Пірагі ды пірожныя, з джэмам і тварожныя! | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Пірагі ды пірожныя, з джэмам і тварожныя!

МАГАЗІН з шыльдай “Гарачы хлеб” у курортным пасёлку Нарач ведаюць, напэўна, не толькі яго жыхары. За прадукцыяй мясцовай пякарні, якая тут рэалізоўваецца, прыходзяць госці пасёлка, а таксама шматлікія адпачываючыя са здраўніц.
— Белыя хлябы, булачкі, тарты, пірожныя, рознае пячэнне, рулеты — у нас шырокі асартымент выпечкі, — расказвае прадавец
6-га разраду Вольга Сечка. — І ўсё сваёй вытворчасці, акрамя чорнага хлеба. Попыт на прадукцыю ўстойлівы і водгукі прыемныя.
Вольга Мечыславаўна паведаміла, што булачкі і пірожныя вельмі падабаюцца замежным гасцям, якія прыязджаюць на адпачынак на Нарач. Свае ўжо прызвычаіліся да смаку выпечкі, а вось чужыя, паспрабаваўшы, часта вяртаюцца ў краму, хваляць якасць прадукцыі і набываюць яе. Падабаюцца, напрыклад,  пакупнікам пірожныя “Корзиночки”. Як убачаць некаторыя, не прамінуць, каб не спытаць: “Яны сапраўды такія, як былі некалі ў савецкія часы? Кошычак з пясочнага цеста і пад крэмам павідла?”. А Вольга Мечыславаўна ўсміхаецца і адказвае: “Так. Пірожнае мае той самы смак!”. Сярод самага папулярнага печыва — заварныя пірожныя, асабліва з тварожнай начынкай, і смятаннікі. Іх заўсёды шмат рэалізоўваецца.
Гутарку даводзіцца перапыняць, бо ў краму заходзяць пакупнікі. Вольга Мечыславаўна ўсіх сустракае ветлівай усмешкай і, здаецца, прадугадвае іх жаданні, абслугоўваючы хутка і без мітусні. Мне падумалася: “Так, напэўна, павінен працаваць прафесіянал”.
— Вольга Мечыславаўна, колькі часу вы тут працуеце?
— За прылаўкам гэтай крамы амаль шаснаццаць гадоў, — крыху задумаўшыся, адказвае жанчына. — Прыйшла сюды часова, даць водпуск чалавеку. І так атрымалася, што засталася, прыжылася тут і вельмі задаволена, што так усё атрымалася. Работу люблю і ў іншым месцы сябе не ўяўляю.
А па адукацыі Вольга Мечыславаўна і пекар-кандытар, і прадавец. Таму ў гэтай краме ёй удаецца ўдала спалучаць дзве свае прафесіі: прадае тое, у чым добра разбіраецца. Улічваючы, што тавар не дарагі (самае дарагое — тарты) і крама невялікая, выручка, на думку прадаўца, добрая — два, а то і тры мільёны рублёў. Зімой — менш, у летні сезон — больш. Акрамя хлебабулачных вырабаў, тут можна з выгадай набыць некаторую прадукцыю Маладзечанскага малочнага камбіната (за кошт меншай гандлёвай надбаўкі).
Больш падрабязна пра сакрэты вытворчасці пякарні, якая знаходзіцца ў адным будынку з крамай,  папрасіла расказаць тэхнолага прадпрыемства Надзею Андрушкевіч. Вось што яна паведаміла:
— У нас два цэхі — хлебны і кандытарскі. Працуюць яны практычна ў начную змену, каб прадукцыя кожны дзень была свежай. Асартымент — разнастайны: каля дзесяці відаў тартоў (якія, дарэчы, можна папярэдне заказаць), каля дваццаці відаў булачак, прыкладна столькі ж пірожных, тры гатункі белага хлеба. Выпякаем тое, што карыстаецца попытам. Нашу прадукцыю заказваюць здраўніцы, таксама рэалізацыя адбываецца і праз магазіны райцэнтра, іншых населеных пунктаў раёна. Напярэдадні святаў арганізоўваем выставы-продажы, практыкуем і выязны гандаль. Нам ёсць што прапанаваць, і наша прадукцыя падабаецца пакупнікам. Стараемся і здзівіць нечым. Напрыклад, напярэдадні Калядных святаў для стала на Куццю прапаноўвалі клёцкі з макам — прэсныя мучныя шарыкі. Гэта гатовая страва да чаю, кісялю і так далей. Нешта падобнае даўней гатавалі нашы бабулі і прабабулі на посны стол. І ведаеце, людзі тэлефанавалі да нас і дзякавалі за гэтыя клёцкі. Набываюць папулярнасць і пірагі “Лакомка”, вытворчасць якіх асвоілі дзесьці каля года таму. Яны маюць тры начынкі: карыцу, мак і джэм. Выпякаюцца трохкілаграмовымі і наразаюцца па жаданні пакупніка — каму колькі трэба.
Са слоў Надзеі Пятроўны даведалася, што калектыў пякарні невялікі: чатыры кандытары, столькі ж пекараў, экспедытар, грузчык, прыбіральшчыца. Сярод іх і такія вопытныя пекары Марына Раманоўская, Іна Гушча. Ды і самой Надзеі Пятроўне вопыту не займаць. Закончыла Маладзечанскі політэхнічны тэхнікум, працоўную дзейнасць пачынала на Мінскім 6-м хлебазаводзе. Затым па волі лёсу трапіла ў санаторый “Жураўка”, дзе адпрацавала гадоў пятнаццаць. Сюды, на пякарню, прыйшла проста пекарам, потым стала пекарам-майстрам, звальнялася, але зноў вярнулася. Цяпер загадвае вытворчасцю.
Праца на пякарні не з лёгкіх. Змена пачынаецца ў пяць гадзін вечара і доўжыцца да пяці раніцы. Так тры дні, а потым тры дні адпачынку. Такі вось графік. І ўсё дзеля таго, каб у людзей кожны дзень была магчымасць мець да стала яшчэ гарачае печыва.
Іна ЯРЧАК.
На здымку: ветлівай усмешкай сустракае пакупнікоў прадавец крамы “Гарачы хлеб” у курортным пасёлку Нарач Вольга Сечка.
Фота Георгія Прысмакова.


05 лютага 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гандаль

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        06-012 Царква ў Слабадзе wjx6x-f4hhi

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси