Чытаем разам | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Чытаем разам

У цяперашні час навучыць дзіця чытаць не вельмі проста. На самай справе малышы не жадаюць гэтым займацца. Больш цікавымі і даступнымі для іх з’яўляюцца прагляд телеперадач па тэлевізары, гульні ў інтэрнэце, бо гэты занятак не патрабуе такой актыўнай работы розуму і душы, як чытанне.
Чытанне ўголас кароткіх займальных тэкстаў малым дзецям — галоўны фактар поспеху ў гэтай справе, бо фарміруе ў хлопчыкаў і дзяўчынак жаданне гэтым займацца. Калі вы з кнігай у руках сядзіце поплеч з сынам ці дачушкай, зносіны паміж вамі адбываюцца ў простай абстаноўцы, бо прысутнічаеце толькі вы, дзіця і казка. Лепш усяго браць кнігі, дзе шмат ілюстрацый, дзе тэкст надрукаваны вялікімі літарамі, каб малышу было лягчэй і цікавей сачыць за падзеямі, якія там разгортваюцца.
Чытанне дапамагае дзіцяці лепш успрымаць новыя веды, развівае мысленне, памяць, робіць больш багатым слоўнікавы запас, уносіць разнастайнасць у вусную мову. Але вы і самі павінны паказваць дзецям, што любіце чытаць. Калі малыш у вольны час не будзе бачыць вас з кнігай у руках, у яго ніколі не з’явіцца жаданне гэтым заняцца. 
Дзецям 3-4 гадоў падабаецца слухаць вершы Агніі Барто, Сяргея Міхалкова, Самуіла Маршака, Карнея Чукоўскага, казкі Ганса-Хрысціяна Андэрсена, Шарля Перо, братоў Грым, а таксама рускія і беларускія народныя казкі.
Вельмі добра пасля таго, як прачыталі нейкі твор, абмеркаваць, пра што ў ім ішла гаворка. А яшчэ лепш правесці літаратурную віктарыну. Яна садзейнічае пазнаванню, выклікае жаданне знайсці неабходную інфармацыю. Пытанні могуць быць вельмі простымі. Напрыклад: з кім размаўляў Карней Чукоўскі ў сваім вершы “Тэлефон”: з бабуляй, жонкай, сланом, інспектарам? Колькі казлянят з’еў воўк у казцы “Воўк і сямёра казлянят”? Як звалі цара ў “Казцы пра залатога пеўніка” Аляксандра Пушкіна: Дадон, Гвідон, Салтан? Можна і самому прыдумаць пытанні.
Як мне здаецца, дарослыя абавязкова павінны браць сабе ў памочнікі казкі, бо яны не толькі прыносяць дзецям радасць, але і закладваюць нормы паводзін, развіваюць здольнасць да вусных размоў, разважанняў, выдумкі. Сямейныя чытанні даюць малышам магчымасць пакуль яшчэ ў думках прымаць удзел у жыцці казачных персанажаў, станавіцца на бок добрых, мужных герояў, шкадаваць пакрыўджаных. Вельмі важна, каб дзіця  не проста “праглынула” прачытанае, але і прапусціла яго праз сябе. Часам казка дапамагае ўбачыць вельмі розныя і нярэдка нечаканыя сітуацыі, якія адкрываюцца дзякуючы актыўна працуючай фантазіі. Маральныя нормы, якімі кіруюцца ў сваіх учынках літаратурныя героі, — вельмі важныя для дзяцей этычныя арыенціры, якіх яны імкнуцца прытрымлівацца.
Сямейныя традыцыі — гэта тое, чаго так не хапае нашым сынам і дочкам. Іх можна нават прыдумаць самім і ўкараніць у жыццё сваіх блізкіх, і такім чынам падняць важнасць сям’і і сямейных традыцый.
А. СВІТА.
Загадчык аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ДУ “Мядзельскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”.


31 сакавiка 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

 возера Мястра  Рэчка Нарачанка        возера Глубелька 1-12

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси