Калі рызыкаваць і ратаваць – не проста дзеясловы

З КАНСТАНЦІНАМ Ляхам — начальнікам каравула пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 г. Мядзела пазнаёміліся падчас раённага злёту маладых спецыялістаў, які праходзіў у пачатку снежня ў райцэнтры. Хлопец звярнуў на сябе ўвагу актыўнасцю, цікаўнасцю, з лёгкасцю згадзіўся на размову.
Нарадзіўся і вырас Канстанцін на суседняй Вілейшчыне. Яшчэ ў школе хлопца цікавіў спорт. Падабаліся гульні ў валейбол, футбол, удзельнічаў у спаборніцтвах па бегу, ды і іншыя не ігнараваў. Калі прыйшоў час вызначацца з прафесіяй, спартыўная падрыхтоўка стала рашаючым фактарам. А тут на вочы трапілася інфармацыя з прафарыентацыйнага стэнду пра Камандна-інжынерны інстытут МНС Рэспублікі Беларусь, дзе, акрамя іншага, паведамлялася, што ў гэтай установе спорту надаецца вялікая ўвага і навучэнцы маюць магчымасць развівацца ў гэтым накірунку, удзельнічаць у розных спаборніцтвах. Яшчэ была спакуса спрабаваць паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. Але ў ваенізаваныя ВНУ набор адбываецца крыху раней, таму адпаведна гэтаму і прымалася рашэнне — брацца “штурмаваць” цвярдыні навукі камандна-інжынернага інстытута. Паступіў, і ўжо 1 жніўня 2011 года пачаў асвойваць курс маладога байца.
— Першы год было складана, — расказвае Канстанцін. — Казарменнае становішча, строгі распарадак дня, моцная дысцыпліна, тое ж харчаванне не параўнаць з дамашнім. Жылі мы пад Мінскам у Юхнаўцы і, напрыклад, звальненне ў горад трэба было заслужыць. Таму, калі пасля паспяховай здачы першай сесіі на два тыдні прыехаў дадому, адчуў сябе шчаслівым чалавекам. Далей стала значна лягчэй. На другім курсе мяне прызначылі камандзірам аддзялення. Актыўна ўдзельнічаў у розных мерапрыемствах, спартыўных спаборніцтвах, выступаў за курс. Цікавымі і адначасова складанымі былі спаборніцтвы па звяну газадымаабарончай службы. У баявым адзенні з каскамі, апаратамі на сціснутым паветры звяном з трох чалавек трэба было забегчы на 25-ты паверх Нацыянальнай бібліятэкі. Пасля пятнаццатага не тое, што бегчы няма сіл, але і ледзь ногі перастаўляеш. Курсам занялі другое месца.
Гады вучобы праляцелі хутка, пакінуўшы пасля сябе добрыя ўспаміны. Канстанцін заўсёды імкнуўся без “хвастоў” здаць сесію, каб атрымаць паўнацэнныя канікулы і пабыць дома, дзе яго, акрамя бацькоў, чакалі старэйшая сястра і малодшы брат.
— Сястра мая — медработнік, — кажа хлопец. — А брат хоць і вучыцца яшчэ ў трэцім класе, марыць стаць міліцыянерам. Калі так атрымаецца, то мы жартуем, што дома будуць прадстаўнікі трох экстранных службаў — 101, 102 і 103.
— Ты выбраў складаную прафесію, звязаную з рызыкай і небяспекай. Памятаеш свой першы пажар?
— У якасці байцоў пажарна-аварыйнай часці пры нашай установе выступалі на першым-другім курсах па 3-4 разы ў месяц, пазней нас ставілі на пасаду камандзіра аддзялення сваёй часці, а потым і часцей горада Мінска, у штабы накіроўвалі і так далей. Практыка была рознай накіраванасці. Першы баявы выезд адбыўся, калі гарэла смецце ў пад’ездзе. Але тады ўсё добра абышлося, нават ваду не падавалі. А вось у канцы другога курса ў чэрвені падчас дзяжурства ў вучэбнай ПАЧ паехалі на пажар у прыватны сектар раёна Серабранка. Там гарэў дом. Вуліца вузкая, толькі адна пажарная машына можа праехаць, таму давялося пракладваць магістральную лінію ў кіламетр да возера. І непасрэдна ў працэсе тушэння ўдзельнічаў. Як зараз памятаю: сонечны дзень, час — хутка вечар, ад гарачыні ўсе расслабленыя. А тут раптам выклік. І як паехалі ў тры гадзіны, дык толькі ў дзесяць вечара вярнуліся. І самае, можна сказаць, крыўднае, што мы амаль патушылі пажар — і пайшоў дождж. Але нам усё роўна было горача. А пасля разбору канструкцый (таго, што засталося ад дома) ад напружання ўжо і рук амаль не адчуваў. Карацей, прыехалі ў часць вельмі знясіленыя, стомленыя, мокрыя і галодныя. А баявое хрышчэнне па жартоўнай традыцыі атрымаў падчас стажыроўкі, калі пасля тушэння пажару старэйшыя таварышы завялі ў гаспадарчую пабудову і аблілі вадой. На дварэ быў люты, таму мяне адразу пасадзілі ў машыну, пераапранаўся ўжо ў часці.
У Мядзел Канстанцін прыехаў у апошнія дні ліпеня мінулага года. Кажа, што прынялі яго тут добра. Непасрэдна ў паўсядзённай службовай дзейнасці хлопцу дапамагае камандзір аддзялення старшы прапаршчык Сяргей Паршута. За паўгода з усімі ўжо раззнаёміўся, вырашыў жыллёвае пытанне (хлопец атрымаў пакой у інтэрнаце), падабаецца, што да дому не далёка.
— Няўжо зусім не баішся вогненнай стыхіі?
— Гэта мая работа і мой абавязак — змагацца з агнём, — адказвае Канстанцін. — Паступіў выклік — значыць павінен ехаць тушыць ці ратаваць. Для гэтага вучыўся, для гэтага мяне рыхтавалі.
Іна ЯРЧАК.
На здымку: начальнік каравула пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 г. Мядзел Канстанцін Лях.
Фота Георгія Прысмакова.


25 лютага 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Кадры, Моладзь

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

Касцёл у Шэметава   Царква ў Слабадзе лебедзі на Мястры 0-170

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси