Справа рук Ліліі Навіцкай

Лілію Навіцкую можна лічыць карэнным жыхаром аграгарадка Нарач. Яна нарадзілася на хутары Юноўшчына, які знаходзіцца зусім недалёка ад гэтага населенага пункта.
Пазней бацькі пабудавалі хату ў Нарачы, дзе і пасяліліся. Таму дзяўчына вучылася ў мясцовай школе. Пасля яе заканчэння паступіла ў тэатральна-мастацкае вучылішча. Дыпламаваным спецыялістам вярнулася на радзіму і ўладкавалася на працу ў мясцовы сельскі Дом культуры. Усе, хто ведае яе з тае пары, успамінаюць, як жа прыгожа Ліля спявала на розных клубных мерапрыемствах! Тады ж у Нарач, на працу ў школу, прыехала стрыечная сястра Ліліі Аляксееўны — Галіна Рызгунская, якая таксама мела цудоўны голас. І заспявалі дзяўчаты дуэтам у два галасы, ды так, што з усіх раённых конкурсаў дадому вярталіся толькі з прызамі. Гэты дуэт і сёння радуе аднавяскоўцаў сваімі песнямі. І не толькі на сцэне. Хораша спяваюць жанчыны і ў хоры ў касцёле Святога Андрэя Апостала аграгарадка.
Прыгожую пявунню не мог не заўважыць тагачасны дырэктар Нарацкай сярэдняй школы №1 Мечыслаў Субач. Вельмі прыйшлася па душы кіраўніку ўстановы адукацыі таленавітая дзяўчына,  і ён прапанаваў ёй пасаду школьнага бібліятэкара. Пераманіў дырэктар здольную работніцу ў свой калектыў і быў вельмі гэтым задаволены. Лілія Аляксееўна прыжылася ў школе. Яна ўсё жыццё адпрацавала там бібліятэкарам. Наладжвала розныя цікавыя мерапрыемствы для дзяцей, арганізоўвала кніжныя выставы. А яшчэ прапагандавала кнігу падрастаючаму пакаленню, заахвочвала хлопчыкаў і дзяўчынак да чытання твораў айчыннай і замежнай літаратуры. Вельмі адказна адносілася жанчына і да розных грамадскіх даручэнняў.
Знаёмыя Ліліі Аляксееўны сцвярджаюць, што ўсё ў яе  жыцці складвалася, як кажуць, у свой час. У свой час закончыла вучобу ў тэатральна-мастацкім вучылішчы, атрымала добрую работу, стварыла сям’ю, разам з мужам пабудавалі дом. У
іх двое харошых дзяцей, якія ўжо выраслі. Таццяна жыве і працуе ў Мінску, Валера — непадалёку, у курортным пасёлку Нарач. Дзеці паспелі парадаваць бабулю з дзядулем унукамі. А іх у Навіцкіх трое — Ганначка, Паша і Стасік. Яны — частыя госці ў іх доме. Прычым прыязджаюць сюды з задавальненнем.
Лілія Аляксееўна — добрая жонка, клапатлівая матуля, ласкавая бабуля. Яна з ранку і да позняга вечара завіхаецца то на двары, то ў хаце. Нездарма наўкола парадак і выключная чысціня. А яшчэ па-ранейшаму спяшаецца ў школу. Там яна вядзе гурток “Чароўны клубочак”, які працуе ад дзяржаўнай установы дадатковай  адукацыі “Цэнтр творчасці, турызму дзяцей і моладзі Мядзельскага раёна”. Свае веды, вопыт стараецца перадаць наведвальнікам гуртка, навучыць іх цаніць прыгожае.
Як расказала дырэктар Нарацкай сельскай бібліятэкі Лілія Грыцук, самае любімае захапленне жанчыны — вязанне пруткамі. Ад яе работ вачэй не адвесці. Яны настолькі арыгінальныя, прыгожыя. Лілія Аляксееўна не засне спакойна, калі на ўзоры атрымалася штосьці не так. Калі часам спусцілася адно вочка, яна цэлы світэр распусціць і нанова звяжа, але зробіць так, як у народзе кажуць, каб і камар носу не падтачыў.
— Мяне заўсёды здзіўлялі дзве рэчы ў характары Ліліі Аляксееўны, — кажа Лілія Міхайлаўна. — Па-першае, вяжуць многія. Нехта лепш, нехта — горш, у асноўным нешта з адзення ці сурвэткі шыдэлкам. А вось каб чалавек  вязаў цацкі! Не чула. Бачыла іх на розных сайтах у інтэрнэце. А наша Аляксееўна вяжа цацкі! Ды як! Цэлыя кампазіцыі. У іх цудоўна спалучаюцца колеры, адценні. Усе цацкі самаробныя, а здаецца… нібы жывыя. Пакуль не прыгледзішся добра, нават і не заўважыш, з якога матэрыялу яны звязаны. Гэта ж патрэбна так тонка з дапамогай нітак перадаць усе элементы, што нават тую ж птушачку цяжка адрозніць ад жывой. Па-другое, калі вяжа? У жанчыны ж столькі клопатаў. Аказваецца, яна займаецца любімай справай ноччу. Неяк у бібліятэцы была выстава работ Ліліі Аляксееўны. Зайшоў да нас мужчына, пастаянны чытач. Паглядзеў выставу і запытаўся: “Дык што, і праўда гэта зрабіла ўсё Навіцкая? Зараз ведаю, чаму ў іх хаце ў 4 гадзіны ночы святло гарыць”. І я таксама выразна зразумела сэнс прыказкі: “Хто рана ўстае, таму і бог дае”.
Дарэчы, пра ўзгаданую вышэй выставу. На ёй былі прадстаўлены многія працы ўмеліцы аграгарадка. Па словах загадчыцы мясцовай бібліятэкі, яе асабіста кранулі многія работы.
— Мне вельмі падабаецца кампазіцыя, на якой каля гарлачыка на лісце яркага зялёнага колеру сядзяць дзве чарапашкі — такія прыгожыя, што рука сама цягнецца, каб да іх дакрануцца. А кветка — бялюткая-бялюткая, з жоўтай сярэдзінкай. Работа выканана з нітак пруткамі. Нават не верыцца, што яна створана рукадзельніцай. Ёсць у Навіцкай арыгінальныя падушкі ў форме авечак, якія яна звязала для любых унукаў. Мяркую, што, лежачы на іх, яны бачаць ружовыя сны. А ўзяць кармушку з сінічкамі. Адна птушачка сядзіць на страсе доміка і паглядае на сала, другая ж — ужо ім сілкуецца… І птушачкі, і страха на кармушцы зроблены з нітак, домік — з галінак, а сала — з кардону. Гэта работа таксама выклікае замілаванне і захапленне, як і многія іншыя.
Шмат у майстрыхі розных незвычайных прац, падзівіцца на якія маглі нарачанцы падчас наведвання мясцовай бібліятэкі, дзе неаднаразова ладзіліся яе выставы. Нічога не скажаш, багатая на таленты наша Мядзельская зямля. Нам сапраўды ёсць чым захапляцца, кім ганарыцца!
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
На здымках: майстрыха з аграгарадка Нарач Лілія Навіцкая; работы рукадзельніцы.


28 Студзень 2016.   Каментарыі: Адзін камэнтар.    Размешчана ў Культура, Свет тваіх захапленняў

Да запісу Адзін камэнтар

АРТЫКУЛ ВЕЛЬМІ ЦІКАВЫ, ЁН ПРАПАГАНДУЕ ЎМЕЛЬСТВА ЗЕМЛЯКОЎ , І ВАЖНА ТОЕ, ШТО ДА ГЭТАЙ СПРАВЫ ДАЛУЧАЮЦЦА ДЗЕЦІ. тАК ТРЫМАЦЬ!

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Жнівень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры   Царква ў Крывічах _06-040 від на Мядзел

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси