У пошуках… канапы

У СНЕЖНІ мінулага года ў будынку Мядзельскага вузла паштовай сувязі адкрыўся магазін “Мэбля”. Гэта далёка не першая гандлёвая кропка ў райцэнтры, дзе можна набыць такі тавар, таму зазірнулі паглядзець, чым тут прывабліваюць пакупнікоў.
У дзвюх вялікіх прасторных залах выстаўлены разнастайныя канапы, камплекты мяккай мэблі, крэслы, камоды, а таксама сталы, зэдлікі і нават кухня. Розныя мадэлі, памеры, афарбоўкі, адпаведна і розны кошт. Каб не разгубіцца ў выбары, патрэбна кансультацыя. З задавальненнем і веданнем справы на пытанні адказвае гаспадыня магазіна — Ала Глушань.
— Тут у асноўным прадстаўлена прадукцыя мінскай фабрыкі “Мінскмэбля”, адной з лепшых у Беларусі, — расказвае Ала Фадзееўна. — Таму на ўсе тавары маем сертыфікаты і адпаведна гарантуем якасць. Дыяпазон цэн таксама шырокі — ад трох з паловай да дваццаці шасці мільёнаў за канапу.
Ала Фадзееўна зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Але сядзець дома сумна, таму дзеці падкінулі ёй такую ідэю — заняцца бізнесам. Кажа, што адна, канечне, не пацягнула б усё. Але дзеці дапамаглі, і яна згадзілася. Бухгалтарскія пытанні праблемай не сталі, бо жанчына ўсё жыццё працавала з лічбамі і рыхтавала розныя справаздачы. Ды і сфера гандлю не стала нечым новым: Ала Фадзееўна ў свой час шчыравала ў Нарацкім курортгандлі. Сцвярджае, што пакуль яшчэ рана казаць пра паспяховасць справы, але пэўны запыт ужо адчуваецца, усё больш людзей даведваецца пра магазін, таму жанчына спадзяецца на запатрабаванасць іх прадукцыі.
— Калі ў снежні людзі заходзілі і ўсё ж такі больш разглядвалі, пыталіся, то зараз вяртаюцца, каб купіць ці то тахту, ці то крэсла-ложак, — гаворыць гаспадыня. — Я ўпэўнена ў якасці тавару і не баюся канкурэнцыі. Спадзяюся, што жыхары Мядзела і раёна таксама гэта ацэняць. Пра такую мэблю ходзяць анекдоты, што канапа стаіць дзесяць гадоў у кватэры, потым дзесяць гадоў на дачы і, у рэшце рэшт, яе шкада выкінуць.
Ну што ж, у любым выпадку канкурэнцыя — рухавік прагрэсу. І тое, што ў нас, пакупнікоў, з’яўляюцца большыя магчымасці выбару, нам толькі на руку.
Іна ЯРЧАК.
На здымку: вызначыцца з выбарам мяккай мэблі дапаможа гаспадыня магазіна “Мэбля” Ала Глушань.
 Фота Георгія Прысмакова.


04 сакавiка 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Лебедзі на Нарачы Касцёл у Засвіры   _dsc1133-3 возера Глубелька

Пабрацімы Мядзела