Бізнес па-спартыўнаму

ЗДАРОВЫ лад жыцця ў Мядзеле становіцца ўсё больш папулярным. У гэтым мяне запэўніла гаспадыня павільёна “Спорттавары”, які месціцца на міні-рынку ў райцэнтры, Алена Круцько.
— Мне на душы радасна, што ў нашых людзей такая цікавасць да спорту, — расказвае Алена Вячаславаўна. —  Прычым, як у моладзі, дзяцей, так і ў людзей больш сталага ўзросту, якія мячы, шашкі ці гантэлі купляюць сваім дзецям, унукам.
А пачалося ўсё з таго, што пасля цяжкай хваробы жанчына павінна была выходзіць на працу ў дзіцячы садок, дзе яна працавала кіраўніком фізвыхавання. Але якраз у той момант у дзіцячай установе распачаўся капітальны рамонт, выхаванцаў размеркавалі па іншых установах і Алене Вячаславаўне прапанавалі часова пасаду выхавальніка. Пакуль жанчына раздумвала над гэтым, знаёмая падзялілася праблемай з бізнесам: маўляў, ёсць гандлёвы павільён, але займацца справай няма магчымасці, трэба распрадаваць маёмасць. Параіўшыся з мужам, жанчына вырашыла адкрыць сваю справу і купіць павільён. Да гэтага тут таксама гандлявалі спорттаварамі, і Алена Вячаславаўна не стала мяняць профіль, тым больш, што ў асартыменце прадукцыі яна ў сілу прафесіі разбіралася добра.
— Мая адукацыя аказалася вельмі дарэчы, — тлумачыць гаспадыня павільёна. — Я разбіраюся ў спартыўных таварах, у іх якасці, у попыце. Магу падказаць, параіць, растлумачыць, калі пакупнік сумняваецца. Напрыклад, прыйшла да мяне жанчына і просіць для дачкі рукавіцы з абрэзанымі пальцамі. Я ж разумею, што ёй патрэбны пальчаткі для фітнесу. Ці просяць рукавіцу для лазні, якая здымае агрубеўшую скуру, я ж здагадваюся, што размова ідзе пра масажную рукавічку. А ёсць і вельмі канкрэтныя запыты. Чалавеку патрэбна мацаванне да лыжаў NN-75, жорсткае ці паўжорсткае. Усё гэта разумею, таму вельмі камфортна тут сябе адчуваю. Каб чым іншым гандляваць, дык і не ведаю, ці атрымалася б.
Павільён пачаў працаваць летам 2014 года. Алена Вячаславаўна выбар спыніла на таварах беларускіх вытворцаў і не шкадуе пра гэта. Водгукі мае самыя добрыя, і асартымент дастаткова шырокі. На паліцах чаго толькі няма! Шахматы, нарды, баксёрскія пальчаткі, кісцявыя эспандэры, прылады для заняткаў фітнесам, скейтборды, хула хупы, тавары для турызму і шмат-шмат іншага. Тут можна падабраць спартыўны касцюм і красоўкі да яго, а таксама футболкі і майкі. Любіш катацца на каньках? Калі ласка, і ролікавыя ёсць, і лядовыя.
З часам паспрабавала жанчына завезці ў павільён скургалантарэйную прадукцыю. Адразу — жаночыя сумачкі. Першая партыя пайшла на “ўра”, таму зараз тут дастаткова шырокі выбар сумачак, абутку, а да іх стаў дарэчы спадарожны тавар — пальчаткі, кашалькі, клачы, шалікі і хусцінкі.
— Некаторыя хвалююцца за нашу моладзь, маўляў, распуста і так далей, — разважае Алена Вячаславаўна. — Няпраўда, скажу я вам. Бачу, што і баксёрскія пальчаткі хлопцам патрэбны, і трэнажоры розныя, прадукцыя для фітнесу запатрабаваная. Значыць, займаецца спортам моладзь, не ўсё так дрэнна. Сама хаджу ў трэнажорную залу і бачу, колькі там людзей. Для заняткаў спортам умовы можна знайсці заўсёды, было б толькі жаданне.
Іна ЯРЧАК.
На здымку: спартыўныя тавары Алена Круцько прапаноўвае з веданнем справы.
Фота Георгія Прысмакова.


04 сакавiка 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Прадпрымальнасць

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Студзень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сне    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Фотападарожжа

06-012 wjx6x-f4hhi 0-178 _06-040

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси