Абавязак усіх і кожнага

ДОБРАЎПАРАДКАВАННЕ лічыцца адной з важнейшых задач, якія стаяць перад працоўнымі калектывамі і жыхарамі Мядзельшчыны. А што зроблена па навядзенні парадку на зямлі за мінулы год? Пра гэта папрасіў расказаць начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Анатолія ЛЕОНІКА:
— У раёне быў распрацаваны план мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў. За год правялі 219 кантрольных аглядаў. За хібы ў рабоце да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 76 службовых і юрыдычных асоб, да якіх прыменены штрафныя санкцыі на суму 85,6 мільёна рублёў. Прад’яўлена 7 прэтэнзій на кампенсацыю шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю, на суму 26,7 мільёна рублёў.
Спецыялісты інспекцыі ў мінулым годзе правялі 12 абследаванняў санітарнага стану палігонаў цвёрдых камунальных адыходаў і прылягаючых да іх тэрыторый. За выяўленыя парушэнні на юрыдычную службовую асобу РВУП «Мядзельская ЖКГ» складзена 17 пратаколаў. Агульная сума штрафаў — 36,4 мільёна рублёў. Вялікая ўвага надавалася пытанню збору другасных матэрыяльных рэсурсаў. За год на прыёмны пункт здадзена 3008 тон металалому. Нарыхтавана 437 тон паперы, 334 — шкла, 4,7 — тэкстылю, 58 — зношаных шын, 58,2 — палімерных адыходаў, 33,4 тоны лому каляровых металаў.
Сіламі школьнікаў, работнікаў сельскіх выканаўчых камітэтаў, а таксама грамадскіх арганізацый прыведзены ў належны стан усе 89 мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя гэтага, наведзены парадак на 147 грамадзянскіх могільніках раёна.
Бадай, самым складаным заданнем раённага плана мерапрыемстваў быў знос непрыгодных для эксплуатацыі сельскагаспадарчых аб’ектаў. Пры плане 9 — іх фактычна знесена 12.
Райінспекцыя праводзіла шэраг мерапрыемстваў сумесна з іншымі арганізацыямі і службамі раёна. У маі разам з раённым камітэтам ГА «БРСМ» праведзена акцыя «Зрабі», якая прысвячалася 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Падчас яе ачышчаны ад розных адыходаў пляжная зона ў горадзе Мядзел і прыбярэжная паласа возера Мястра на адлегласці 1,5 кіламетра. Наведзены парадак на тэрыторыі парку «Перамога».
Пастаянна арганізоўвалі маніторынгі санітарнага стану тэрыторый машынных двароў, ферм і іншых сельскагаспадарчых аб’ектаў. Выяўлялі такія парушэнні, як перапаўненне гнаясховішчаў і расцяканне па наваколлі вадкай фракцыі гною, засмечанасць тэрыторый ферм і мехдвароў бытавымі і будаўнічымі адыходамі, нерэгулярнае скошванне пустазелля. Гэта было характэрна для ААТ «Мядзелаграсэрвіс», «Слабодская зара», «Пруднікі-Агра», «Зані», «Занарацкі». За дапушчаныя парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства на службовых і юрыдычных асоб сельгаспрадпрыемстваў складзены 23 адміністрацыйныя пратаколы на суму 20,7 мільёна рублёў.
На тэрыторыі раёна ёсць сем месцаў, дзе расце баршчэўнік Сасноўскага на агульнай плошчы 3,44 гектара. Мерапрыемствамі па знішчэнні гэтай расліны прадугледжана яе скошванне на плошчы 0,2 гектара і апрацоўка ядахімікатамі на астатняй. Усе добра ведаюць, як і калі патрэбна знішчаць баршчэўнік. Аднак многія не спяшаюцца своечасова выконваць рэкамендуемыя мерапрыемствы, а таму эфектыўнасць работы значна зніжаецца. Для прыкладу магу прывесці АСП «Вузлянка». На плошчы 0,6 гектара ля вёскі Вараб’і расце баршэўнік. Штогод тут марудзяць з пачаткам работ па знішчэнні раслін, спасылаючыся на розныя прычыны. У выніку баршэўнік вырастае, квітнее і далейшае яго скошванне не дае патрэбнага эфекту.
Мэтанакіраваную работу па ачыстцы лесу праводзіць НП «Нарачанскі». Летась ачышчана ад засмечанасці 950 гектараў лесу, устаноўлена 400 інфармацыйных знакаў і аншлагаў на прыродаахоўную тэматыку, 250 шлагбаумаў на з’ездах у лясны фонд з аўтамабільных дарог. На землях лесфонду ліквідавана больш за 40 стыхійных сметнікаў.
17 кастрычніка была праведзена акцыя «Чысты лес». Усе работнікі Нацпарку прынялі ў ёй актыўны ўдзел. Падчас акцыі асаблівая ўвага надавалася добраўпарадкаванню сядзіб лясніцтваў, ачыстцы лясоў уздоўж аўтамабільных дарог, населеных пунктаў і вадаёмаў. У выніку было сабрана і вывезена больш за 40 кубаметраў рознага смецця.
Як і ў мінулым годзе, сёлета ў раёне вялікія намаганні будуць накіраваны на добраўпарадкаванне населеных пунктаў, навядзенне парадку на зямлі. Многае зроблена, але далёка не ўсё, каб кожная вёска, кожны куточак нашай Мядзельшчыны выглядаў прыгожа і ўтульна, вабіў да сябе шматлікіх гасцей. А гэта справа — усіх і кожнага.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.


28 Студзень 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Добраўпарадкаванне

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Люты 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сту    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728  

Фотападарожжа

Лебедзі на Нарачы 0-178 возера Глубелька

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси