Факты пра СНІД, якіх вы не ведалі

* Першы пацверджаны выпадак заражэння чалавека СНІДам быў зарэгістраваны ў Кіншасе, сталіцы Конга. Вірус ідэнтыфікавалі ў захаваным узоры тканкі 1959 года. Праз Атлантычны акіян хвароба перанеслася праз дзесяцігоддзе, першы амерыканец — падлетак Роберт Рэйфард з Місуры — памёр ад СНІДу ў 1969 годзе. А ў 1977-ым гэта хвароба пачала забіраць жыцці ў Еўропе, дзе першай ахвярай стаў нарвежскі марак Арвід Ное.
Аднак ёсць прыкметы, што СНІД быў у Еўропе пасля Другой сусветнай вайны. Тады прайшла хваля дзіцячай смяротнасці ад пнеўмацыстаў — хваробы, якая паражае толькі людзей з аслабленай імуннай сістэмай. Заражэнне такой формай пнеўманіі — відавочная прыкмета, што пацыент хворы на СНІД. Галандскі даследчык лічыць, што распаўсюджванне  хваробы ў Еўропе пачалося з балтыйскага партовага горада Данцыг. Паскорыла пераможнае шэсце СНІДу звычайная тады практыка паўторнага выкарыстання шпрыцоў. Але на той час памірала трэцяя частка заражаных дзяцей, а не ўсе. Значыць, вірус яшчэ не ператварыўся ў тую смяротную разнавіднасць, якая існуе цяпер. 
* Сцюарда рэйса з Францыі ў Канаду Гетана Дугаса часта называюць “Тыфознай Мэры” ці “Нулявым пацыентам СНІДу ў Амерыцы”.  Ён не быў першым заражаным ВІЧ у Паўночнай Амерыцы, аднак велізарная колькасць ранніх выпадкаў, выяўленых у ЗША, была звязана з Дугасам. Яго неразборлівасць у выбары партнёраў у спалучэнні з магчымасцю перамяшчацца паміж буйнымі гарадамі прывяла да шырокага распаўсюджвання СНІДу. Сам Гетан Дугас памёр у 1984 годзе ад ныркавай недастатковасці, выкліканай інфекцыяй.
* Многія вядомыя людзі памерлі ад СНІДу. Гэта і зорка тэніса Артур Ашэ, і вакаліст групы “Квін” Фрэдзі Мерк’юры. Шмат хто (не толькі “зоркі”, але і звычайныя людзі) заразіўся падчас пералівання крыві, але не з-за рызыкоўных паводзін. Такім быў і лёс пісьменніка-фантаста Айзека Азімава, які памёр ад СНІДу, бо яму пералілі заражаную кроў пры шунціраванні. Ці не самая вядомая “зорка” з ВІЧ — Мэджык Джонсан. Ён рэгулярна з’яўляецца ў перадачах пра спорт і выглядае досыць здаровым, хаця жыве з ВІЧ-інфекцыяй ужо дваццаць гадоў. Мяркуюць, што багацце дазваляе яму выкарыстоўваць эксперыментальныя лекі.
* У 1984 годзе малады юрыст Джэфры Баўэрс пачаў працаваць у адной з буйнейшых у свеце фірм “Бейкер і МакКензі”. Неўзабаве ў яго праявіліся сімптомы СНІДу. Нягледзячы на станоўчыя характарыстыкі, яго звольнілі. Фірма не правяла належную працэдуру звальнення, і Баўэрс звярнуўся ў аддзел службы па абароне правоў чалавека ў Нью-Ёрку. Яго судовая справа стала адной з першых, дзе разглядалася дыскрымінацыя хворых на СНІД. Судовыя слуханні пачаліся 14 ліпеня 1987 года. З таго моманту Джэфры Баўэрс пражыў толькі два месяцы, а разгляд справы зацягнуўся аж на шэсць гадоў. Па рашэнні суда фірме трэба было заплаціць штраф у памеры пяцісот тысяч долараў ЗША плюс заробак, які б атрымаў Баўэрс, калі б яго не звольнілі. У выніку справу ўрэгулявалі ў пазасудовым парадку, і фірма зрабіла выплаты сям’і Баўэрса. Гэта гісторыя стала асновай фільма Тома Хэнкса “Філадэльфія”.
 Праз год пасля смерці Джэфры стваральнікі фільма бралі інтэрв’ю ў яго родных. Прадзюсары паабяцалі заплаціць сям’і, калі фільм будзе выпушчаны, але прадалі правы на яго іншай студыі. Сям’я Баўэрса падала ў суд. Справу вырашылі ў дасудовым парадку на суму, якая засталася невядомай. А “Філадэльфія” атрымала ўзнагароды на некалькіх кінафестывалях, уключаючы Оскар за лепшую мужчынскую ролю.
К. Ерман.
Загадчыца аддзела эпідэміялогіі ДУ “Мядзельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”.


11 сакавiка 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Медыцына

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

1-12     Паруснікі                          Касцёл у Шэметава   Сядзіба Максіма Танка

Пабрацімы Мядзела