На карысць сабе і людзям

У ВЁСЦЫ Малая Сырмеж Мікалая Канстанцінавіча і Ніну Міхайлаўну Субачаў ведаюць усе. Ды ці толькі ў Малой Сырмежы? Гэтыя людзі вядомыя далёка за межамі раёна. Чым жа яны вызначыліся?
У свой час яны прымалі на адпачынак гасцей нашага азёрнага краю ў аграсядзібе з назвай «У Міколы». Сядзіба Субачаў вызначаецца тым, што ёсць вадзяная горка, якая высіцца над сажалкай. Многія, асабліва ў гарачыя летнія дзянёчкі, з задавальненнем карыстаюцца гэтым збудаваннем. Ды і па сажалцы можна паплаваць у лодцы. Тэрыторыя аграсядзібы ўпрыгожана рознымі фігурамі (выявамі звяроў, іншых персанажаў) з дрэва і бетону. Хапае навокал і хараства прыроднага характару, непадалёку лес з грыбамі і ягадамі, цудоўнае возера Нарач.
Гаспадары пастаянна ўдасканальваюць сваю сядзібу. Вось і зараз можна бачыць рыштаванні ля гасцявога доміка. Усё робіцца для таго, каб стварыць для пастаяльцаў больш зручныя ўмовы. А чаго варта адна толькі лазня?!
Дарэчы, аграсядзібу Субачы зарэгістравалі яшчэ ў 2001 годзе. За гэты час шмат людзей тут адпачыла.
— Зараз адпачываючых стала значна менш. Мо крызіс паўплываў, — гаворыць Ніна Міхайлаўна. — Таму і вырашылі крыху змяніць накірунак дзейнасці. Заняліся фермерствам. Хаця гэта справа для нас не новая. Раней трымалі чатырох кароў, свіней са свінаматкамі, курэй…
Каб трымаць гаспадарку, неабходна шмат працаваць. Але вясковая работа для Мікалая і Ніны — справа прывычная.
— Коля родам з Міхалёў. Сем гадоў там жылі. Я працавала поварам у сталовай вёскі Лотва. Ён — у пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 4 курортнага пасёлка Нарач. 28 гадоў адпрацаваў у пажарнай часці, зараз на пенсіі. Міхалі — вёска, як кажуць, выміраючая. Таму вырашылі пабудаваць дом у Малой Сырмежы. Пераехалі сюды ў 1986 годзе, — расказвае Ніна Міхайлаўна. — Я працавала ў мясцовым магазіне. А калі ён закрыўся, то засталася на гаспадарцы.
— А ці вялікая сёння у вас гаспадарка? — цікаўлюся.
— Ёсць шэсць дойных кароў, сёмая павінна хутка ацяліцца. Трымаем пару вялікіх быкоў і двух малых. Гады чатыры таму купілі ў Ляхавіцкім раёне шэсць авечак пароды мерыносы. Зараз пагалоўе давялі да сямідзесяці. Сёлета 20 авечак акаціліся, прывялі добры прыплод, — адказвае жанчына. — Гадуем птушак. Маем 30 курэй, 13 індыкоў, ёсць качкі, гусі. Словам, гаспадарка ладная.
— Куды рэалізуеце прадукцыю? — пытаюся.
— Бычкоў прададзім дзяржаве. Малако здаём на Нарацкі завод. Акрамя таго, ёсць пастаянныя пакупнікі малака з аграгарадка  Нарач і курортнага пасёлка.
Пад заказ раблю тварог, сыр, смятану, — чую ў адказ.
— Прабачце, а хто заказчык?
— У Малой Сырмежы ёсць іншыя аграсядзібы, дзе адпачываюць людзі. Яны з задавальненнем бяруць у нас малочныя прадукты, — тлумачыць гаспадыня.
Ніна Міхайлаўна прапанавала нам паспытаць сыру ўласнай вытворчасці. Вельмі смачны, нагадвае колішні «адыгейскі». У магазінах у апошні час такога няма.
— Свіней зараз не гадуем. У сувязі з афрыканскай чумой вырашылі не рызыкаваць. Больш увагі надаём каровам, авечкам, птушцы. Клопатаў з птушкай хапае, асабліва з маладняком. Яму патрэбна цяпло. Зрабілі асобнае памяшканне, дзе змайстравалі для падагрэву печку. Там маладняк вырошчваем да двухмесячнага ўзросту, а затым — на вуліцу, на траву. Маем уласны інкубатар, — працягвае размову Ніна Міхайлаўна. — Гадаваць няпроста, а збыць яшчэ цяжэй. Пазалетась у Наносах былі адпачываючыя. Яны купілі ў нас 33 качкі, а летась — толькі тры. Затое на Навагоднія і Калядныя святы купілі восем гусей. Зразумела, адпачываючыя бяруць тушкі. У знаёмых адпачывалі людзі з Расіі. Яны пажадалі набыць у нас двух баранчыкаў. Самі выбралі якіх, зарэзалі, разабралі. Думаю, што смачны шашлык атрымаўся. Авечак стрыжом, а воўну няма куды збыць. Гэтак сама і аўчыны.
— Гаспадарка ў вас вялікая. Толькі сена нарыхтаваць патрэбна вунь колькі. Як спраўляецеся? — пытаюся.
— Сена раней рыхтавалі самі: касілі, сушылі. Зараз купляем гатовыя і сена, і салому. Жывёлу ў хляве трымаем да канца красавіка, а потым — на пашу. Каб карыстацца зямлёй, трэба было аформіць фермерства. Выдзелілі нам участак ля вёскі Мельнікі. Там усё лета ўтрымліваецца жывёла, — адказвае суразмоўца. — Даіць кароў ездзім туды, гэта тры кіламетры ад сядзібы. Маем даільны апарат. Непадалёку ад загона будуе дом сын. Вось там і падключаем да электрасеткі даільны апарат. Увогуле, дзеці нам у многім дапамагаюць. Старэйшы Уладзімір пайшоў бацькавай дарогай, займае пасаду камандзіра аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 4. Малодшы Косця працуе ў санаторыі «Прыазёрны» сталяром-цесляром. Вельмі добрыя нявесткі. Ніхто не цураецца работы, усе імкнуцца дапамагчы нам. Маем чатырох унукаў…
— А чыя ідэя заняцца фермерствам?
— Гэта ініцыятыва Мікалая. Падумалі, абмеркавалі і вырашылі паспрабаваць. Пакуль не шкадуем, — кажа гаспадыня.
— Трымаеце жывёлу нейкай асаблівай пароды ці звычайнай вясковай? — спрабую высветліць.
— Каровы галандскай пароды. У мінулым годзе ў гаспадара з аграгарадка Нарач купілі бычка джэрсейскай пароды. Такім чынам разлічваем палепшыць прадукцыйнасць жывёлы. Зараз шукаем, дзе набыць пародзістага барана, — тлумачыць Ніна Міхайлаўна.
Але не толькі каровы, авечкі і птушка па падворку Субачаў. Ёсць тры вуллі пчол. Таму, як кажуць, мёду і сабе хапае, і дзецям купляць не трэба. Два трактары, бульбасаджалка, бальбакапалка, іншыя прычапныя і навясныя агрэгаты таксама можна бачыць на падворку. А ў адным з памяшканняў зманціравана ўласная піларама. Уражвае таксама ладная цяпліца.
— У ёй зманціравана ацяпленне. У пачатку сакавіка высаджваем на зеляніну цыбулю, потым — агуркі, памідоры, перцы, баклажаны. Частку цяпліцы арандуе санаторый «Прыазёрны». Тут вырошчваюць расаду кветак, якую потым высаджваюць на шматлікіх клумбах на тэрыторыі здраўніцы. Вось так і жывём: на карысць сабе і людзям, — дадала на развітанне Ніна Міхайлаўна.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: гасцінная гаспадыня Ніна Субач.
Фота Георгія Прысмакова.


25 лютага 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Прадпрымальнасць

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

возера Мястра 0-170 на Блакітных азёрах        0-178

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси