Хваробы легкадумнасці і ўсёдазволенасці

ЗАХВОРВАННІ, якія перадаюцца палавым шляхам, адносяцца да самых распаўсюджаных ва ўсім свеце. Сітуацыю ж з “класічнымі” венерычнымі ў былых саюзных рэспубліках можна расцэньваць як эпідэмію.
У цяперашні час вылучаюць каля 20-25 захворванняў, якія перадаюцца палавым шляхам. Іх можна падзяліць на некалькі груп: венерычныя захворванні ці “класічныя”; так званыя “новыя” венерычныя захворванні; хваробы скуры, якія перадаюцца палавым шляхам, і хваробы, якія перадаюцца палавым шляхам з пераважным паражэннем іншых органаў.
Асноўны шлях заражэння такімі інфекцыямі — выпадковыя палавыя сувязі з незнаёмымі і малазнаёмымі партнёрамі. Многія лічаць, што заразіцца ад чалавека, у якога няма яўных прыкмет запалення ў вобласці палавых органаў, немагчыма. Аднак, вельмі многія інфекцыі працякаюць наогул без сімптомаў, таму адсутнасць іх — не прычына давяраць чалавеку сваё здароўе. Акрамя гэтага, палавыя інфекцыі перадаюцца не толькі выключна палавым шляхам, але і праз кроў. Напрыклад, СНІД, сіфіліс, гепатыт В можна падхапіць падчас пералівання крыві, карыстання агульнымі нестэрыльнымі іголкамі. А сіфіліс на некаторых сваіх стадыях нават здольны перадавацца праз вільготны пацалунак.
На жаль, колькасць захварэўшых на венерычныя інфекцыі прагрэсіўна расце паўсюдна. Прычын таму некалькі:
- сексуальная рэвалюцыя. Змяненне сексуальных паводзін не пацягнула за сабой змяненняў у людзей правілаў гігіены сексуальных адносін;
- з’яўленне разнастайных кантрацэптываў рэзка знізіла страх узнікнення нежаданай цяжарнасці, што зняло абмежаванні ў палавым жыцці;
- у наш час медыцынская дапамога стала больш даступнай. Гэты факт, а таксама ўпэўненасць, што венерычныя захворванні вылечваюцца, а таму не вельмі небяспечныя, сыгралі сваю ролю. Але не ўсё так гладка і проста;
- як не дзіўна, пацыенты хаваюць некаторыя факты палавога жыцця падчас гутаркі з урачом. А гэта таксама адна з прычын эпідэміі. Такія паводзіны не дазваляюць своечасова выявіць і вылечыць захварэўшага і яго палавых партнёраў.
Такім чынам, рызыка заразіцца існуе заўсёды. Можна толькі ацэньваць яе ступень.
Існуе некалькі простых правілаў і парад, як знізіць рызыку і нават пазбегнуць заражэння палавымі інфекцыямі:
- устрымлівайцеся ад выпадковых сувязей. Ніхто не дасць гарантыі таго (і вопыт урачоў гэта пацвярджае), што нават самыя “прыстойныя” мужчыны і жанчыны — здаровыя. Ні знешні выгляд чалавека, ні ўзровень яго адукацыі, ні сацыяльны статус і сямейнае становішча, НІШТО не можа казаць пра наяўнасць ці адсутнасць у яго венерычных захворванняў. Пры гэтым сам чалавек можа быць поўнасцю ўпэўнены, што здаровы і нават не падазраваць пра тое, што хворы. Большасць венерычных захворванняў часта працякае бессімптомна.
- Выкарыстоўвайце прэзерватыў. Гэта класічны сродак прафілактыкі захворванняў, якія перадаюцца палавым шляхам. Аднак памятайце, што эфектыўнасць яго як сродку прафілактыкі венерычных інфекцый — не 100%. Па назіраннях венеролагаў, калі адзін партнёр хворы, то нават з прэзерватывам рана ці позна інфекцыя становіцца “агульнай”.
- Пазбягайце любых палавых кантактаў з людзьмі, якія адносяцца да групы рызыкі інфіцыравання названымі захворваннямі. Так, выкарыстоўваць прэзерватыў абавязкова, калі ваш патэнцыяльны сексуальны партнёр “кантачыць” з крывёй, ці калі ўжывае ўнутрывенна наркотыкі (бачны сляды ад шпрыца на прадплеччы), практыкуе групавы секс, не адмаўляецца ад “разавых” палавых кантактаў з рознымі людзьмі (венеролагі называюць такія паводзіны схільнасцю да бязладных кантактаў). Да групы рызыкі вы самі можаце аднесці любога чалавека, які не выклікае ў вас даверу. Нават, калі ён/яна прад’яўляюць вам вынікі абследаванняў: некаторыя вельмі небяспечныя інфекцыі, у прыватнасці, гепатыт і ВІЧ, могуць прысутнічаць у арганізме чалавека і не вызначацца лабараторнымі метадамі дыягностыкі.
- Абавязкова выконвайце правілы асабістай гігіены ў інтымным жыцці. Патрабуйце таго ж і ад вашага партнёра.
- Ніколі і ні пры якіх абставінах не карыстайцеся чужымі прадметамі асабістай гігіены. Да такіх прадметаў адносяцца ручнікі, мачалкі, ніжняя бялізна, тапкі, расчоскі і г. д.
- Змяніце свае паводзіны на бяспечныя. Абмяжуйце колькасць палавых партнёраў. Бяспечныя палавыя адносіны — гэта доўгатэрміновыя, больш за паўгода, пастаянныя адносіны з адным здаровым і верным палавым партнёрам.
У 2015 годзе ў раёне выяўлены 3 хворыя на сіфіліс, 3 — на ганарэю, 89 — на урагенітальны трыхаманіяз, 6 — на хламідыёз. Для параўнання: у 2014 годзе агульная колькасць хворых на інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам, складала толькі 45 чалавек.
Гэтыя інфекцыі з’яўляюцца сацыяльна значнымі, бо ўяўляюць небяспеку для навакольных і ўплываюць на рэпрадуктыўнае здароўе насельніцтва Рэспублікі Беларусь. У нашай краіне кожны 4-5-ы шлюб бясплодны, што нярэдка звязана менавіта з такімі інфекцыямі. А выпадковыя палавыя сувязі — галоўная прычына росту падобных захворванняў.
Калі вы заўважылі ў сябе якія-небудзь прыкметы захворвання, якое перадаецца палавым шляхам (выдзяленні з мочапалавых шляхоў, сверб, рэжучыя болі падчас мочаспускання), адразу звярніцеся да ўрача. Ні ў якім выпадку не займайцеся самалячэннем, гэта можа прывесці да цяжкіх наступстваў. Лячыць неабходна адразу абаіх партнёраў, нават калі ў аднаго з іх аналіз не выявіў захворвання, бо ён можа з’яўляцца пераносчыкам хваробы, пры гэтым не хварэючы сам. Утойваць наяўнасць якога-небудзь захворвання, асабліва хранічнага, напрыклад, герпеса, ад свайго палавога партнёра ні ў якім выпадку нельга. Не кажучы ўжо пра маральны бок справы, трэба памятаць, што наўмыснае распаўсюджанне венерычных захворванняў караецца законам. Калі хворы не лечыцца ці лечыцца недастаткова, злоўжывае алкаголем у перыяд лячэння, займаецца самалячэннем, то рана ці позна ён прыйдзе да ўрача, але часта ўжо з цяжкімі ўскладненнямі і нават незваротнымі працэсамі.
Ваша здароўе — гэта таксама залог здароўя вашых каханых, блізкіх і нават вашых дзяцей, бо многія палавыя інфекцыі перадаюцца і ў быце. Папярэдзіць нашы памылкі намнога прасцей, чым лячыць, тым больш, што яны могуць быць і  ракавымі. Таму будзьце больш акуратнымі, беражыце здароўе і не рызыкуйце!
Абследавацца на венерычныя захворванні можна ананімна (платна) у скурвенкабінеце (№ 613) паліклінікі цэнтральнай раённай бальніцы.
А. ГАНЧАРЭНКА.
Дзерматавенеролаг установы аховы здароўя “Мядзельская ЦРБ”.


12 лютага 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Медыцына

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

возера Глубелька від на Мядзел wjx6x-f4hhi 06-043

Пабрацімы Мядзела