…І будзе храм навукі

ШМАТ гадоў востра стаяла праблема пашырэння сярэдняй школы ў курортным пасёлку Нарач. Існуючая навучальная ўстанова, якая была пабудавана ў 1978 годзе, разлічана на 200 вучняў. Таму дзеці вымушаны займацца ў дзве змены, што вельмі нязручна для бацькоў, настаўнікаў і саміх вучняў. Шмат абмежаванняў у дзейнасць установы ўносіць наяўнасць толькі адной невялікай залы. Яна і актавая, і спартыўная, і для правядзення масавых мерапрыемстваў… Цесна таксама ў вучнёўскай сталовай, якая разлічана ўсяго на 48 пасадачных месцаў. Зыходзячы з гэтага, планавалася зрабіць да школы прыбудову ці ўзвесці новую. Якраз наконт гэтага пытання і пайшла размова на выязным пасяджэнні абласнога выканаўчага камітэта з удзелам старшыні аблвыканкама Сямёна Шапіры, намесніка прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіла Русага, шэрагу іншых адказных асоб нашай краіны і Міншчыны. Вось тады старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Сяргей Трусаў заўважыў, што рабіць прыбудову да існуючай школы немэтазгодна. Патрэбна ўзводзіць новую цудоўную школу ў мікрараёне «Аэрапорт». Па кошце яна абыдзецца крыху даражэй, але гэта варта таго.
Тады старшыня аблвыканкама даручыў спецыялістам грунтоўна прапрацаваць пытанне па патанненні будаўніцтва без урону паўнацэннай функцыянальнасці новай школы на 510 вучняў. І неўзабаве на пляцоўцы з’явілася тэхніка.
— За аснову ўзялі праект школы на 510 месцаў, які рэалізаваны ў Астраўцы. У гэтым будынку размясцілася гімназія, і з 10 студзеня мінулага года яна функцыянуе, — расказвае дырэктар Нарацкай сярэдняй школы №2 Генадзій Крыштафовіч. — Зразумела, каб будаўніцтва зрабіць больш танным, у генпраект былі ўнесены некаторыя карэктывы. Мы адмовіліся ад лішняга, без чаго лёгка можна абысціся.
— А ці задаволіць умяшчальнасць у 510 вучняў? — пытаюся ў дырэктара.
— Так. Пачатковая школа разлічана на 8 класаў. Фактычна нам патрэбна 12 класаў. Але за лік іншых пакояў зможам абсталяваць неабходную колькасць памяшканняў для пачаткоўцаў. Што датычыць сярэдніх і старэйшых класаў, то запланавана 14 класных пакояў. Гэтага дастаткова. У выпадку павелічэння колькасці вучняў будзем павялічваць напаўняльнасць класаў, — адказвае Генадзій Віктаравіч.
— Калі ласка, раскажыце крыху пра новую школу, — прашу суразмоўцу.
— Тыпавыя кабінеты і лабараторыі фізікі, хіміі, біялогіі і інш. Вялікая спартыўная зала (30 х 18 метраў), добрая трэнажорная, актавая зала на 155 пасадачных месцаў, прасторны харчблок з абедзеннай залай. Словам, прадугледжана ўсё не толькі для правядзення ўрокаў, але і для пазакласнай і пазаўрочнай работы. Асаблівая ўвага нададзена пытанням фізічнага развіцця дзяцей. Вялікі стадыён, пляцоўкі для валейбола, футбола, скачкоў у вышыню і даўжыню. Асобна будзе абсталявана пляцоўка для вывучэння правілаў дарожнага руху, а таксама геаграфічная. Усю тэрыторыю ўпрыгожаць шматлікія кветнікі і клумбы, — расказвае Генадзій Віктаравіч. — У школе прадугледжана добрая сістэма бяспекі. Будзе ўстаноўлена 51 відэакамера (13 вонкавых і 38 унутраных) з вывадам на маніторы вахцёра. Сучасная прапускная сістэма разлічана на 1000 картак. Кожны вучань, а таксама дарослы з пластыкавай карткай будзе праходзіць праз турнікет. Камп’ютар будзе фіксаваць час прыходу ў школу і час выхаду з яе.
Варта сказаць, што распрацоўкай праекта займалася ААТ Інстытут «Гроднаграмадзянпраект». Вялікі, прыгожы, незвычайнай формы будынак, які пакуль што паўстае толькі на паперы, зачароўвае. Прывабліваюць погляд яркія колеры, якімі ён будзе пафарбаваны, шматлікія, не зусім звычайныя для сённяшняга курортнага пасёлка элементы аздаблення.
Генеральным падрадчыкам будаўніцтва з’яўляецца ДУП «Мядзельскае ПМС», а субпадрадчыкам — ААТ «Будаўнічы трэст № 21» горада Барысаў, будаўнічыя ўпраўленні 272 і 278. Падрадныя арганізацыі павінны здаць школу, што называецца «пад ключ» — не толькі з аддзелкай, але і з мэбляй, і ўсім неабходным абсталяваннем. Зразумела, што гэты працэс будуць кантраляваць упраўленне капітальнага будаўніцтва і аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Плануецца, што школа будзе здадзена ў эксплуатацыю 15 ліпеня 2016 года. Работы распачаліся яшчэ ў снежні мінулага года і зараз ідуць поўным ходам.
Пра тое, што будаўнікі да ўзводзімага аб’екта адносяцца з вялікай адказнасцю, сведчыць многае. Як расказаў Генадзій Крыштафовіч, кожную пятніцу ў школе праходзяць планёркі, якія праводзіць старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Сяргей Трусаў, начальнік абласнога ўпраўлення капітальнага будаўніцтва аблвыканкама Валянцін Ільюшонак. Запрашаюцца падрадчыкі і субпадрадчыкі, прадстаўнікі МНС, Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, ААТ «Інстытут «Гроднаграмадзянпраект» і іншыя. Людзі спачатку наведваюць аб’ект, а потым абмяркоўваюць убачанае, падводзяць вынікі, уносяць прапановы, робяць высновы.
А што сёння зроблена на будаўнічай пляцоўцы? Задаволіць маю цікаўнасць згадзіўся вопытны прараб ПМС Фёдар Міхайлаў. На яго рахунку шмат узведзеных вытворчых аб’ектаў і жылых дамоў.
І вось мы на пляцоўцы, дзе ў хуткім часе павінна прайсці першая школьная лінейка. Спачатку нават не верыцца, што такая падзея можа адбыцца ў недалёкай будучыні. Пакуль што перад вачыма паўстаюць катлаван і падмурак, вежавыя і аўтамабільныя краны, шмат іншай тэхнікі, горы будаўнічых матэрыялаў.
— Часткова завяршаем нулявы цыкл, укладваем пліты перакрыцця і выходзім на першы паверх, — кажа Фёдар Фёдаравіч.
Сапраўды, у асобных месцах пачынаюць вымалёўвацца сцены. Стараюцца муляры.
— Сёння тут працуюць каля 100 работнікаў з ПМС і прыкладна 20 з Барысава. Колькасць людзей узрастае, бо павялічваюцца аб’ём і фронт работы, — працягвае размову прараб. — Пакуль працуем у адну змену, але працягласць рабочага дня падоўжана. Па суботах і нядзелях таксама на аб’екце завіхаюцца людзі. Ёсць невялікая праблема з пад’язнымі шляхамі. Глеба пераўвільготнена, дарогі разбітыя. Таму робім падсыпку, кладзём бетонныя пліты. Вельмі добра, што зямельныя работы выканалі раней. Правялі выбарку грунту, зрабілі водаадвод, спланавалі спартыўныя пляцоўкі…
Гудзіць будаўнічая пляцоўка. Усё падпарадкавана аднаму: здаць новую школу ў вызначаны тэрмін. Тым больш, што аб’ект такога характару, бадай, адзіны ў вобласці.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымках: 1. За работай муляр Мядзельскага ПМС Юрый Бародзіч; 2. На будаўнічай пляцоўцы.
Фота Георгія Прысмакова.


19 лютага 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        від на Мядзел 06-012

Пабрацімы Мядзела