Супрацоўнік ДАІ – памочнік вадзіцеля!

З 2004 года працуе ў Дзяржаўтаінспекцыі РАУС Валянцін Пяткоўскі. Пачынаў інспектарам дарожна-патрульнай службы. Пасля займаў пасаду старшага інспектара па адміністрацыйнай практыцы, а са снежня 2014 года ўзначальвае аддзяленне ДАІ РАУС. Родам ён з вёскі Бакачы Дзягільскага (зараз Слабодскага) сельсавета. Пасля школы вучыўся ў Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце. Калі яго закончыў, год працаваў галоўным інжынерам у тагачасным калгасе імя Кірава. Затым была служба ў арміі. А па вяртанні на радзіму — цвёрдае рашэнне звязаць свой лёс з міліцыяй.
Пра сябе Валянцін Мар’янавіч не любіць расказваць, больш гаворыць пра калег, сваю работу. А яна ў супрацоўнікаў ДАІ даволі складаная і напружаная.
— Дарога, як мне, здаецца, — кажа Валянцін Пяткоўскі, — вельмі яскрава адлюстроўвае наша шматграннае грамадства, паводзіны людзей. Нам даводзіцца мець справу з рознымі грамадзянамі, якія сядзяць за рулём аўтамабіля, трактара, матацыкла, альбо проста пераходзяць дарогу, едуць на веласіпедзе… У тым ліку з вялікім жыццёвым вопытам, рознымі поглядамі, у якіх і самім можна нечаму павучыцца. А што датычыць непасрэднай работы Дзяржаўтаінспекцыі, то тут, як нідзе, патрэбен высокі прафесіяналізм, адказнасць, сумленнасць. Далёка не ўсе вадзіцелі аднолькава ўспрымаюць чалавека з жазлом на дарозе, асабліва ў цёмны час сутак, а таму часам і адносіны між імі і супрацоўнікамі АДАІ складваюцца па-рознаму. Перакананы, што ад нас на дарозе вельмі шмат залежыць. Менавіта ад пазіцыі дзяржаўтаінспектара, яго ўмення выслухаць чалавека, увайсці ў яго становішча. Іншы раз дастаткова проста пагаварыць з парушальнікам, і гэта аказвае нашмат большае ўздзеянне, чым той жа штраф.  Ён усё разумее з паўслова і становіцца надалей законапаслухмяным грамадзянінам. Нездарма ў Год культуры для стварэння станоўчага іміджу супрацоўнікаў ДАІ і ўмацавання партнёрскіх адносін сфарміраваўся такі дэвіз: “Супрацоўнік ДАІ — памочнік вадзіцеля!”. Па ім і будзем дзейнічаць, зыходзячы, вядома, з кожнай канкрэтнай сітуацыі. Але ў любым выпадку наша галоўная задача не змяняецца: мы абавязаны надзейна стаяць на варце бяспекі дарожнага руху.
Ад свайго суразмоўцы даведалася, што супрацоўнікі ДАІ не толькі штрафуюць парушальнікаў, хоць і гэта патрэбна, але часта прыходзяць грамадзянам на дапамогу. Пры тых жа аварыях, паломцы аўтатранспарту. Ці ўзяць такі выпадак: падчас снежнай стыхіі, так званай Даніелы, перад Мядзелам зламаўся рэйсавы аўтобус, які з Мінска ішоў на Паставы. Дык супрацоўнікі ДАІ падвезлі людзей старэйшага ўзросту да горада, звязаліся з Мядзельскім вытворчым участкам Маладзечанскага філіяла №4 ААТ “Мінаблаўтатранс”, адкуль прыйшоў аўтобус і даставіў астатніх пасажыраў па прызначэнні.
Акрамя таго, Дзяржаўтаінспекцыя ажыццяўляе кантроль за дарожнымі і камунальнымі службамі па ўтрыманні дарог у здавальняючым стане. Цесна працуе яна з імі і ў плане ўстаноўкі, асабліва ў месцах канцэнтрацыі дарожна-транспартных здарэнняў, штучных няроўнасцей, іншых інжынерных канструкцый, якія дазваляюць зменшыць аварыйнасць, вядома ж, пасля прапрацоўкі і ўзгаднення гэтага пытання з адпаведнымі органамі. Займаецца таксама кантролем за станам тэхнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, за вядзеннем перадрэйсавага агляду вадзіцеляў на прадмет ужывання алкаголю. Вялікае значэнне надаецца прафілактыцы парушэнняў Правілаў дарожнага руху як у працоўных калектывах, так і ў навучальных установах, што таксама вельмі патрэбна.
Як супрацоўнік ДАІ, муж, бацька, Валянцін Мар’янавіч хоча, каб паменш трагедый было ў нашых сем’ях. Каб не гінулі ў аўтакатастрофах ні вадзіцелі, ні пасажыры, каб не траплялі пад колы транспартных сродкаў пешаходы — ні дзеці, ні дарослыя. Каб усе ўдзельнікі дарожнага руху былі ўзаемаветлівымі, культурнымі, каб паважалі адзін аднаго.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
На здымку: 1. Начальнік АДАІ РАУС, маёр міліцыі Валянцін Пяткоўскі; 2. Інспектары дарожна-патрульнай службы АДАІ РАУС капітаны міліцыі Віталій Мінчук і Валерый Малько.
Фота Георгія Прысмакова.


04 сакавiка 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Прафесійныя святы

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

223_ Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай 0-178 84

Пабрацімы Мядзела