Патрабуецца ўдасканаленне

У БАГАТЫМ пераліку дзясяткаў пытанняў, вынесеных на разгляд нядаўняга пасяджэння райвыканкама, асаблівую актуальнасць уяўляе ход выканання комплексу арганізацыйна-практычных мер па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неблаганадзейных сем’ях”. Злабадзённасць тлумачыцца тым, што на дзяржаўным забеспячэнні на Мядзельшчыне знаходзяцца семдзесят сем дзяцей, якія засталіся без апекавання бацькоў. А калі тыя ўпарта не жадаюць займацца выхаваннем сваіх нашчадкаў, то абавязаны пакрываць расходы па іх ўтрыманні. Летась з шасцідзесяці чатырох такіх бацькоў спагнана ўсяго 46,7 працэнта ад неабходнай сумы. Задавальняцца такім паказчыкам не выпадае, бо ён ніжэйшы за сярэднеабласны. Праблема ў значнай меры ўскладняецца тым, што з абавязаных бацькоў толькі дваццаць тры пражываюць на тэрыторыі нашага азёрнага краю, а астатнія — за яго межамі, некаторыя знаходзяцца ў месцах зняволення. З даволі падрабязнай інфармацыяй па гэтым пытанні выступіла намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева. Як вынікала з яе даклада, усімі зацікаўленымі службамі праводзіцца мэтанакіраваная работа па своечасовым выяўленні нешчаслівых сем’яў, узмацненні індывідуальнага кантролю за выхаваннем у іх дзяцей, прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва і павелічэнні працэнта спагнання запазычанасці з гора-бацькоў.
За мінулы год у аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама паступіла 97 паведамленняў аб фактах сямейнага недабрабыту. Пераважная большасць з іх — з раённых аддзелаў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях. Па выніках разгляду прызнана, што 41 сям’я знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У той жа час не праходзіць бясследна і выхаваўчая работа: за мінулы год пяцёра дзяцей вернуты ў тры сям’і. Далі свой эфект і праведзеныя рэйды “Сям’я — без гвалту”, акцыя “Дапамажы пайсці вучыцца”, дзейнасць клуба для бацькоў “Надзея”. І ўсё ж, многае трэба папраўляць на месцах па своечасовым працаўладкаванні абавязаных асоб. Па чатырох з іх у мінулым годзе парушаны ўстаноўленыя тэрміны. Здараецца і такое, калі наймальнікі не інфармуюць аб дапушчаных прагулах ці робяць гэта з яўным спазненнем. У мінулым годзе дысцыплінаванасць дваццаці сямі абавязаных асоб кантралявалі дзесяць мабільных груп. У палавіне з іх, як прагучала, неэфектыўна арганізавана ўзаемадзеянне паміж старшынямі сельскіх выканкамаў, участковымі інспектарамі міліцыі, прадстаўнікамі інспекцыі па справах непаўналетніх і спецыялістамі па кадрах прадпрыемстваў і арганізацый — у Слабодскім, Крывіцкім, Будслаўскім, Нарацкім, Мядзельскім рэгіёнах і райцэнтры. Аб многім, у прыватнасці, сведчыць той факт, што летась паўтара дзясятка абавязаных асоб дапусцілі ажно 426 прагулаў, колькасць якіх у параўнанне з папярэднім годам узрасла ў 1,8 раза.
Відавочна, што работу па выкананні патрабаванняў Дэкрэта № 18 у нас неабходна ўдасканальваць. Не сакрэт, у шэрагу абавязаных асоб ёсць людзі, якія не хочаць належным чынам працаваць, парушаюць дысцыпліну, злоўжываюць спіртным. Да такіх існуе рознага роду прымус і перавыхаванне. Заканадаўча. А калі чалавек не жадае заставацца ў даўгу перад дзяржавай, яму трэба дапамагчы атрымаць больш высокааплатную працу, мабыць, прадаставіць магчымасць пазавіхацца ў звышурочны час. Такія меры таксама прадугледжаны ў разгорнутым рашэнні райвыканкама прынятым па гэтым пытанні. Некаторым кіраўнікам указана на хібы ў важнай справе па абароне дзяцей, а ад усіх зацікаўленых службаў патрабавана і надалей ажыццяўляць комплекс арганізацыйна-практычных мер па рэалізацыі Дэкрэта № 18. Як і выключыць фармальны падыход у рабоце па выяўленні сямейнага недабрабыту, прыняцці прафілактычных мер па яго выкараненні, узяцці дзяцей, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы, пад надзейную ахову. Яны павінны быць шчаслівымі!
Павел ЖУКАЎ. 


04 сакавiка 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Афіцыйна

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Рэчка Нарачанка        Царква ў Слабадзе Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай возера Глубелька

Пабрацімы Мядзела