трэба выконваць.
Наталля ЛІСІЦКАЯ.


14 красавiка 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Медыцына

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

Царква ў Крывічах _06-040 06-043 Касцёл у Мядзеле

Пабрацімы Мядзела