У рэжыме ан-лайн

ЦЕПЛАЭНЕРГЕТЫКА — адна з важных сфер, за якую адказвае раённае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Мядзельская ЖКГ». Кацельні камунальнай гаспадаркі забяспечваюць цяплом і гарачай вадой горад, вытворчыя і сацыяльныя аб’екты Мядзельшчыны. Кіруюць калектывамі кацельняў вопытныя, адказныя майстры, такія як Валерый Швайкоўскі. Менавіта ён узначальвае калектывы кацельняў у аграгарадках Будслаў і Старыя Габы, а таксама вёскі Палессе.
— Ацяпляем вельмі важныя сацыяльныя аб’екты — школы, дзіцячыя садкі. Кожны разумее, што ў класах і кабінетах, гульнявых пакоях павінна быць цёпла і ўтульны. Бо менавіта тут шмат часу праводзяць дзеці, наша будучыня. Вось і стараемся рабіць усё магчымае, каб яны не адчувалі дыскамфорту ў халодныя зімовыя дні, — гаворыць Валерый Вячаслававіч.
Варта сказаць, што ў сістэме камунальнай гаспадаркі Валерый працуе больш за дзесяць год. Не адразу прыйшоў у прафесію. Пасля заканчэння Пузыроўскай сярэдняй школы паступіў вучыцца ў Мар’інагорскі саўгас-тэхнікум. Аднак прызвалі ў армію. Вучобу давялося заканчваць пасля службы. У тэхнікуме набыў спецыяльнасць тэхніка-электрыка. Працаваць уладкаваўся ў родны калгас «Бальшавік» на пасаду інжынера-электрыка.
Але быў час, калі ў гаспадарцы мелі вельмі нізкія заробкі, а ў сям’і раслі два сыны. Вось і перайшоў працаваць у Крывіцкае лясніцтва. А ў сакавіку 2007 года яму прапанавалі ўзначаліць калектыў кацельні Будслаўскай школы, якую толькі перадалі на баланс жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Падумаў Швайкоўскі — і даў згоду.
— Страшнавата было пачынаць, — расказвае Валерый Вячаслававіч. — Сцены і столь у памяшканні чорныя, у вокнах замест шкла — поліэтыленавая плёнка, горы попелу… Словам, неадкладна патрабаваўся капітальны рамонт будынка. Кіраўніцтва камунгаса жартавала, маўляў, прасцей усё разбурыць і пабудаваць кацельню нанава. І як толькі закончыўся ацяпляльны сезон, узяліся за работу. Атынкавалі сцены кацельні як звонку, так і ў сярэдзіне. Замянілі вокны і дзверы. Усё пафарбавалі. Значна палепшылі бытавыя ўмовы для работнікаў. Працуе душ, туалет, ёсць раздзявалка, пакой адпачынку. Асаблівую ўвагу надалі падрыхтоўцы катлоў, іншага абсталявання. Шмат зроблена па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Уся яна абгароджана, пасаджаны невялікі сад, абсталявана месца адпачынку. Зразумела, папрацаваць давялося многа. Не ўсе вытрымалі такой нагрузкі. Затое засталіся надзейныя, адданыя сваёй справе людзі.
У час нашай размовы майстар неаднаразова называў прозвішчы сваіх падначаленых, адзначаў іх руплівасць, бездакорнае выкананне службовых абавязкаў.
— Вось і нядаўна ў Будслаў пераехала з Пузыроў сям’я Тонкавіч. Гаспадар Дзмітрый працуе на кацельні ў Будславе, яго жонка Ганна — на кацельні ў Палессі, адкуль цяпло паступае ў дзіцячы садок. Старанныя людзі, адказныя, — кажа майстар.
Валерый Вячаслававіч паведаў, што ў сёлетні ацяпляльны сезон кацельні працавалі ў «лёгкім рэжыме», бо зіма была нехалодная. Але некалькі тыдняў, калі ўсталяваліся моцныя марозы, праверылі падрыхтаванасць і прымусілі працаваць у напружаным рэжыме. Аднак з гэтым выпрабаваннем паспяхова справіліся.
Плюсавая тэмпература на двары ў гэтыя дні не адмяняе адказнага стаўлення камунальнікаў да кацельняў. Акрамя дакладнасці ў рабоце абсталявання, важная неабходная колькасць паліва, таму заўсёды ёсць патрэбны запас дроў.
— Раней нарыхтоўкай дроў займаліся самастойна, а зараз забяспечваюць цэнтралізавана. Дровы добрыя, сухія. Прывозяць нам двух, трох і чатырохметровыя бярвенні. Распілоўваем іх на месцы самі, — працягвае размову Валерый Вячаслававіч. — У Габах з бензапілой завіхаецца качагар Валерый Хацяновіч. У Будславе гэта справа даручана Дзмітрыю Тонкавічу, які раней працаваў у Крывіцкім лясніцтве, быў вальшчыкам лесу. Таму з бензапілой ён, як кажуць, на «ты». Усе качагары маюць багаты вопыт работы, рэгулярна праходзяць перападрыхтоўку і праверку ведаў. Кожны ў любую мінуту гатоў прыйсці на дапамогу таварышу. Таму і летам, у час падрыхтоўкі кацельняў да ацяпляльнага сезона людзі працуюць дружна і зладжана. Хачу назваць яшчэ двух чалавек. Гэта Станіслаў Залатуха і Алег Талстыка з Палесся. Яны не толькі качагары, але і някепскія будаўнікі, умеюць трымаць сякеру ў руках. Менавіта яны ўзвялі добрыя паветкі для захоўвання дроў.
Літаральна пра кожнага работніка Валерый Швайкоўскі гаварыў цёпла і добразычліва. Адчуваецца, што кіраўнік ведае сваіх падначаленых, давярае ім. А тыя ў сваю чаргу імкнуцца не падводзіць майстра, строга захоўваць працоўную і тэхналагічную дысцыпліну. Менавіта таму і справы ладзяцца.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: майстар кацельняў Валерый Швайкоўскі.
Фота Георгія Прысмакова.


01 красавiка 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Жыллёва-камунальная гаспадарка, Кадры

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

Царква ў Слабадзе Лебедзі на Нарачы dsc_5774-3 img_4257

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси