І лёс як люстэрка эпохі

УЗРОСТ мая суразмоўца не хавае. Яе 90 год — падстава для гонару, а для мяне — цікавая магчымасць паслухаць пра былое. Тым больш, што жанчына ў сваім паважаным узросце, хоць і набыла праблемы са здароўем, аднак памяць мае выключную, ды і расказчыкам аказалася выдатным. Мяркуйце самі.
Нарадзілася Аляксандра Захараўна Аўраміч у невялікай вёсачцы Угалец каля Пухавічаў. Агароды жыхароў даходзілі ажно да ракі Волма, якая працякае ў гэтых мясцінах. Жылі, шмат працавалі, вучыліся. Да вайны Аляксандра Захараўна справілася закончыць сем класаў школы. Усяго ж у сям’і было пяцёра дзяцей: старэйшая Марыя, потым — Аляксандра і сыны: Васіль, Рыгор, Мікалай.
Брат Рыгор у кнізе, прысвечанай свайму роду, так узгадваў бацьку Захара Васільевіча: “Бацька хоць і быў невысокім, сутулым, але працаздольнасцю і цягавітасцю адрозніваўся выключнай. Не было яму роўных ні ў якой сялянскай працы. Умеў наладзіць, навастрыць любую прыладу. Да яго звычайна ішлі з такой просьбай не толькі вясковыя жанчыны-ўдовы, але і мужыкі, у якіх, як кажуць, рукі растуць не адтуль. Любіў паўтараць: “Што галава сцяміць — рукі зробяць!” Быў бязлітасна патрабавальным як да сябе, так і да ўсіх дамачадцаў. Для яго не існавала паняцця хачу-не хачу. Парадак быў адзін — калі трэба — памры, але зрабі. Нас, сыноў, любіў трымаць пры сабе. Ён нешта робіць у дварышчы, а ты пры ім: то сякеру падай, то прыбяры, то работу дасць, якой заўсёды хапала на ўсе ўзросты. Звярталіся да бацькі мы, дзеці, на “Вы”. Так у той час было прынята. Так мы і звярталіся да яго да апошніх дзён”.
 Аляксандра Захараўна ўзгадвае, што бацька вельмі хацеў, каб дзеці вучыліся. Марыя таксама скончыла сем класаў. А вось братам вучыцца перашкодзіла вайна. Як зараз, жанчына памятае:
— Вайна пачалася ў нядзелю. Ужо ў наступную суботу немцы з’явіліся ў Мар’інай Горцы. Тыя, хто быў не задаволены савецкай уладай, пачалі пісаць закладныя на камуністаў. Былі незадаволеныя, бо калектывізацыя ішла цяжка, ды і за любое неасцярожнае слова мог забраць ноччу чорны варанок. Вось і пачалася мітусня: хто даносы лётае збірае, а хто дабро выкалачвае. А мы, дзяўчаты, летам яшчэ хадзілі ў Пухавічы і выменьвалі ў немцаў мыла пахнючае на яйкі ці ягады.
Узгадвае Аляксандра Захараўна, як у першыя дні вайны актыўна адступалі нашы войскі. Паколькі накірунак Мінск — Бабруйск немцы адрэзалі, войскі звярнулі на Чэрвень, і іх шлях пралягаў дарогай праз новы мост на рацэ Волма каля Угальца. За ракой пачынаўся лес. Камандзіры вельмі прыспешвалі салдат: “Хутчэй! Хутчэй! Хутчэй!”
— Нашы жанчыны хто вады ім выносіў, хто квасу, — далей узгадвае жанчына. —  Бо гімнасцёркі ў вайскоўцаў ад гарачыні папрыліпалі да цела, ногі былі пазразаныя. Бог іх ведае, адкуль яны ішлі, але па ўсім было бачна, што здалёку. Імкнуліся хутчэй у лес зайсці, каб схавацца ад нямецкай авіяцыі. У нашым лесе яны і апынуліся ў акружэнні. Раскапалі ямы, паўкідалі туды дабро рознае: коўдры, бялізну, яшчэ нешта. Некаторыя з вёскі потым цягалі гэта дабро сабе, а як пра гэта даведаліся паліцаі, то адбіралі. Аднаго мужчыну з вёскі ледзь не да смерці збілі за гэта. А гэтыя людзі ў лесе без кухні ж засталіся, галодныя. Немцы на той лес кідалі ім лістоўкі, каб яны здаваліся. Многія выходзілі і ішлі на прыпіску ў Мар’іну Горку. А ў Бабруйску быў лагер смерці. Некаторых туды накіроўвалі. Дык немцы што прыдумалі: можна было каго выкупіць адтуль. З нашага сяла аднаго выкупілі. Грыша (так яго звалі) меў выгляд — скура ды косці, а яшчэ процьма вошаў. Да чаго ж людзей даводзілі! А салдатаў нашых, якія здаліся ў Мар’іну Горку, немцы прыдумалі па вёсках размеркаваць. На наша сяло прыйшло васямнаццаць чалавек. На сходзе мой бацька, які перад вайной пэўны час быў старшынёй Савета і меў аўтарытэт сярод вяскоўцаў, прапанаваў прымаць салдатаў па чарзе. На шэсць хат бралі аднаго чалавека. Сям’я давала яму бялізну, карміла. А праз тыдзень ён ішоў у іншую хату. Па гаспадарцы мы іх не прыцягвалі. Так і жылі яны ў нас да зімы. У снежні іх забралі. А куды — не ведаю. Памятаю, што маці мая яму хлеба спякла, сала паклала, бялізны дзве пары. А Андрэй гэты, высокі такі, чарнявы, казаў: “Калі буду жывы, то ніколі вас не забуду”. Але як забралі, то і з канцамі.
Недзе гэтым часам у вёску наехала шмат немцаў. Як стала вядома, у суседняй лясной вёсцы ў гаспадароў у лазні мыліся партызаны. Дык немцы, як даведаліся, павесілі ўсіх мужчын з той вёскі, а хаты спалілі. Жанчыны ж з дзецьмі папрыходзілі да нас у вёску жыць. І гэта было першае гора, якое нам паказалі немцы. А з лесу прыходзілі да нас. Як толькі ноч, стукаюцца ў вокны: “Хозяюшка, дай покушать!” Хто просіць бялізну перамяніць, хто анучы, але найболей есці прасілі.
А дзесьці ў сакавіку 1942 года, па ўспамінах Аляксандры Захараўны, у іх лясы прыбыў укамплектаваны партызанскі атрад — 32 чалавекі. Мясцовым жыхарам было сказана, што яны з-за лініі фронту прыйшлі. А што было на самой справе — ніхто не ведаў, толькі здагадваліся. Прозвішчы памяць жанчыны трымае і сёння: камандзір Юрчанка, камісар Фядосаў. Былі і камандзір ротны, і камандзір узвода, начальнік штаба. А яшчэ памятае жанчына прыгожага, высокага вайскоўца Ставера. Але ён пазбягаў размоў з мясцовымі. Казалі, таму, што быў беларусам і не рызыкаваў, каб пра гэта хто даведаўся. Інакш пад пагрозай аказаліся б і родныя, і вёска. Калі немцы даведваліся, што нехта з сям’і ў партызанах, расстрэльвалі ўсю сям’ю. У памяці — медсёстры Каця і Нюрка. Першая хадзіла ў скураной куртачцы, з партупеяй і заўсёды з пісталетам. А Нюрку яны па дарозе забралі, была яна родам з Асіповіцкага раёна. І нехта падказаў, што да вайны яна закончыла курсы медсясцёр. Сама расказвала, што маці за атрадам кіламетры тры бегла і прасіла: “Аддайце!” Зямлянкі іх былі далекавата ад вёскі, за кіламетраў дванаццаць. А пост — у вёсцы. І харчаваліся яны тут.
— У жніўні 1942 года ў небе над вёскай з’явіліся тры самалёты, — працягвае расказ Аляксандра Захараўна. — І давай нас бамбіць, пакуль не загарэліся хаты. А мы з сястрой якраз лён абівалі і пайшлі за гумно яго слаць. А тут — самалёты, вой-вой як нізка ляцяць. І бомба ляціць са свістам, адна, другая, ды яшчэ стракочуць зверху. Мы з сястрой — у лубін. Ляжым ні жывыя ні мёртвыя. Але не патрапілі па нас. А сяло гарэла, і ніхто яго не тушыў. Толькі выносілі з хат, хто што мог. Потым парабілі зямлянкі і сталі ў іх жыць. А ў Турыне, што за пяць кіламетраў ад нас, немцы і паліцаі паставілі свой гарнізон. І ні з таго ні з сяго перыядычна абстрэльвалі наш лес — сталі баяцца партызан. Гэта не тое, што ў першы год: прыедуць, парагочуць, курэй паловяць трохі і паедуць. Цяпер жа два разы прыязджалі: зямлянкі бурылі, лавілі некага і забівалі. Ой, усяго і не расказаць, як страшна і цяжка было.
Аляксандра Захараўна ўздыхае, каб перавесці дыханне, і працягвае свае трагічныя ўспаміны:
— А гэтыя партызаны так перазнаёміліся з усім сялом, што былі для нас як члены сем’яў. Кожны да сваіх прыходзіў. Наша медсястра, напрыклад, вельмі любіла клёцкі. Магла і бабку заказаць ці яшчэ што. Мы і каровак там трымалі. А яшчэ тата мой тытунь ўмеў рабіць. Садзіў яе многа, тады ссякалі, лісце абіралі асобна, а сцябліны — у сячкарню, потым сушылі на печы, а ўжо сушаныя мы з сястрой таўклі ў ступе, прасявалі. Тата гэтым тытунём усіх частаваў. Таму, акрамя харчавання, забяспечвалі партызан яшчэ і гэтым.
Яшчэ памятаю, як аднойчы людзі прыйшлі ў вёску ноччу ды з боку загумення. Пастукалі ў зямлянку да дзеда, а ў яго нага драўляная была. Пайшоў адчыняць — яго і застрэлілі. Паднялася нявестка з дзіцем на руках: “А што ж вы, паночку, робіце!?” І іх таксама застрэлілі. А другая нявестка з дзецьмі паспелі схавацца за куфрам у яме. Чалавек зямлянку падпаліў, дык тыя ледзь павылазілі адтуль, дыму наглытаўшыся. Потым яшчэ па зямлянках мужчын пастралялі. Вось у такім страху і жылі…
Самыя жахлівыя ўспаміны ў Аляксандры Захараўны пакінуў пачатак 1944 года. Немцы адступалі, недзе пад Бабруйскам партызаны ўзарвалі вялікі ўчастак чыгункі. Гэта справакавала тое, што немцы на барацьбу з партызанамі кінулі значныя сілы. Пад помсту трапілі як мясціны, дзе жыла Аляксандра Захараўна, так і суседнія раёны — Асіповіцкі, Чэрвеньскі, Бярэзінскі.
— Гэта быў пачатак мая, — расказвае жанчына. — І мы апынуліся ў страшнай блакадзе. Памятаю, як аднойчы ноччу мне зрабілася вельмі дрэнна, паднялася тэмпература, а тут партызаны пастукалі: “Дзядзька Захар, немцы за мостам!” А мост гэты мо метраў дзвесце ад нас. Пакуль апрануліся, абуліся, давай уцякаць. А кулі ўжо стракочуць. Я бегчы не магу, у галаве круціцца. Сястра кажа: “Ідзі як можаш на Крывульку, а я потым за табой прыйду”. Трэба ж было і брацікаў малодшых пабраць на рукі, а мясціны ж — кожная сваю назву мела. І пайшла ў той бок. Абганяе мяне сяброўка мая лепшая Надзька: “Саша, што з табой?” Кажу ёй: “Тэмпература ў мяне, не магу бегчы. Мінай мяне хутчэй, бяжы!” Яна і пабегла, але куля яе дастала, упала сяброўка нежывой. Неяк дайшла да лесу. Піць хочацца — ледзь трываю. А тут сцішылася ўсё, страляніны няма. Думаю, выйду аглянуся. Руку ад сонца закінула і гляджу ў бок стайні. А там нехта ходзіць, не магу пазнаць, хто. Гэта былі немцы, яны мяне заўважылі — і давай страчыць з кулямёта. Я — паўзці. А кулі — з аднаго боку “ціў”, з другога — зямля ад іх падымаецца, а я паўзу. Дагналі мяне, бачу, што ўтрох яны: “Парцізан?” “Не”, — кажу. Дык адзін расшпіліў мой кажух, убачыў, што дзяўчына, і павярнулі мяне ў сяло. А там на Волме на востраве, дзе агароды нашы былі, людзей збіралі. Каго не пастралялі, тых зганялі. Трымалі з раніцы да пяці гадзін вечара, самлела я там, адкачалі, а потым пагналі ў Мар’іну Горку. Амаль месяц там былі, потым перасартавалі нас. Жанчын з малымі дзецьмі адпусцілі, яны потым па ўцалелых вёсках хадзілі, жабравалі, а астатніх адправілі ў Германію. Мяне ў тым ліку.
Маладая дзяўчына трапіла ажно пад Галандыю. Успамінае, што немцы прыязджалі і разбіралі іх як скаціну, каму колькі трэба работнікаў. Яна ж трапіла ў сям’ю, дзе было пяцёра дзяцей: старэйшаму — восем гадоў, а малодшаму — тры. А што ўжо бедныя былі, дык Аляксандра Захараўна вельмі дзівілася і была ўражана:
— Наглядзелася гэтай Германіі. І няпраўда было, што там усе добра жывуць. Якая там розніца паміж людзьмі! У нас дабра не было з гэтымі калгасамі, а там яшчэ горш убачыла. І такая нянавісць у іх паміж сабой, ніхто ні з кім не размаўляе. У іх не было як у нас: бабы павыходзяць і на лавачкі пасядуць, ці дзеўкі вечарамі песні пяюць, танчаць. У іх ніхто нікога не чапаў, кожны сам сабе. Там ідзе чалавек па вуліцы, павітаецца, яму галавой кіўнуць, і ніякіх больш размоў. А якая ўжо бедная сям’я была! З адзення мелі толькі тое, што на іх. У нас хоць сваё тканае было. Праўда, бялізна была на раз замяніць. За ўсе восем месяцаў, што там была, гаспадыня ні разу спадніцу не змяніла. Але адносіліся да мяне добра і гаспадыня, і гаспадар, якога хутка камісавалі. За адным сталом сядзелі. Была ў іх кароўка і паша для яе сотак пятнаццаць. Участак падзелены дротам напалову. Пасецца жывёліна з аднаго боку, а з другога — трава падрастае. Потым наадварот. А як суха стала і зямля выгарала, то я кароўку па канавах вадзіла. Вось табе і Германія. І гаспадары ўсяляк на гэтых Гітлера ды Гебельса гаварылі. Простаму люду цяжка было.
Зімовае адзенне дзяўчыны (кажушок, падшыты паўсукном, шаль і бурачкі) гаспадары, напэўна, спалілі, бо моцна смярдзела дэзінфіцыруючым сродкам. Таму ўзімку ёй давялося цяжка.
— Каб памыць бялізну і развесіць яе, дала мне гаспадыня паркалёвую сукеначку, — далей распавядае жанчына. — І не таму, што шкадавала адзення, а таму, што не было чаго даць. Яна сама на вуліцу выходзіла, завязаўшы нейкую пялёнку на галаву і накінуўшы на плечы стары падраны пінжак. А я — у гэтай паркалёвай, мокрай ад поту сукеначцы. Вядома, што захварэла. Думаю, што запаленнем. Тэмпература была, вушы моцна залажыла. Ужо як дамоў ехала, адчувала, што дрэнна стала чуць. А тады ляжала ў ложку, пакой мой не ацяпляўся, ніхто ні вады не прынёс, ні таблеткі ніякай не даў.
Вызвалілі Аляксандру Захараўну ў сакавіку 1945 года амерыканцы, але дадому яна трапіла толькі ў верасні. Амерыканцы трымалі іх у лагеры, кармілі, але дамоў не спяшаліся адпраўляць. Ехала дзяўчына праз усю Германію, бачыла разбомбленыя Мюнхен, Кёльн. Жанчына кажа, што пасля амерыканскіх авіяналётаў ад гарадоў заставалася адна арматура.
— Амерыканцы і англічане наляталі, вам не ўявіць, — апавядае Аляксандра Захараўна. — Самалёты ляцелі чорнай хмарай, як неба абхапіць. Зямля толькі гудзела. І як абрынуцца разам на адзін горад, то і знішчыць яго. Праз Варшаву ехала, вельмі прыгожы горад, асабліва налепка на сценах будынкаў. Але таксама вельмі пабіты быў. Сельская гаспадарка засталася ў Еўропе, а вось гарады моцна зруйнаваныя  былі. Сама бачыла.
Дадому дзяўчына вярнулася, а тут поўная разруха. Толькі бульбу і паспелі пасадзіць. Астатняе ўсё немцы пазнаходзілі-адабралі. Нават куфар з адзеннем закапаны знайшлі, не кажучы пра збожжа. Зямлянкі папалілі, калодзежы. У вёсцы не тое што курыцы, ката не знайсці было. Ні хлеўчука, ні лазні. Усё папалілі. А прыйшлі вызваленцы — бацьку на фронт забралі. Нават зямлянку новую не паспеў зрабіць. Ваяваў добрасумленна, ордэн атрымаў і некалькі медалёў. А вярнуўся — нічога няма, дзеці галодныя, у рванні. Аляксандра дадому вярнулася пазней за бацьку. А старэйшая сястра разам з іншымі дзяўчатамі, якія былі ў Германіі на работах, гналі на радзіму кароў для ўзнаўлення страчанага пагалоўя. За гэта сям’я атрымала карову, што стала значнай падмогай. Тады не было ні грошай, ні дапамогі. Выжывалі ў вёсцы, як хто мог.
У Германіі Аляксандра Захараўна пазнаёмілася з хлопцам з Украіны. Пасля вяртання ён прыехаў за ёй і прапанаваў выходзіць за яго замуж. Дзяўчына доўга не думала, згадзілася і паехала за мужам на яго радзіму ў Кіеўскую вобласць. Там сяло было цэлае, немцаў яны, лічы, не бачылі. Але…
— Якая ж там была бедната, — расказвае жанчына. — Хатачкі маленькія, глінай мазаныя. Зямля столькі хлеба родзіць, а ўсё забіралі. Дзень і ноч збожжа малоцяць і ўсё на нарыхтоўку возяць. І верасень, і кастрычнік, аж да першых маразоў. А людзям калі па кілаграму дадуць за працадні, то добра. Праўда, кукурузы трохі давалі. Есці там добра ўмеюць гатаваць. Я і не ведала, што такое проса, а ў іх было. І кукуруза, і цукровыя буракі. Але жылі яны бедна. У нас хоць з лесу можна было чым пажывіцца, а ў іх ніякага прыработку не было. А потым майго Алёшу адправілі ў Данбас на шахты. Працаваў там у кузні. Голад быў. У нас у Беларусі, як бы мы ні жылі, голаду не было. А там — быў. Картачкі давалі, але і тых не хапала. Гэта быў 1947 год.
Праз нейкі час маладая сям’я вярнулася да бацькоў мужа і на іх сядзібе пабудавала сабе хатку. Але што ж тая хата, калі сядзібы няма. А без надзелу зямлі не пражывеш. Таму згадзіліся на прапанову ўлад ехаць на Далёкі Усход. Як жа жыць без сядзібы? Вось і паехалі тры маладыя сям’і ў пошуках шчасця на новае месца. Прыехалі ў Бірабіджанскую вобласць, пад Кітай, трыста кіламетраў ад Благавешчанска. Прывезлі ў сяло — ніякай дарогі, сто кіламетраў ад райцэнтра, хто куды хоча, той туды і едзе.
— Прыехалі — такая свабода! Каровы ходзяць, дзе хочуць, — усмешка кранула вусны Аляксандры Захараўны. — Тайгі і блізка няма. А чым паліць у печы? Дык трактарам аруць поле, карчуюць хмызняк і гэтымі карчамі потым паляць. Жывём, я на ферму ўладкавалася, вось і год на падыходзе. А тут як пайшоў дождж, нібы акіян праліваецца, ліўнем. Разы два прайшоў — рэкі паразліваліся і ўсе палі затапіла, усю пшаніцу. А як вада спала — які там хлеб, рослы ўжо. А нарыхтоўку трэба здаваць. На наступны год дачакаліся ўраджаю і нарыхтоўку здалі, дык трэба было дапамагаць за суседні раён, дзе ўраджаю недабралі. А праз год зноў навадненне. Цялушка ўтапілася, карова без пастуха соі наелася і таксама загінула. Сама захварэла, лячыцца трэба было ў Бірабіджане, дзяцей ужо трое было. Дык Лёша кажа: “Паехалі дадому”. А я моцна не хацела вяртацца на Украіну. І пасля доўгіх размоў і ўгавораў згадзіўся муж паехаць у Беларусь.
Так Аўрамічы трапілі ў Беларусь. Гэта быў 1954 год. Хату пабудавалі ў Чэрвеньскім раёне, вялікую, прасторную, прыгожую. Працавалі ў калгасе, гаспадарку сваю трымалі. А потым сяло, як кажа жанчына, “раскідалася”. Людзі сталі выязджаць. Перад імі паўстала зноў пытанне пераезду. Брат запрасіў у Салігорск, дапамог уладкавацца на работу, вырашыць жыллёвае пытанне. Так і апынуліся ў гэтым горадзе. Тут і на пенсію выйшлі.
У Мядзеле Аляксандра Захараўна жыве ўжо восьмы год. Дачка Люба да сябе забрала. Муж ужо памёр, ногі пачалі балець, вось і згадзілася на пераезд. Тут наведваюць бабулю яшчэ дзве дачкі, унукі, праўнукі. А як усе збяруцца, дык і пералічыць іх цяжка. Мае Аляксандра Захараўна шасцёра ўнукаў, дзевяць праўнукаў і нават дачакалася дваіх прапраўнукаў. Летам любіць у Сцюдзяніцы бываць, дзе ў дачкі ёсць домік. Узнагародай для жанчыны стала спакойная старасць. Вось толькі ўспаміны трывожаць душу і хочацца, каб людзі ведалі пра жахі вайны, хаця б для таго, каб яны больш ніколі не паўтарыліся.
Іна ЯРЧАК.
На здымку: Аляксандра Захараўна Аўраміч.
Фота Георгія Прысмакова.


25 лютага 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

1-12 на Блакітных азёрах        0-178     Паруснікі

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси