27 сакавіка – Вялікдзень (па календары каталіцкай канфесіі)

Узрадуйцеся ўжо, хоры Анёлаў у небе,
узрадуйцеся, Божыя слугі,
няхай званы абвяшчаюць збаўленне.
Весяліся і зямля, апрамененая ўзнёслым бляскам,
бо асвяціў цябе прамень спрадвечнага Валадара.
Цэлы свет няхай адчуе, што вызваліўся ад цемры.
(Са старажытнага гімна Exsultet).
УМІЛАВАНЫЯ  браты і сёстры! Паважаныя жыхары Мядзельшчыны! Дарагія чытачы «Нарачанскай зары»! Пасля плённай падрыхтоўкі праз пост, малітву і добрыя ўчынкі чарговы раз заспяваем разам велікодны спеў Аллелюя, які ці то падчас літургіі, ці як частка іншых пасхальных спеваў кіруе нашы думкі і сэрцы да праслаўлення Бога за вялікую справу адкуплення. У святую пасхальную ноч, калі злучаецца зямное з нябесным, а справы Боскія з людскімі, ізноў вызнаём веру ў праўду пра Хрыста, які, разарваўшы путы смерці, пераможцам выйшаў з падземных нетраў. У захапленні, поўныя ўдзячнасці скажам: «О, якая ж дзівосная для нас Твая ласка! О, якая невымоўная любоў: каб адкупіць слуг, Ты аддаў Сына! Будзь праслаўлены навекі, о, Пане!».
Святы Аўгусцін заахвочваў, каб мы на зямлі спявалі гімны хвалы дзеля ўзмацнення ў радасным імкненні да неба, каб не паддацца маркоце. «Спявай і ідзі», — казаў святы. Менавіта ў дарозе, зямным вандраванні, сярод падзей штодзённасці, праслаўленне Бога, радасны спеў у сэрцы і на вуснах, спрычыняюцца да асабістага ўзрастання ў радасці дзялення верай, надзеяй і любоўю з іншымі. Аднак, каб сапраўды перажыць у праўдзівай радасці ўрачыстасць Уваскрэсення Хрыста і ўсё жыццё, неабходна ведаць сапраўдны сэнс таямніцы. Далёка не ўсе разумеюць і, што найважнейшае, удзельнічаюць у таямніцы Хрыста. Памылковым было б звесці Пасху да «вясновага свята», забываючы, што менавіта Хрыстос — гэта праўдзівая вясна, якая не прамінае, што жыццё ў Хрысце мацнейшае за смерць.
Хрысціянская пасхальная радасць перадаецца таксама ў форме святочных віншаванняў, змест якіх выплывае з праўдзівай веры ў жывога Хрыста. Словы вітання ў велікодную раніцу і на працягу ўсёй урачыстасці «Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс!», хоць вельмі простыя, але выказваюць асноўную праўду хрысціянскай веры, на якой, як на моцным падмурку, грунтуецца жыццё Містычнага Цела Хрыста, гэта значыць, усёй супольнасці Касцёла. Кажучы словы «Хрыстос уваскрэс!», вернікі дзеляцца пасхальнай радасцю з іншымі і даюць сведчанне, што крыніцай радасці ёсць менавіта асабістая сустрэча з Уваскрэслым Езусам, які ёсць любоўю, надзеяй, прабачэннем і новым жыццём.
Ад імя святароў і кансэкраваных асоб Мядзельшчыны шчыра віншую ўсіх вернікаў са святам Пасхі і жадаю ў гэтыя дні сустрэць Хрыста і занесці Яго іншым. Словы хрысціянскага вітання кірую таксама да праваслаўных сясцёр і братоў, жадаючы ім добра падрыхтавацца і перажыць святы час.
Няхай у кожным доме, у кожнай сям’і галоўным гаспадаром і дарадчыкам будзе Бог, няхай пануюць у дамах дабрыня, разуменне і ўзаемапавага. Няхай будуць атуленыя цеплынёй і пяшчотай дзеці, старыя бацькі, няхай ніколі не будзе канфліктаў паміж братамі, суседзямі, калегамі. Няхай радаснае «Аллелюя» гучыць ва ўсіх кутках нашага краю.
Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс! Аллелюя!
З малітвай і велікодным прывітаннем
а. Павел ЛЕЛІТО.
Пробашч Рыма-каталіцкай парафіі Маці Божай Шкаплернай у г. Мядзел.


25 сакавiка 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Мядзеле  _dsc1133-3 Царква ў Слабадзе img_4257

Пабрацімы Мядзела