У кагорце лепшых

ПА выніках работы за мінулы год раённая арганізацыйная структура ДТСААФ, якую ўзначальвае Мікалай Варабей, дасягнула значных поспехаў: сярод 8 сталічных арганізацыйных структур і 17 абласных упершыню заняла ганаровае 1-е месца за эфектыўную падрыхтоўку вадзіцельскіх кадраў. Крытэрыем сталі вынікі здачы навучэнцамі экзамена ў ДАІ з першага разу. На пленуме арганізацыйнай структуры  г. Мінска і Мінскай вобласці ДТСААФ, які нядаўна адбыўся ў сталіцы, ушаноўвалі таксама і майстра вытворчага навучання кіраванню механічным транспартным сродкам нашай раённай арганізацыйнай структуры Пятра Коршуна за прафесіяналізм і ініцыятыву ў рабоце, значны асабісты ўклад і высокія вынікі ў вырашэнні задач статута ДТСААФ.
Як паведаміў старшыня РАС ДТСААФ Мікалай Варабей, у 2015 годзе арганізацыяй падрыхтаваны 133 вадзіцелі пры плане 130. Эфектыўнай падрыхтоўцы садзейнічаюць як людзі, якія тут працуюць, так і новыя падыходы ў арганізацыі дзейнасці структуры. Напрыклад, рэгулярна абнаўляюцца навучальныя праграмы. Апошняя з іх — максімальна набліжана да экзаменацыйнай Маладзечанскага МРЭА ДАІ. Вадзіцельскія навыкі навучэнцы атрымліваюць падчас урокаў язды на аўтамабілі як расійскай вытворчасці (“ВАЗ”), так і іншамарцы. На гэты год арганізацыя заключыла дагаворы з раённым камітэтам ГА “БРСМ”  і аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама на прадастаўленне скідкі на аплату навучання ў памеры 14 працэнтаў (1 мільён рублёў). Скідкай могуць скарыстацца ўладальнікі білетаў маладзёжнага грамадскага аб’яднання і навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна, якім споўнілася 16 гадоў.
***
Майстар вытворчага навучання кіраванню механічным транспартным сродкам Пётр Коршун за плячыма мае значны багаж прафесійнага вопыту — 37 гадоў. Пачынаў у далёкім 1978 годзе інструктарам ДТСААФ, праз год перайшоў у вучэбна-вытворчы камбінат раённага аддзела народнай адукацыі і адпрацаваў там майстрам ажно да яго ліквідацыі ў 2014 годзе. І вось зараз зноў вярнуўся ў ДТСААФ. За гэтыя гады праз яго рукі прайшло столькі навучэнцаў, што Пётр Сямёнавіч жартуе: “У якую арганізацыю не зайдзі — усюды сустракаю сваіх вучняў!”  І гэта, зразумела, не столькі жарт, колькі праяўленне гонару за сваю працу. Абранай прафесіі Пётр Коршун не здрадзіў ні разу. Як пачаў вучыць кіраванню аўтамабілем яшчэ падчас праходжання тэрміновай службы ва Узброеных Сілах, так займаецца гэтым і сёння. І нават думкі не ўзнікала памяняць сферу дзейнасці. Толькі замацаваў свае веды і ўменні атрыманнем адпаведнай вышэйшай адукацыі — у 1986 годзе закончыў Мозырскі педінстытут па спецыяльнасці “настаўнік агульнатэхнічных дысцыплін”.
— Лёгкая гэта праца ці цяжкая — не магу адназначна сказаць, — дзеліцца  Пётр Сямёнавіч. — Многае залежыць ад людзей, якія прыйшлі вучыцца. Хтосьці, што называецца, на ляту хапае, з першага ўрока ўсё атрымліваецца як трэба. А бывае, што і выдзеленых гадзін некаму мала, каб навучыцца кіраваць аўтамабілем. Самае “страшнае” — калі навучэнец блытае педалі газу і тормазу, ці, уключыўшы правы паварот, круціць руль улева. Такія сітуацыі — вельмі небяспечныя. Але на маім рахунку няма бітых аўтамабіляў, абыходзілася.
— Ходзяць анекдоты пра бландзінак за рулём. Калі ж апеліраваць да вашага вопыту, то ў каго лепш атрымліваецца кіраваць аўтамабілем: у мужчын ці жанчын? — пытаюся ў спецыяліста з надзеяй разбурыць стэрэатып.
— Бываюць такія дзяўчаты, што лепш за хлопцаў вучацца, — запэўнівае Пётр Сямёнавіч. — Таму прыналежнасць да нейкага полу не мае значэння ў навучанні кіраванню аўтамабілем. Крыху ўплывае ўзрост: чым старэйшы чалавек, тым цяжэй даецца вучоба. А вось ці дадзена табе кіраваць аўтамабілем, можна даведацца толькі паспрабаваўшы гэта. Некаму хопіць пару месяцаў, каб упэўнена адчуваць сябе за рулём, а хтосьці гады на гэта затраціць. Быў у мяне вучань, які прыйшоў вучыцца ў 76 гадоў. І толькі за 46-ым  разам здаў экзамен у МРЭА. Настырны быў. Казаў, што цешча купіла аўтамабіль, дык мусіў апраўдаць яе давер.
— Цікава, а ў сям’і майстра вытворчага навучання ўсе маюць вадзіцельскае пасведчанне?
— Павінен вас расчараваць, — усміхаецца Пётр Сямёнавіч. — Жонка Антаніна Валянцінаўна нават ніколі за руль не садзілася, яна гэтага заўсёды баялася. Дачка Алена ў гэтым плане пайшла па маці. А вось сын Аляксей з пяці гадоў пачаў напрацоўваць вадзіцельскі вопыт. Але ён стаў мулярам, хоць і мае вадзіцельскае пасведчанне.
— Можна меркаваць, што праца ваша эмацыянальна напружаная, як і любая іншая работа з людзьмі. Як адпачываеце? — цікаўлюся.
— У мяне ёсць бацькоўская хата ў Круцях. Там і адпачываю, і працую, — кажа майстар. — Агарод там, сад. Добрая падтрымка да сямейнага бюджэту…
Пасля нашай размовы Пётр Сямёнавіч накіроўваецца да вучэбнага аўтамабіля, дзе яго чакае чарговы навучэнец. Звыкла адкрывае дзверку пярэдняга пасажыра, за рулём — Таццяна Каляда.
— Напэўна, прыемна вучыцца ў такога вопытнага педагога? — задаю пытанне будучаму вадзіцелю.
— Канечне, мне вельмі падабаюцца практычныя заняткі па кіраванні аўтамабілем, — кажа Таццяна. — Пётр Сямёнавіч усё даступна і зразумела тлумачыць. Цаню яго пачуццё гумару, якое дазваляе менш нервавацца. Можа любую непрыемную сітуацыю згладзіць, перавесці яе ў пазітыўнае рэчышча. Лічу, што мне пашанцавала з настаўнікам.
Іна ЯРЧАК.
На здымку: майстар вытворчага навучання кіраванню механічным транспартным сродкам раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Пётр Коршун.
Фота Георгія Прысмакова.


31 сакавiка 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Мястра _06-040 wjx6x-f4hhi Касцёл у Мядзеле

Пабрацімы Мядзела