Засвірская ідылія

МІНУЛАЯ восень для сям’і Глухоўскіх з Засвіры стала адметнай — у іх з’явілася дачушка, якую назвалі Анечкай. Ну і што тут дзіўнага? — спытаеце вы. Растлумачу. Акрамя таго, што само па сабе нараджэнне дзіцяці — цуд, гэтаму папярэднічала і гісторыя, якую Святлана і Віталій расказалі.  Калі пажаніліся, маладыя марылі мець сына і дачку. Першынец не прымусіў сябе доўга чакаць і з’явіўся на свет у першы год сумеснага жыцця. Хлопчыка назвалі Алегам, у гэтым годзе яму спаўняецца 15 гадоў. Праз пяць гадоў нарадзіўся Жэня. Хлопчыкі падрасталі, а бацькам вельмі хацелася, каб у сям’і была дзяўчынка. Пакуль дачакаліся, давялося прайсці сур’ёзныя жыццёвыя выпрабаванні. Чарговая цяжарнасць абарвалася, а калі наступная падыходзіла да шчаслівага фіналу, у Святланы памерла маці. Боль і цяжар незваротнай страты закрывалі, здавалася, увесь белы свет. Але жанчына, наколькі хапіла сіл, узяла сябе ў рукі і дала ўстаноўку: “Спачатку нараджу дзіця, а потым выплачуся”. Адбылі памінальныя сорак дзён, а назаўтра маленькая Анечка гучным крыкам абвясціла аб сваім нараджэнні. Што можа быць больш балючым, чым пахаваць маці? А з другога боку, што можа быць больш радасным, чым нараджэнне доўгачаканага дзіцяці?
І вось гутарым са Святланай і Віталіем у іх цёплым, утульным доме, а чатырохмесячная Анечка на руках у матулі спакойна на ўсіх пазірае. Старэйшыя хлопчыкі — у школе, але бацькі з задавальненнем пра іх расказваюць:
— Алег у нас — спартсмен, — зазначае галава сям’і Віталій. — Бегам займаецца, на турніку трэніруецца, гіры ў яго ёсць. Хоча стаць, як дзядзька, кандыдатам у майстры спорту. Але спачатку пасля дзявятага класа плануе паступаць у Вілейскі дзяржаўны каледж на вадзіцеля, там жа марыць запісацца ў спартыўны клуб, каб быць бліжэй да мары. За руль ужо саджаў яго, таму хлопец ведае, што гэта такое.
— А меншы Жэня яшчэ не вызначыўся, кім быць, — расказ пра дзяцей працягвае Святлана. —  Малы яшчэ. Але на турніку круціцца спрытней, чым брат і бацька. За камп’ютарам абодва любяць пасядзець, гэта, напэўна, ва ўсіх дзяцей такі інтарэс. Цешымся, з якой пяшчотай яны адносяцца да сястрычкі. Калі раніцай Анюта не спіць, хлопчыкі не пойдуць у школу, не пацалаваўшы яе, не паразмаўляўшы з ёй. Таксама вельмі чакалі дзяўчынку… Рыбачыць з бацькам любяць, асабліва летам на лодцы.
Святлана нарадзілася ў Камарове, потым бацькі пераехалі на Астравеччыну, дзе яна закончыла школу. Неяк летам дзяўчына “круціла” музыку ў мясцовым клубе. Сюды, у Страчанку, на дыскатэку прыязджалі і хлопцы з Мядзельшчыны. Сярод іх — Віталій Глухоўскі, з якім дзяўчына пазнаёмілася, пасябравала. Потым яна чакала яго з арміі, а дачакаўшыся, прыняла прапанову стаць яго жонкай. Вяселле адбылося ў жніўні 2000 года. Спачатку маладая сям’я жыла ў Болькаве разам з бацькамі Віталія. А потым, калі Святлана ўладкавалася аператарам машыннага даення на ферму “Засвір”, ім кіраўніцтва гаспадаркі прапанавала дом. Вось ужо трынаццаць гадоў як тут жывуць. Віталій таксама працаваў у мясцовай гаспадарцы больш за дзясятак гадоў, але апошнія пяць шчыруе на Свірскім участку філіяла “ДЭУ № 66” вадзіцелем пагрузчыка. Вядуць гаспадарку, агарод саджаюць. Раней нават карову трымалі, але давялося адмовіцца: вельмі многа з ёй клопатаў. Словам, прыжыліся Глухоўскія ў Засвіры, іншага месца для сябе і не жадаюць.
— У мінулым годзе зрабілі рамонт у пакоі хлопчыкаў, — дзеліцца Святлана. — Модныя шпалеры паклеілі, ламінат паклалі, мэблю новую паставілі. Усё сваімі сіламі, дакладней, усё рабіў гаспадар сваімі рукамі. Ягады, грыбы люблю збіраць. А тут лес — побач. Магчыма, дзеці захочуць у іншым месцы жыць, а мы то не. Нам і тут падабаецца.
Іна ЯРЧАК.
На здымку: Святлана і Віталій Глухоўскія з дачушкай Анютай.
Фота Георгія Прысмакова.


25 лютага 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры   від на Мядзел dsc_5774-3 84

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси