Святло яе карцін

ШТО рабіць, калі ў жыцці не хапае яркіх фарбаў? Адказ — браць сітуацыю ў свае рукі і… выбіраць адценні. І гэта не алегорыя. Галіна Шаховіч, жыхарка аграгарадка Будслаў, менавіта так і паступае. На момант нашай сустрэчы пахмурным зімовым днём яна вышывала пунсовыя макі.
— Асаблівасць гэтай работы ў тым, што тут вельмі дробная канва, — паказвае амаль гатовую карціну Галіна Францаўна. — Да таго ж чорнага колеру.
Жанчына не тлумачыць, што такія асаблівасці сведчаць аб даволі высокім узроўні яе майстэрства. Але відавочна, што на чорным фоне вышываць намнога складаней, чым на светлым, ды і крыжыкі значна драбнейшыя за звычайныя, што патрабуе асаблівай акуратнасці выканання і вытрымкі. Паціху вымалёўваецца яркая, прыгожая карціна, фарбы якой вабяць вока насычанасцю і кантраснасцю.
— Паралельна вышываю яшчэ адну работу, — кажа Галіна Францаўна і распраўляе перад намі складзены ў некалькі разоў велікаваты стракаты кавалак тканіны. — Малюнак выконваю па кітайскай схеме павышанай складанасці. Памер дзесьці трыста семдзесят клетачак на чатырыста. Трэці год вышываю. Чаму так доўга? У схеме патрабуецца сто восемдзесят адценняў нітак, кожнае пад сваім нумарам. Знойдзеш некаторыя, зробіш два крыжыкі і ўсё на гэтым, шукаеш ніткі наступных адценняў.
…А пачыналася ўсё ў дзяцінстве. Будучы маленькай дзяўчынкай, Галіна Францаўна часта хварэла. Маці вымушана была пакідаць яе адну ў хаце і ісці на працу. Чым было заняцца? Паколькі чытаць яна навучылася яшчэ да школы, то брала ў рукі кніжкі. Адна з іх — “Дамаводства”. Па ёй і вучылася вышываць: возьме якісьці кавалачак тканіны і вышывае. Было гэта ў класе другім-трэцім. Дарэчы, маці жанчыны Леанарда Уладзіміраўна таксама ўмела добра вышываць, але перадаць навыкі дачцэ за шматлікімі вясковымі справамі ўсё не было як. З часам майстэрства вышывання крыжыкам удасканальвалася, асвоіла Галіна Францаўна і вязанне на прутках. Расказвае, што, вяжучы сваім дзецям світары, імкнулася аздобіць іх яркімі малюнкамі.
Значную частку жыцця жанчына пражыла ў Мінску. Спачатку вучылася там на настаўніцу беларускай і рускай мовы і літаратуры, а потым жыць і працаваць прыехала. Аднак у памяці застаўся і перыяд, як яна маладым спецыялістам выкладала рускую мову ў Сырмежскай школе. У сталіцы, куды прыехала за мужам, па спецыяльнасці працаўладкавацца не атрымалася, таму пайшла на прыборабудаўнічы завод імя Леніна. Была тэхнікам-тэхнолагам, а потым — і інжынерам-тэхнолагам другой катэгорыі. Нарадзіліся і выраслі дзве дачкі, атрымалі адукацыю, стварылі свае сем’і. Адна засталася ў Мінску, а другая шчасце знайшла ў Германіі, дзе і жыве зараз.
Было ў Галіны Францаўны і так, што лёс выпрабоўваў на трываласць: у пошуку лепшых заробкаў спрабавала ездзіць за таварам і гандляваць, два гады давялося працаваць у Грэцыі. Не атрымалася жыццё і з мужам — на 21-м годзе разышліся. Сур’ёзна стала падводзіць здароўе. Нібы падарункам нябёсаў стала праз гады сустрэча з аднакласнікам Іосіфам. Сышліся, пажаніліся, а потым вырашылі вярнуцца ў родны Будслаў, дзе жыла састарэлая маці Галіны Францаўны. Шэсць гадоў, як яны тут. І маці даглядаюць, і ўцэлым жыццём задаволены.
— Пасля гарадской мітусні і кватэры на пятым паверсе тут адчуваю сябе іншым чалавекам, — прызнаецца жанчына. — Зараз выходжу ў горад з вагона цягніка і разумею, што дыхаць няма чым. І як столькі гадоў жыла ў горадзе? Вельмі рада, што сюды вярнулася.
— Галіна Францаўна, а якая з работ з’яўляецца для вас самай каштоўнай?
— Гэта абраз Маці Божай Будслаўскай, які зараз знаходзіцца ў Ватыкане. Зрабіць яго папрасілі ад нашага касцёла, каб падараваць высокаму госцю падчас святочных мерапрыемстваў, якія ладзіліся з нагоды 400-годдзя з дня прыбыцця ў Будслаў цудатворнага абраза. Вышывала яго чатыры месяцы, бывала што і па шаснаццаць гадзін у суткі. Мне позна сказалі, таму спяшалася. Але забяспечылі і схемай, і канвой, і ніткамі. Прыходзілі члены касцельнага камітэта, падбадзёрвалі, цікавіліся ходам работы. Для мяне таксама было важным паспець выканаць абраз, выказаць такім чынам сваю ўдзячнасць перад нашай нябеснай заступніцай за ўсё, што маю ў жыцці.
Акрамя абразоў, Галіне Францаўне падабаецца вышываць кветкі і пейзажы. У адным з пакояў хаты — карціна “Калядны вечар у Альпах”, якую жанчына пачынала вышываць у Аксакаўшчыне, праходзячы курс рэабілітацыі. А вось карціна на біблейскую тэму — “Уцёкі ў Егіпет”. І шмат іншых. Тэмы розныя, але ўсе работы аб’ядноўвае разнастайнасць фарбаў, каляровая насычанасць.
— Вельмі люблю яркае, — прызнаецца Галіна Францаўна. — І кветкі вельмі люблю. Каб вы бачылі, колькі ў мяне іх квітнее з вясны да позняй восені! Ужо ў сакавіку ўсе падаконнікі ў тры ярусы застаўлены расадай.  Кветак у мяне — мора. А таксама вінаграду, яблынь, груш, якія сама прышчапляю і людзям дару. Люблю вырошчваць агуркі, памідоры. Таму летам не вышываю. Іголку бяру выключна ў зімовы перыяд.
Самыя любімыя кветкі ў гаспадыні — вяргіні. Малыя і вялікія, дробныя і буйныя. Але даглядаць іх становіцца ўсё цяжэй. Выкапаць восенню, знесці ў падвал, прычапіць цэтлікі, каб гатункі не пераблытаць, потым пасадзіць. А яшчэ ў жанчыны ружаў каля дваццаці гатункаў, лілеі і г. д. Сярод рэдкіх і незвычайных — агапантус, на які прыходзіла глядзець ледзь не ўся вёска, як ён расквітнеў блакітным воблакам.
А ў хлеўчыку — куры, качкі і нават парасятак завялі. Куры, як падказала маці жанчыны, у “штанах”. А дачка дадала, што гэта парода такая — “кохінхін”. А яшчэ ёсць “легорны” і “род айленды”.
— У мяне памочнікі харошыя, — апярэджваючы пытанне з майго боку, кажа Галіна Францаўна. — Муж дапамагае, ды і мама ў свае восемдзесят восем гадоў ўсё імкнецца нешта зрабіць, хоць і кажу ёй, каб супакоілася, бо за жыццё напрацавалася ўжо. Дачка з сям’ёй прыязджае. Так і жывём. Магу сказаць, што зараз я — шчаслівая.
Кажуць, што Бог дае чалавеку пры нараджэнні палатно, пэндзлі і фарбы. Якімі фарбамі і што будзе намалявана — у многім залежыць ад самога чалавека. У Галіны Францаўны карціна атрымліваецца яркай і насычанай.
Іна ЯРЧАК.
На здымку: Галіна Шаховіч з адной са сваіх вышытых работ.
Фота Георгія Прысмакова.


04 лютага 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        84 від на Мядзел img_4257

Пабрацімы Мядзела