Усім дажджам на злосць

У НАШАЙ краіне яшчэ з савецкіх часоў засталася традыцыя праводзіць суботнікі пасля зімы па ўборцы тэрыторый каля дамоў, грамадскіх устаноў. Вось і 9 красавіка прайшоў чарговы раённы суботнік па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Праявіўшы адказнасць, неабыякавасць да агульнай карыснай справы і добрасумленнасць у рабоце, актыўны ўдзел у суботніку прынялі жыхары Мядзельшчыны. Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, паўсюдна чуліся смех, жарты. Людзі працавалі ў прыўзнятым настроі.
У пладовым садзе ля вёскі Лотва ўбачылі работнікаў ААТ «Мядзельскае аграпрамэнерга», тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
— Ці многа вашых людзей працуе на суботніку? — пытаюся ў загадчыцы аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Святланы Чарняўскай.
— Дзевяць чалавек. Мы падзяліліся на дзве групы. Адна — працуе ў садзе, а другая — падбірае каменне на палетках мясцовай гаспадаркі, — чую ў адказ. — Тут клопатаў шмат. Сад стары. Давесці яго да ладу — задача не простая.
— А з бензапіламі завіхаюцца вашы людзі?
— Не, гэта з аграпрамэнерга, — адказвае Святлана. — Вунь іх старшы…
Знаёмімся. Міхаіл Коласаў на прадпрыемстве ўзначальвае будаўнічую брыгаду (здымак 1).
— Сёння на суботніку на добраўпарадкаванні саду працуюць пяць членаў брыгады і работнікі адміністрацыі. Я і Алег Паршута абразаем галінкі дрэў, жанчыны іх прыбіраюць і паляць, а потым фарбуюць вапнай ствалы дрэў. Сад павінен быць чыстым і прыгожым, — усміхаецца Міхаіл Аляксеевіч.
Кіпела работа і ў курортным пасёлку Нарач. Работнікі санаторыя «Нарач» прыбіралі смецце з прыбярэжнай тэрыторыі, грузілі яго ў кузаў аўтамабіля і вывозілі на звалку. Шмат людзей завіхалася і непасрэдна ў пасёлку. Як расказаў інжынер РВУП «Мядзельская ЖКГ» Сяргей Дзевялтоўскі, з раніцы з граблямі і мяцёлкамі завіхаюцца людзі на вуліцах і дваровых тэрыторыях курортнага пасёлка.
— Справа знайшлася кожнаму, — падкрэсліў Сяргей Вітальевіч. — І гэта толькі пачатак той вялікай работы, якую патрэбна выканаць у бліжэйшы час, каб было прыемна зірнуць і самім, і шматлікім гасцям Нарачанскага краю. Курортны пасёлак — гэта свайго роду візітная картка не толькі нашага раёна, але і ўсёй краіны.
— А хто тут працуе?
— Прадстаўнікі адміністрацыі прадпрыемства, якія жывуць у курортным пасёлку, і дворнікі вытворчага ўчастка «Нарач» (здымак 2).
— А дзе яшчэ задзейнічаны вашы людзі? — пытаюся.
— Мужчыны раўняюць бардзюры, усталёўваюць кветнікі. У мікрараёне «Кастрычніцкі» таксама завіхаюцца камунальнікі на ачыстцы дваровых тэрыторый. Зазірніце ў нашы цяпліцы, там таксама сёння шматлюдна. Жанчыны пікіруюць расаду кветак, якія з часам будуць высаджаны ў вазы і клумбы і ўпрыгожаць пасёлак, — чую ў адказ.
Сапраўды, у цяпліцы завіхаліся жанчыны. Звяртаюся да інжынера па добраўпарадкаванні і азеляненні Аліны Кібіцкай:
— Хто тут працуе?
— Наша работніца Ларыса Каралёнак, а таксама лабаранткі з водаканала Ірына Дзямідка (здымак 2), Ліля Алёшка, Вольга Лаздоўская на чале з загадчыцай лабараторыі Аленай Лапіцкай, — адказвае інжынер. — Дзякуй ім за старанне і руплівасць. Працуюць акуратна, шчыра.
Шырокі фронт работ разгарнуўся ў сельскіх населеных пунктах раёна, на вытворчых аб’ектах сельгасарганізацый. На тэрыторыі фермы «Швакшты» ТАА «Нарацкая ніва-2004» работнікі Нарацкага сельвыканкама і Нарацкага Дома культуры прыбіралі смецце, наводзілі чысціню і парадак.
Тут жа сустрэлі і дырэктара таварыства Мікалая Кудрука. Ён расказаў, што, акрамя гэтых жанчын, добра працуюць прадстаўнікі біястанцыі, сельвыканкама, культуры, бібліятэкі.
— Ды і з Нарацкай сярэдняй школы №1 таксама працуюць людзі, — дапаўняе загадчыца вытворчасці Наталля Зімніцкая.
— Якія віды работ выконваюць вашы памочнікі? — пытаюся ў дырэктара.
— Восем чалавек задзейнічаны на падборы камення на палетку ля вёскі Цюкшы. Чатыры — заняты ўстаноўкай агароджы ля гэтай фермы і чатыры — прыбіраюць тэрыторыю. Нягледзячы на кепскае надвор’е, людзі працуюць актыўна, — адказвае Мікалай Мікалаевіч.
Не засталіся ў гэты дзень без справы і работнікі дарожнай службы. Хаця ім хапае клопатаў па навядзенні парадку на дарогах раёна, не адмовіліся аказаць пасільную дапамогу хлебаробам. На азімым палетку ААТ «Мядзелаграсэрвіс» непадалёку ад кафэ «Беларуская хата» райцэнтра ўбачылі трактар «МТЗ», якім кіраваў Алег Клішэўскі. Тэхніка паволі ехала па полі, а рабочыя Руслан Шышко, Анатолій Габрусёнак і Яўген Рублан збіралі каменне і кідалі яго ў кузаў. Работа ладзілася.
— Да каторага часу будзеце працаваць? — пытаюся.
— Да сямнаццаці гадзін. Перад намі пастаўлена задача сабраць каменне на гэтым полі. Праўда, дождж крыху перашкаджае. У нізкіх месцах трактар прабуксоўвае, — чую ў адказ.
Добраўпарадкаванне, навядзенне чысціні, утрыманне ў належным санітарным стане тэрыторый грамадскага карыстання, жылых зон, двароў шматпавярховых дамоў і плошчаў, прылягаючых да асабістых падвор’яў грамадзян, — справа кожнага жыхара нашага раёна, бо робіцца гэта дзеля камфортнага пражывання. Менавіта таму нельга заставацца абыякавымі да гэтай агульнай справы, актыўна ўключацца ў работу, каб наш раён стаў яшчэ больш чыстым, прыгожым і ўтульным.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Георгія Прысмакова.


14 красавiка 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Добраўпарадкаванне

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Люты 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сту    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728  

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        _dsc1133-3 від на Мядзел возера Мястра

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси