Бытавыя адыходы — у лік аплаты за паслугі

 РАЗДЗЯЛЯЦЬ бытавыя адыходы, выкідваць іх у «правільны кантэйнер» — пра гэта зараз ідзе шмат размоў. «Скажыце, калі ласка, ці ёсць сёння ўсе ўмовы для таго, каб свядомыя грамадзяне маглі выконваць просьбу камунальнікаў?» — з такім пытаннем звярнуўся да намесніка дырэктара РВУП «Мядзельская ЖКГ» па добраўпарадкаванні Іны ТОЛАК.
— Актуальнасць збору другаснай сыравіны для Беларусі павялічваецца і ў сувязі з тым, што наша краіна не можа пахваліцца багаццем прыродных рэсурсаў. Таму раздзельны збор, максімальнае атрыманне другаснай сыравіны і перапрацоўка адыходаў — галоўныя прынцыпы кіравання бытавымі адыходамі ў свеце.
Апошнія дзесяцігоддзі стварэнне і ўдасканаленне сістэмы абыходжання з адыходамі ў нашай краіне з’яўляецца адным з асноўных кірункаў дзейнасці эколагаў, камунальнікаў, органаў усіх узроўняў улады. Вырашаючы пытанні экалагічнай бяспекі, вырашаюцца пытанні і эканомікі краіны. Дзяржавай вызначаны асноўныя стратэгічныя задачы ў сферы збору і перапрацоўкі другаснай сыравіны.
Для забеспячэння максімальнага атрымання з адыходаў другасных матэрыяльных рэсурсаў, такіх, як шкло, ПЭТ-бутэлька, плёнка, макулатура, у раёне праводзіцца значная работа. На прыдамавых тэрыторыях шматкватэрных жылых забудоў абсталяваны пляцоўкі для раздзельнага збору адыходаў. Устаноўлены каляровыя кантэйнеры або кантэйнеры з надпісамі «Шкло», «Пластык», «Макулатура».
У кантэйнеры для шкла можна выкідваць шкляныя бутэлькі і слоікі. У кантэйнер для пластыку выкідвайце ПЭТ-бутэлькі без накрывак, шкляначкі ад ёгурту і смятаны, пластыкавыя цюбікі ад касметыкі, скрыначкі ад тартоў і іншых харчовых прадуктаў, бутэлькі ад алею, поліэтыленавыя пакеты і плёнку, аднаразовы посуд, каністры пластыкавыя. Для перапрацоўкі  паперы прыдатныя часопісы, газеты, кнігі, кардон, розная папяровая ўпакоўка, друкаваная прадукцыя.
Кожны жыхар раёна можа сабраць і здаць другасную сыравіну за наяўны разлік. А з нядаўняга часу камунгас прапануе сваім кліентам новую паслугу — збор і здача другаснай сыравіны ў лік аплаты камунальных паслуг. Прычым цэны на другасную сыравіну ў такім выпадку крыху вышэйшыя.
— Калі ласка, назавіце іх.
— Шклабой за наяўны разлік прымаецца па цане 700 рублёў за кілаграм, а ў лік камунальных паслуг — 900 рублёў. Макулатура каштуе адпаведна 800 і 1000 рублёў, за кілаграм ПЭТ-бутэлек на рахунак будзе залічана 1500 рублёў. Кілаграм адыходаў пластмасы, тэкстыльных матэрыялаў каштуюць адпаведна 800 і 300 рублёў. Хачу яшчэ раз паўтарыць, што за гэта «дабро» сума залічваецца на асабісты рахунак плацельшчыка камунальных паслуг, а не выдаецца наяўнымі грашыма.
— Куды можна здаць другасную сыравіну?
— На тэрыторыі раёна працуюць некалькі пунктаў прыёму другаснай сыравіны РВУП «Мядзельская ЖКГ». У прыватнасці: у г. п. Крывічы (вуліца Карла Маркса, д. 8), г. п. Свір (вул. Савецкая, 80) і ў аграгарадку Княгінін (вул. Зялёная, будынак лазні). Акрамя гэтага, па графіку працуе перасоўны прыёмны пункт.
— Іна Альфонсаўна, мы гаворым пра паперу, шкло, пластык. Але ёсць жа яшчэ і іншыя віды адыходаў. Куды дзець іх? Што яшчэ можна здаць для ўтылізацыя на прыёмныя пункты?
— Можна здаваць шыны і камеры легкавых аўтамабіляў, люмінесцэнтныя трубкі, лямпы, адпрацаваныя тэрмометры і батарэйкі, адыходы складанай бытавой тэхнікі ў камплекце.
— На ўтылізацыі складанай бытавой тэхнікі, адпрацаваных батарэек, люмінесцэнтных лямпаў і інш. Хачу спыніцца больш падрабязна. У нашай краіне бытавая тэхніка, якая выйшла з ужывання, доўгі час ад насельніцтва асобна не збіралася і не перапрацоўвалася. Яе адпраўлялі на палігоны для пахавання. У выніку краіна губляла другасныя матэрыяльныя рэсурсы (каштоўныя, каляровыя  і чорныя металы, шкло, пластык), акрамя гэтага, адбывалася забруджванне навакольнага асяроддзя небяспечнымі для жыцця і здароўя чалавека рэчывамі. Выкінутыя прыборы выдзяляюць у атмасферу шкодныя рэчывы. Чалавеку здаецца: не атруціўся — і добра. Мала хто думае, што будзе  праз 10-20 гадоў. Выкідваючы адпрацаваную тэхніку, мы закопваем у зямлю бомбу запаволенага дзеяння.
У Мінску і буйных абласных цэнтрах рэспублікі працуе бясплатная служба ААТ «БелВТІ» — прадпрыемства, якое займаецца ўтылізацыяй складанай бытавой тэхнікі. У нас жа такую тэхніку можна прывесці ў любы прыёмны пункт, на станцыю сартавання ў Мядзеле (знаходзіцца яна па вуліцы  Інтэрнацыянальная, д. 17), або яе забярэ перасоўны прыёмны пункт, які прыедзе ў ваш населены пункт па графіку.
Трапляючы ў навакольнае асяроддзе, батарэйкі таксама наносяць шкоду не толькі прыродзе, але і здароўю чалавека. Штогод у кожнай сям’і збіраецца ад 100 да 500 грамаў выкарыстаных батарэек. Каб зменшыць адмоўнае ўздзеянне такіх адыходаў на навакольнае асяроддзе, аддавайце перавагу тэхніцы, якая працуе без батарэек (ад электрычнай сеткі, ад ручнога заводу ці з выкарыстаннем светлавой энергіі, напрыклад, калькулятары). Заўсёды старайцеся купляць батарэйкі з надпісам «без ртуці», «без кадмію». А самае галоўнае — ніколі не выкідвайце іх разам з іншымі адыходамі, здавайце іх у прыёмныя пункты.
Раздзельны збор другасных матэрыяльных рэсурсаў мае вялікае значэнне і ў выхаванні нашых дзяцей. Узяўшы за звычку «раскладваць усё па палічках», складаць лісток да лістка макулатуру, збіраць ПЭТ-бутэлькі ў пакет і апускаць у патрэбны кантэйнер, мы прывіваем дзецям акуратнасць, адказнасць і пачуццё гонару за прыцягненне да важнай грамадска-карыснай дзейнасці.
Такім чынам, насельніцтва не павінна стаяць у баку ад важнай справы раздзельнага збору бытавых адыходаў. Штодзень мы выкідваем непатрэбныя паперу, ПЭТ-бутэлькі, шкло, палімеры, тэкстыль. Усё гэта  не смецце, а каштоўныя другасныя рэсурсы. Нездарма ў апошні час у нашых дварах з’явіліся кантэйнеры для раздзельнага іх збору. Наша задача — выкарыстоўваць іх па прызначэнні, гэтым самым вырашаць важнейшую дзяржаўную задачу, нават не адну. Бо размова ідзе і пра экалогію, і пра эканоміку.
Выкідваючы другасную сыравіну ў агульны «кацёл», мы не задумваемся, ды і, напэўна, не ведаем, што поліэтыленавая плёнка ляжыць у зямлі 400 гадоў, поліэтыленавая бутэлька — 450 гадоў, шкляная — 100 тысяч гадоў. 60 працэнтаў адыходаў на марскім дне — поліэтыленавыя пакеты. Штогод пластыкавыя адыходы становяцца прычынай смерці 1 мільёна птушак, 100 тысяч марскіх млекакормячых і незлічонай колькасці рыбы. Адзін жыхар Зямлі, адмаўляючыся ад пластыку на працягу года, не выкарыстоўвае 50 літраў нафты.
Гутарыў Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.


25 лютага 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Жыллёва-камунальная гаспадарка

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

 возера Мястра  Касцёл у Мядзеле  на Блакітных азёрах        img_4257

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси