Ай ды “прыгажосць”!..

ВЯСНА — час абнаўлення, абуджэння прыроды ад сну. І зараз, як гэта робіцца штогод, варта больш актыўна ўзяцца за навядзенне парадку ў райцэнтры і вёсках раёна. Менавіта таму ў сталічнай вобласці праводзіцца месячнік па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый.
Актыўна ўключыўся ў згаданую справу і наш раён. Работа па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый на Мядзельшчыне павінна быць сапраўды ўсенароднай. А як ладзяцца справы, што зроблена ўжо? Высветліць гэта пытанне і паспрабавалі ў час маніторынгу галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар Пратасевіч, памочнік урача-гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Святлана Даліба і аўтар гэтых радкоў. Адначасова вырашылі паглядзець санітарны стан аб’ектаў сельскагаспадарчай вытворчасці.
Адразу наведалі вёску Баяры Мядзельскага сельсавета. За навядзенне парадку ў гэтым населеным пункце ніхто яшчэ не браўся. Паўсюдна бачны пластыкавыя бутэлькі, абрыўкі поліэтыленавай плёнкі. «Упрыгожваннем» Баяр з’яўляюцца рэшткі будынка дзіцячага садка і сталовай. А побач размясціліся стыхійныя звалкі бытавога смецця  (здымак 1). Так жыхары бліжэйшых дамоў вырашаюць праблему ўтылізацыі адыходаў.
Напамінкам пра савецкі час з’яўляецца колішні Дом культуры. Будынак велічны, прыгожы. Праўда, некалькі дзесяцігоддзяў ён не эксплуатуецца і прыйшоў у непрыгодны стан. Свабодны доступ у яго маюць пабочныя асобы. А гэта недалёка да бяды.
З абодвух бакоў дарогі з Баяр да ААТ «Мядзелаграсэрвіс» можна бачыць бытавое смецце. Хто яго будзе прыбіраць, незразумела. Дарожная служба спасылаецца на тое, што гэты ўчастак не знаходзіцца ў іх на балансе, маўляў, дарога належыць «Мядзелаграсэрвісу», дык няхай таварыства і сочыць. Наступны аб’ект — ферма «Вусаўшчына». Тут добраўпарадкаваннем тэрыторыі яшчэ ніхто не займаўся. Паўсюдна валяюцца рэшткі кармоў, абрыўкі поліэтыленавай плёнкі. У вёсцы Зані ад воданапорнай вежы вада паступае ў жылыя дамы і на мехдвор. Агароджа паламана, з вежы пастаянна струменіць вада. А гэта не эканамічнае выкарыстанне водных і энергарэсурсаў. Няўжо такая багатая гаспадарка, каб грошы проста выкідваць на вецер?!
Няма парадку на падворках асобных грамадзян. Бадай, самым засмечаным з’яўляецца падворак дома №3 па вуліцы Палявая ў вёсцы Раманаўшчына (здымак 2).
Шмат патрэбна прыкласці намаганняў, каб хоць часткова навесці парадак на могілках у Занях. І не толькі прыбраць мінулагоднюю траву і лісце, але і высекчы кустоўе, якое запаланіла большую частку тэрыторыі. Для збору смецця тут ёсць кантэйнеры, але яны не пафарбаваны, устаноўлены не на спецыяльнай пляцоўцы, як гэта патрабуецца. Побач з могілкамі знаходзіцца сянажная траншэя. Рэшткі ўсялякага бруду, абрыўкі плёнкі — усё гэта «ўпрыгожвае» месца захоўвання кармоў.
Ферма «Бадзені». Як і ў Занях, тут з вежы пастаянна цячэ вада. І нікому да гэтага няма справы. Зона строгага санітарнага рэжыму артсвідравіны не агароджана, для ўцяплення павільёна накідалі саломы, якая гніе. Пра якую чысціню і санітарыю тут можна весці размову?
Кіпела работа ў колішнім школьным садзе ў вёсцы Канстанцінава. Тут мы і сустрэлі старшыню Слабодскага сельвыканкама Антаніну Крыўко. Яна патлумачыла, што кожны дзень людзі працуюць на добраўпарадкаванні населеных пунктаў і іншых аб’ектаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета.
— Хто тут сёння завіхаецца? — цікавімся ў старшыні.
— Работнікі амбулаторыі, прадстаўнікі сацслужбы, сельвыканкама. Затым возьмемся за сад у вёсцы Леанардава, — чуем у адказ. — Многае належыць выканаць па добраўпарадкаванні могілак, якіх на тэрыторыі сельсавета аж 27.
Някепскае ўражанне склалася пасля агляду могілак у вёсцы Старыя Габы. Тэрыторыя не засмечана. Праўда, нідзе мы не ўбачылі кантэйнераў для  смецця. А вось на могілках у вёсцы Новыя Габы кантэйнер для смецця ёсць, але ён перакулены. Не зроблена для яго і пляцоўка. З тыльнага боку паламана агароджа. А ў цэлым выгляд, як кажуць, здавальняючы.
На могілках вёскі Задубенне кантэйнер пусты, а побач — куча смецця. Пляцоўка не абсталявана. Да гэтай вясны насупраць могілак квітнеў сад. Аднак ён састарэў. Вось і вырашылі ў гаспадарцы спілаваць дрэвы і зрабіць поле, якое ў хуткім часе закаласіцца збажыной. Здалёку чуваць гукі бензапілы.
Няма адпаведнага парадку з тыльнага боку адміністрацыйнага будынка ААТ «Пруднікі-Агра». Кучы галля, мінулагодняй травы. Асобныя пабудовы таксама маюць далёка не прывабны выгляд.
— Што робіцца па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і вытворчых аб’ектаў? — з такім пытаннем звярнуліся да старшыні Княгінінскага сельвыканкама Вольгі Галко.
— Месячнік распачалі з добраўпарадкавання саду ў Пашкоўшчыне. Пагутарылі з насельніцтвам, з кіраўнікамі арганізацый, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета. Яны згадзіліся аказаць пасільную дапамогу. І вось на сёння работа практычна завершана. Галінкі дрэў абрэзаны, складзены ў кучы. Зараз пачынаем іх паліць. Месцамі, дзе была вельмі высокая мінулагодняя трава, скасілі. Высеклі шмат кустоўя. Асаблівую ўвагу надаём навядзенню парадку ў населеных пунктах. Ліквідуем стыхійныя звалкі, высякаем кустоўе, — расказвае Вольга Станіславаўна. — Сёння, напрыклад, з самай раніцы працавалі ў вёсцы Ніўкі. Там разбіралі стары дом. Шчыравала 10 чалавек: вяскоўцы, работнікі ААТ «Пруднікі-Агра», супрацоўнікі сельвыканкама. Другая група людзей, а гэта работнікі дзіцячага садка, культуры і адукацыі, завіхалася на могілках у аграгарадку Княгінін. Скажу шчыра, гэта толькі пачатак вялікай работы, якую намечана выканаць у бліжэйшы час па добраўпарадкаванні.
Па выніках маніторынгу матэрыял да друку падрыхтаваў Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота аўтара.


31 сакавiка 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Добраўпарадкаванне

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Крывічах возера Глубелька img_4257 84

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси