Відавочны прагрэс

ЛІТАРАЛЬНА пазаўчора на Мядзельшчыну прыйшла радасная вестка. Педагогі нашага азёрнага краю па выніках работы за мінулы год сталі лаўрэатамі абласнога конкурсу “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі” ў намінацыі “Лідар у стварэнні аптымальнага адукацыйнага асяродку” з уручэннем адпаведнага Дыплома. З улікам таго, што ў аглядным мінулым яны на п’едэстал гонару Міншчыны не траплялі, гэта з’яўляецца вялікім поспехам. Як кажуць, прагрэс відавочны. За кошт чаго ўдалося зрабіць важкі крок уперад? З такога пытання і пачалася наша размова з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццянай ЕФІМАВАЙ:
— Бадай, самае галоўнае, што ўдалося істотна палепшыць — вынікі дзяржаўнай выніковай атэстацыі за курс базавай і сярэдняй школы ў параўнанне з папярэднім годам. У прыватнасці, высокі і дастатковы ўзровень ведаў паказалі на экзаменах больш за палавіну выпускнікоў першай з іх і 72,9 працэнта — другой. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў у вобласці. Забяспечаны прагрэс і ў цэнтралізаваным тэсціраванні. Мы пераўзыходзім абласныя і рэспубліканскія сярэднія балы па рускай, англійскай і нямецкай мовах, сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі, фізіцы, матэматыцы, хіміі, біялогіі. Прычым, сярод раёнаў Міншчыны наш азёрны край у лідарах па хіміі і сусветнай гісторыі, другі вынік маем па матэматыцы, біялогіі, іспанскай мове, трэці — па рускай мове і фізіцы. Васямнаццаць выпускнікоў набралі па прадметах ад 86 да 98 балаў. Найлепшы вынік у раёне па біялогіі ў гімназіі-інтэрната горада Мядзела — 98 балаў, па беларускай мове — у Крывіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа — 96, столькі ж і ў Свірскім — па матэматыцы, а па хіміі там 94 балы. У абласным рэйтынгу наша гімназія-інтэрнат адзначана па выніках цэнтралізаванага тэсціравання ў мінулым годзе як лепшая па двух прадметах: матэматыцы — сярэдні бал 56,44 і фізіцы — 62,33.
— Таццяна Генадзьеўна, агульная ацэнка сістэмы адукацыі таго ці іншага рэгіёну, напэўна, у многім залежыць і ад таго, колькі выпускнікоў паступае ва ўніверсітэты і акадэміі, інстытуты і каледжы?
— Безумоўна. Летась 59,9 працэнта нашых выпускнікоў сталі студэнтамі і навучэнцамі. У папярэднім годзе гэты паказчык быў куды больш сціплы — 36,2 працэнта. Прыведзеныя лічбы яскрава сведчаць наконт планамернага павышэння ўзроўню адукацыі ў навучальных установах раёна. А пра яе якасць красамоўна гаворыць і такі факт: вучні 10 класа гімназіі-інтэрната Дзяніс Марач і дзявятага класа Свірскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа Лізавета Марчанка ўзнагароджаны другой прэміяй Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
— Скажыце, а наколькі паспяхова нашы вучні ўдзельнічаюць у абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіядах?
— У абласных выніковы ўдзел прадэманстравалі выхаванцы гімназіі-інтэрната Дар’я Кімстач і Кірыл Жалезны — дыпломы I ступені па хіміі, Таццяна Кабак — II ступені па фізіцы. Анастасія Аксёнчык з Нарацкай СШ №2 заахвочана дыпломам III ступені па геаграфіі. А вучні Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі атрымалі пахвальныя водгукі па інфарматыцы — Ігар Балюк і працоўным навучанні — Вольга Качарго. Пэўныя напрацоўкі ёсць і ў юных даследчыкаў. Так, гімназіст Дзяніс Марач за сваю працу заахвочаны дыпломам II ступені на XXVI рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а таксама дыпломам II ступені на Нацыянальным этапе Міжнароднага юніёрскага воднага конкурсу. Канечне, ёсць у гэтым і заслуга яго настаўніцы Людмілы Канстанцінаўны Шчалкуновай.
— Апошнім часам моладзь усё больш актыўна стала ўключацца і ў даследчую дзейнасць. Ці закранулі гэтыя шматабяцаючыя павевы нашы школы?
— Ва ўсялякім разе, не мінулі. Мэтанакіраваная работа і ў гэтым напрамку прыносіць неблагія вынікі. Калі крышачку больш падрабязна, то праца вучня Мядзельскай сярэдняй школы №1 імя Уладзіміра Дубоўкі Ягора Рудачэнкі на абласным конкурсе ацэнена дыпломам II ступені, кіраўнік — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Антаніна Пятроўна Штура. Такімі ж узнагародамі адзначаны і даследчыя работы дзесяцікласнікаў Нарацкай СШ №2 Юліі Несвятаевай у секцыі “Біялогія” — кіраўнік Таццяна Уладзіміраўна Пракоп і Дзіны Пашковай у секцыі “Гісторыя” — кіраўнік Валянцін Феліцыянавіч Радзевіч.
— Што яшчэ новага з’яўляецца ў рабоце педагагічных калектываў школ, якіх поспехаў дабіваюцца іх выхаванцы?
— Выстройваецца сістэма навучання асновам эканамічных ведаў, праводзяцца факультатыўныя заняткі, працуюць бізнес-кампаніі. У кастрычніку мінулага года праведзены раённы этап алімпіяды па фінансавай адукаванасці. Пераможцамі ў ім сталі вучні 11 класа Нарацкай СШ №2 Аліна Грышкевіч, Уладзіслаў Шалкоўскі і Юлія Зянько з Крывіцкага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа. А Уладзіслаў вызначыўся яшчэ і на абласным этапе, атрымаў дыплом III ступені. Напрыканцы 2015 на базе аднаго з факультэтаў Беларускага нацыянальнага тэхналагічнага ўніверсітэта адбыўся першы абласны конкурс па робататэхніцы “Дарога ў будучае”. Яго пераможцамі з работай “Робат-пыласос” сталі нашы гімназісты-шасцікласнікі Андрэй Маліноўскі і Вадзім Валасевіч — дыплом I ступені. На рэспубліканскім конкурсе “Млын моды” ў намінацыі “Фота” дыпломам III ступені адзначана зноў-такі выхаванка гімназіі-інтэрната Юлія Пацяюн. Адсюль жа і Кацярына Кавальская, якая на Міжнародным юніёрскім конкурсе талентаў і прыгажосці ў Турцыі ўдастоена звання “Фотамадэль свету”.
Нельга не адзначыць і навучэнцаў, педкалектыў Нарацкай СШ №2, актыўных удзельнікаў конкурсу “Планета без адыходаў”. У ходзе яго яны сабралі ажно 30 тон макулатуры і гэта прынесла ўстанове цудоўны вынік — 1 месца ў краіне. На абласным конкурсе выяўленчага мастацтва “Бяспечная праца — мая шчаслівая будучыня” дыпломам I ступені адзначана вучаніца Занарацкай СШ Вікторыя Кузьміч, а Ангеліна Лапата са Свірскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа разам са сваім кіраўніком Валянцінай Валянцінаўнай Вярбіцкай на абласным этапе республіканскага конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазія” атрымалі дыплом III ступені.
— Зразумелая справа, за кожным такім поспехам — вялікая і напружаная праца вельмі многіх педагогаў, якія не шкадуюць ні сіл, ні здароўя для якаснай адукацыі падрастаючага пакалення, адпавядаючай сучасным патрэбам асобы, грамадства і дзяржавы. Таццяна Генадзьеўна, каго з іх вы хацелі б адзначыць?
— Некаторых ужо ўзгадала вышэй. З лепшых кіраўнікоў устаноў адукацыі гэта дырэктары гімназіі-інтэрната г. Мядзела
В. П. Клімовіч, Нарацкай СШ №2 Г. В. Крыштафовіч, Нарацкай СШ №1 Т. К. Кальчынская, загадчыцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Л. А. Бурая і дзіцячага садка аграгарадка Княгінін С. В. Шырко. У кагорце педагогаў, якія пастаянна ў творчым пошуку, настаўнікі інфарматыкі гімназіі-інтэрната В. С. Саўчык, фізікі Р. І. Балюк, намеснік дырэктара Л. А. Цяляк, настаўнік фізічнай культуры Сырмежскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа А. А. Пляшак, музычны кіраўнік дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці М. І. Януковіч і многія іншыя. Трэба адзначыць і людзей, ад добрасумленнасці якіх таксама вельмі многае залежыць у нашай галіне. Маю на ўвазе вадзіцеляў Занарацкай СШ М. М. Максімовіча, Крывіцкага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа Л. М. Скурко, нашага аддзела С. С. Клімовіча, таваразнаўцу Л. Ч. Кірухіну і інжынера па ахове працы С. М. Суханскага, кладаўшчыцу Старлыгскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа імя І. Аніські
І. Л. Сурвілу…
— Як мяркую, на дасягнутым вы спыняцца не збіраецеся. Таццяна Генадзьеўна, на што будзе зроблены акцэнт у бліжэйшай перспектыве для далейшага ўдасканалення сістэмы адукацыі на Мядзельшчыне?
— Канечне, прыемна, што наша праца атрымала такую ацэнку. Цяпер прыкладзем усе намаганні, каб замацавацца ў групе абласных лідараў. Ды і чым мы горшыя за іншыя раёны? Таму, як кажуць, і назаўтра ў нас намечана многае. Гэта і павышэнне якасці адукацыі, і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў. На парадку дня таксама выбудоўванне сістэмнай і выніковай работы з адоранымі дзецьмі з выкарыстаннем профільнага навучання і дыстанцыйных формаў падрыхтоўкі, міжшкольных факультатыўных заняткаў, рэсурсных цэнтраў, патэнцыялу настаўнікаў-метадыстаў, нашай гімназіі-інтэрната, мэтанакіраванага ўзаемадзеяння з установамі вышэйшай адукацыі. Забяспечым рэалізацыю педагагічных праграм і праектаў з мэтай выхавання ў вучняў актыўнай грамадзянскай пазіцыі, фарміравання высокіх маральных якасцей і культуры ў маладога пакалення, па карысным правядзенні вольнага часу, пасільнай працоўнай занятасці і прафесійным самавызначэнні падлеткаў. Не выключаецца і прадастаўленне якасных адукацыйных паслуг, у тым ліку і на платнай аснове. Актуальнымі на сёння для нас застаюцца прафілактыка правапарушэнняў сярод непаўналетніх, сацыяльнага сіроцтва, ранняе выяўленне сямейнага недабрабыту, уладкаванне дзяцей-сірот і дзяцей, якія застаюцца без папячэння бацькоў, на сямейныя формы выхавання. Што датычыцца шостага школьнага дня, то прыярытэтным накірункам тут вызначана фізкультурна-аздараўленчая і спартыўна-масавая работа. Прадугледжваюцца таксама меры па больш эфектыўным выкарыстанні наяўных спартыўных і трэнажорных залаў, мадэрнізацыі спартыўных пляцовак на тэрыторыі нашых устаноў. Ажыццяўленне гэтых і шэрагу іншых мер дазволяць педагогам азёрнага краю не толькі не спыняцца на дасягнутым, але і год ад году прымнажаць свае набыткі…
Гутарыў Павел ЖУКАЎ.
На здымку: прадстаўнікі “залатога фонду” педагагічнага корпуса Мядзельшчыны з узнагародай (злева направа): дырэктар Нарацкай СШ №2 Генадзій Крыштафовіч, загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці к. п. Нарач Людміла Бурая, настаўнік гісторыі Нарацкай СШ №2 Валянцін Радзевіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Ефімава, дырэктар гімназіі-інтэрната г. Мядзела Вячаслаў Клімовіч, настаўніца фізікі гімназіі-інтэрната г. Мядзела Раіса Балюк, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі Антаніна Штура і настаўнік інфарматыкі гімназіі-інтэрната г. Мядзела Вячаслаў Саўчык.
Фота Георгія Прысмакова.


25 лютага 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя, Актуальна

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        _dsc1133-3 від на Мядзел     Паруснікі

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси