Менінгакокавая інфекцыя | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Менінгакокавая інфекцыя

Менінгакокавая інфекцыя — вострае захворванне, якое характарызуецца пераважным пашкоджаннем  мяккіх абалонак галаўнога мозга і сімптомамі інтаксікацыі. Небяспечнасць яго пацвярджаюць і статыстычныя даныя: кожны дзясяты пацыент, які заразіўся менінгакокавай інфекцыяй, памірае, а ў кожнага дваццатага хворага застаюцца ўскладненні, якія прыводзяць да інвалідызацыі пацыента.
Узбуджальнік — менінгакок, які даволі дрэнна выжывае ў навакольным асяроддзі, а таму захворванне не з’яўляецца настолькі заразным, як грып ці ветраная воспа. Аднак зрэдку набывае характар эпідэміі, асабліва ў закрытых калектывах — інтэрнатах,  салдацкіх казармах. Менінгакокавая інфекцыя таксама перадаецца пры цесных кантактах у дзіцячых і дарослых калектывах. Хаця ў большасці хварэюць усё ж такі дзеці, прычым ранняга ўзросту  — да трох гадоў. Перадаецца інфекцыйны менінгіт паветрана-кропельным і кантактна-бытавым шляхам. Інкубацыйны перыяд — ад 1 да 10 дзён, часцей 2-3 дні.
Існуюць мясцовыя (назафарынгіт) і генералізаваныя, гэта значыць, агульныя формы, якія і з’яўляюцца найбольш небяспечнымі, асабліва некаторыя іх віды. Мясцова менінгакокавы менінгіт  праяўляецца ў выглядзе бактэрыяносьбіту, пра які ніхто не падазравае і які можа працягвацца гадамі, і назафарынгіту. Прыкметы гэтага захворвання вельмі падобныя  на пачатак грыпу альбо вострага рэспіраторнага захворвання (ВРЗ) — насмарк, пачырваненне міндалінаў, боль і пяршэнне ў горле. Назафарынгіт  можа самастойна знікнуць праз 2-3 дні з поўным выздараўленнем, аднак ён жа можа быць першай стадыяй генералізаванай формы менінгіту — высветліць загадзя гэта немагчыма.
Генералізаваныя формы праяўляюцца ў выглядзе менінгакокцэміі — калі на першае  месца выступае таксічнае паражэнне органаў і  густы сып, уласна кажучы, менінгіт, асноўнай прыкметай якога з’яўляецца паражэнне мазгавых абалонак,  і змяшаная форма, якая складае 50% ад усіх захварэўшых.
Менінгакокцэмія — востры пачатак: галаўны боль, высокая тэмпература, слабасць, ажно да непрытомнасці. Праз некалькі гадзін цела пакрываецца дробна-плямістым сыпам, які можа быць вельмі выразным  і насіць “зорчаты” характар.
Пераважная лакалізацыя — ніжняя частка і бакавая паверхня  жывата, клубы, ступні, ягадзіцы. Сімптомы раздражнення мазгавых абалонак мінімальныя, аднак ёсць. Гэта — немагчымасць і боль пры спробе дзіцяці прыгнуць галаву да грудзей. Наяўнасць такой прыметы павінна насцярожыць у любым выпадку.
Менінгакокавы менінгіт — на першым месцы моцны, часам нясцерпны боль распіраючага характару, дыскамфорт пры дакрананні да скуры, святлабоязь — дзіця раздражняе ўсё.  Хвароба развіваецца хутка, можна назваць дакладны час, калі яна пачалася. Ліхаманка, слабасць, галавакружэнне. Паколькі толькі назафарынгіт лечыцца дома — пры выяўленні ў мазку менінгакоку неабходна пралячыцца адпаведнымі антыбіётыкамі, усе астатнія варыянты патрабуюць тэрміновай шпіталізацыі ў асобны бокс інфекцыйнага стацыянару. Да прыезду хуткай дапамогі дзіцяці можна даць абязбольваючы і гарачкапаніжальны сродак, пабольш піць звычайнай вады. Менінгакокавая інфекцыя пры правільным лячэнні можа мець шчаслівы зыход.
К. ЕРМАН.
Загадчык аддзела эпідэміялогіі ДУ “Мядзельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”.


31 сакавiка 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Медыцына

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Мястра Царква ў Крывічах на Блакітных азёрах            Паруснікі

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси